ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА ФРО́НТУ (са снеж. 1999 Партыя БНФ),
нац.-дэмакр. партыя правацэнтрысцкага кірунку. Створана ў маі 1993 на грунце Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Кіруючы орган паміж з’ездамі — сойм. Асн. мэта — ажыццяўленне праграмы Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» шляхам удзелу ў фарміраванні органаў дзярж. улады Рэспублікі Беларусь. Выступае за парламенцкую рэспубліку і прафес. парламент (сойм) як аснову прадстаўнічай дэмакратыі. Прыярытэты сац.-эканам. палітыкі партыі, паводле праграмных дакументаў: кожны чалавек павінен валодаць уласнасцю і распараджацца ёю, рынак, фермерская сельская гаспадарка, перавод у прыватны сектар большасці асн. фондаў вытв-сці. Выступае за незалежную бел. дзяржаву, адраджэнне бел.нац. культуры, мовы, традыцый, прапагандуе нац. ідэю. Знешняя стратэгія ўключае раўнапраўныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі, найперш з суседнімі, арыентацыю на падтрымку краін Захаду. На сак. 2001 партыя аб’ядноўвала каля 1800 чал., мела структуры ў абласцях і г. Мінск, сельскіх раёнах і гарадах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХІМО́ВІЧ (Віталь Міхайлавіч) (17.7. 1943, г. Разань, Расія — 15.1.1995),
бел. спартсмен (стралк. спорт). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1973). З 1978 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка). Чэмпіён свету ў камандным (6-разовы) і асабістым заліку (1970, г. Фінікс, ЗША; 1974, г. Тун, Швейцарыя), 7-разовы сярэбраны (1970, 1974) і бронз. (1970) прызёр у асобных практыкаваннях. 15-разовы чэмпіён Еўропы ў камандным заліку (1965, 1975, Бухарэст; 1969, г. Пльзень, Чэхаславакія; 1971, г. Зуль, Германія; 1972, Бялград; 1973, г. Лінц, Аўстрыя), 7-разовы сярэбраны (1965, 1969, 1971) і 3-разовы бронз. (1969, 1973) прызёр у асабістым заліку. 18-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку ў асобных практыкаваннях. Уладальнік абс. рэкордаў свету, Еўропы, СССР (1970, 1972) у асобных практыкаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.
Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦККП(б)Б Р.Б.Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн. задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛІХ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 13.2.1946, с. Мартыненка Кабяляцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Д-рэканам.н. (1993), праф. (2001). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1991). Скончыў Краснаярскі політэхн.ін-т (1971), Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1983).
З 1978 на Смаргонскім з-дзе аптычнага станкабудавання (з 1985 ген. дырэктар). Адзін з арганізатараў бел.гуманіт. гімназіі ў Смаргоні (1991). З 1994 ген. дырэктар Гуманіт. фонду СНД «Садружнасць». З 1998 у Бел.эканам. ун-це. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. акадэміі па інтэграцыі навукі, адукацыі, сацыякультуры, тэхналогіі і вытв-сці («Кантэнант»), яе ганаровы прэзідэнт. Навук. працы па праблемах развіцця сац. сферы, выкарыстання аперацыйна-эканам. механізмаў кіравання і павышэння эфектыўнасці вытв. працэсу на прадпрыемствах.
Тв.:
Социальная сфера: регион и предприятие. Мн., 1993;
Оперативное управление заводом. Мн., 1993;
Операционный менеджмент. Мн., 2001 (разам з А.І.Гоевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦІС (Вітольд Казіміравіч) (н. 22.2.1949, в. Парэчча Гродзенскага р-на),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Чл.-кар.Акад.агр. навук Беларусі (1999). Д-рс.-г.н., праф. (1998). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1971). З 1976 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це (з 1987 заг. кафедры, з 1991 прарэктар, з 1995 рэктар). Навук. працы па распрацоўцы рэцэптуры кармоў і кармавых дабавак для с.-г. жывёл, тэхналогіі вытв-сці комплексных кармавых дабавак, атрыманні мясц. натуральнай крыніцы бялковай, мінер. і вітаміннай сыравіны, павышэнні эфектыўнасці вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі.
Тв.:
Эффективность использования новой кормовой добавки в рационах свиней // Актуальные проблемы интенсивного развития животноводства. Горки, 1996;
Аммонизированный сапропель в рационах молодняка крупного рогатого скота // Зоотехническая наука Беларуси. Мн., 1996. Т. 32;
Озерные сапропели — в кормопроизводство // Животноводство Беларуси. 1998. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ХІРУРГІ́Я, аднаўленчая хірургія,
раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл.Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл.Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.
П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.С.Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.Б.Ешэ, Г.У.Кручынскі, У.М.Падгайскі, А.П.Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.