назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл.Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед.гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст.сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл.слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр.ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст.наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх.ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ (сапр.Рорых) Мікалай Канстанцінавіч
(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),
расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз.чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.Куінджы, у студыі Ф.Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.
Тв.:
Врата в будущее. Рига, 1991;
Нерушимое. Рига, 1991;
Твердыня Пламенная. Рига, 1991;
Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;
Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;
Знамя Мира. М., 1995;
Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;
Цветы Мории. Мн., 1997;
Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;
Алтай — Гималаи. М., 1999;
Шамбала. Мн. и др., 2000.
Літ.:
Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;
Н.К.Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст.М., 1978;
Держава Рериха. М., 1994;
Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн.Кн. 1. М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІПагадненне 1933 аб устанаўленні дыпламат. адносін, заключана 16 ліст. ў Вашынгтоне праз абмен нотамі. Пагадненне 1937 аб гандл. адносінах, заключана 4 жн. ў Маскве праз абмен нотамі; замяніла пагадненне аб гандл. узаемаадносінах 1935. Прадугледжвала, што ЗША прадаставяць СССР «безумоўны і неабмежаваны рэжым найбольш спрыяльнай нацыі» па ўсіх пытаннях, якія датычаць мытных пошлін, збораў, правіл і фармальнасцей, што маюць адносіны да ўвозу, продажу або выкарыстання ў ЗША сав. тавараў. Аналагічныя абавязкі ўзяў урад СССР. У гады 2-й сусв. вайны тавараабарот паміж СССР і ЗША рэгуляваўся гал. чынам пагадненнем ад 11.6.1942, а ў першыя пасляваен. гады — крэдытным пагадненнем ад 15.10.1945. У сувязі з разгортваннем «халоднай вайны» ўрад ЗША у пач. 1947 забараніў пастаўкі абсталявання ў СССР, а 23.6.1951 дэнансаваў пагадненне 1937. Пагадненне 1942 аб прынцыпах, якія могуць ужывацца да ўзаемнай дапамогі ў вядзенні вайны супраць агрэсіі, падпісана 11 чэрв. ў Вашынгтоне. Зыходзячы з прынцыпу, што абарона СССР супраць гітлераўскай агрэсіі мае жыццёва важнае значэнне для абароны ЗША, амер. ўрад абавязаўся забяспечваць СССР абароннымі матэрыяламі, абслугоўваннем і інфармацыяй. Сав. ўрад абавязаўся садзейнічаць абароне ЗША і заяўляў пра сваю гатоўнасць даваць ЗША матэрыялы, абслугоўванне, ільготы і інфармацыю. Гэта пагадненне завяршыла фарміраванне асн. ядра антыгітлераўскай кааліцыі, садзейнічала развіццю ленд-лізу. Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША,
падпісаны 29.5.1972 у Маскве. Дакумент зафіксаваў асн. прынцыпы сав.-амер. адносін. СССР і ЗША пагадзіліся, што ў ядз. век не існуе інш. асновы падтрымання адносін паміж імі, акрамя мірнага суіснавання. Абавязаліся рабіць усё магчымае, каб пазбягаць ваен. канфрантацый і не дапусціць узнікнення ядз. вайны, рэгуляваць рознагалоссі мірнымі сродкамі. СССР і ЗША заявілі аб сваім намеры расшырыць дагаворна-прававую базу сваіх узаемаадносін і прыкладаць намаганні, каб заключаныя паміж імі дагаворы і пагадненні ажыццяўляліся. Канчатковы вынік сваіх намаганняў СССР і ЗША бачаць у вырашэнні праблемы ўсеагульнага і поўнага раззбраення і ў забеспячэнні эфектыўнай сістэмы міжнар. бяспекі ў адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. СССР і ЗША заявілі, што яны прызнаюць суверэнную роўнасць усіх дзяржаў, падкрэслілі, што развіццё сав.-амер. адносін не накіравана супраць трэціх дзяржаў і іх інтарэсаў. Дагавор 1972 пра абмежаванне сістэм проціракетнай абароны, падпісаны 26 мая ў Маскве. СССР і ЗША абавязаліся: абмежаваць размяшчэнне сістэм проціракетнай абароны (ПРА) пэўнымі раёнамі, у якіх павінна быць не больш як 100 пускавых установак проціракет і не больш як 100 проціракет на стартавых пазіцыях; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць сістэм ці кампанентаў ПРА марскога, паветр., касм. ці мабільна-наземнага базіравання; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць пускавых установак проціракет, кожная з якіх пускае адначасова больш як адну проціракету; не перадаваць інш. дзяржавам і не размяшчаць па-за сваёй тэрыторыяй сістэмы ПРА і іх кампаненты, абмежаваныя гэтым дагаворам. Пратакол да пагаднення (падпісаны 3.7.1974; набыў сілу 24.5.1976) удакладніў, што кожны бок будзе мець толькі 1 раён размяшчэння ПРА.
Да важнейшых пагадненняў і дагавораў, заключаных паміж СССР і ЗША, таксама адносяцца: Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963; пагадненне 1973 аб прадухіленні ядз. вайны; дагавор 1974 аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядз. зброі; дагавор 1979 аб абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў; пагадненне 1973 аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання Сусветнага акіяна; пагадненне 1973 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне навук. даследаванняў у распрацоўках штучнага сэрца; доўгатэрміновае пагадненне 1974 аб садзейнічанні эканам., прамысл. і тэхн. супрацоўніцтву; агульнае пагадненне 1985 аб кантактах, абменах і супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і ў інш. галінах, гандл. пагадненні і інш. Праводзіліся таксама сав.-амер. перагаворы пра абмежаванне і скарачэнне стратэг. узбраенняў, пра абмежаванне ядз. узбраенняў у Еўропе, пра забарону хім. зброі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ВА-ПА́РКАВАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва фарміравання садоў, паркаў і інш. азялененых участкаў гарманічным спалучэннем прыродных і арх. элементаў (рэльеф, вадаёмы, дрэвы, кусты, кветкі, пляцоўкі, розныя збудаванні, скульптура). У працэсе яго развіцця пад, эстэт. поглядаў выпрацаваны разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія ўмоўна зводзяцца да 2 асн. прынцыпаў — рэгулярнага парку (геам.) і пейзажнага парку (маляўнічага, імітуе прыродны ландшафт). Існуюць паркі і мяшанага тыпу.
Вядома са старажытнасці. Асн. прыёмы С.-п.м. склаліся ў 16—18 ст. у Зах. Еўропе. У эпоху Адраджэння ў Італіі паявіліся рэгулярныя сады, якія ўяўлялі сабой сістэму эфектных перспектыў і размяшчаліся на тэрасах з падпорнымі сценкамі, манум. лесвіцамі, скульптурай, каскадамі, фантанамі. Рацыяналістычныя прынцыпы, якія пераважалі ў мастацтве Францыі 17 ст., увасобіліся ў строга геам. планіроўцы рэгулярных («французскіх») паркаў. У сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе ўзніклі свабодна распланаваныя пейзажныя паркі (Вялікабрытанія, Францыя) Першыя стараж.-рус. сады вядомы ў 12 ст. У 17 ст. ў Маскве дэкар. афармленнем вылучаліся т.зв. вярховыя («красныя») сады ў верхніх паверхах будынкаў (сады Крамлёўскага палаца); існавалі рэгулярныя сады ў загарадных сядзібах, для іх характэрна спалучэнне дэкар. якасцей з утылітарнымі (пладовыя насаджэнні). У 18 ст. створаны палацава-паркавыя ансамблі ў гарадах Петрадварэц, Пушкін, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя паркі), пейзажныя паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках (Масква), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна). С.-п.м. канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца эклектызмам (ствараліся садова-паркавыя кампазіцыі тыпу яп. садоў, іспана-маўрытанскага патыо, альпійскай горкі). У 20 ст. з’явіліся новыя віды садоў і паркаў (спарт. паркі, паркі-выстаўкі, нац., прыродныя, гіст., дзіцячыя паркі, «сады на дахах» і інш.). Для масавага адпачынку ствараюцца вял.гар. паркі. Выкарыстоўваюцца новыя кампазіцыйныя прыёмы, заснаваныя на функцыян. заніраванні тэр. паркаў, вылучэнні ў іх аб’ектаў відовішчна-масавага, культ.-асв., спарт. і інш. прызначэння. С.-п.м. развіваецца і ў працэсе спецыялізацыі паркаў і садоў рознага функцыян. прызначэння — дзіцячых, спарт., выставачных, бат., заал., мемар. і інш. Пераважаюць свабодныя пейзажныя кампазіцыі. засн. на маст. інтэрпрэтацыі прыродных ландшафтаў, з уключэннем рэгулярна распланаваных частак.
На Беларусі лепшымі ўзорамі С.-п.м з’яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, паркі ў вёсках Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Забалацце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш. (рэгулярныя), паркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Столінскай сядзібы «Манькавічы», Лагойскага палацава-паркавага ансамбля, Савейкаўскі парк і інш. (пейзажныя). Характэрныя рысы С.-п.м. 2-й пал. 20 ст. — спалучэнне дакладнай планіровачнай схемы са свабоднай формай пасадак і кветкавага афармлення. З развіццём горадабудаўніцтва пашырыліся задачы па фарміраванні водна-зялёных сістэм, арх.-ландшафтнай арг-цыі адкрытых (незабудаваных) прастораў. Гэтыя задачы вырашаюцца галіной арх.-горадабуд. творчасці — ландшафтнай архітэктурай. У галіне С.-п.м. працуюць арх. Л.Белякова, Дз.Герашчанка, М.Жлоба, Л.Калініна, Г.Патаеў, І.Рудэнка, А.Сычова, І.Шпіт, В.Шыльнікоўская, Б.Юрцін і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сад.
Літ.:
Памятники природы Белоруссии. Мн., 1970;
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Архитектурная композиция садов и парков. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл.Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл.Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш.маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.
Публ.:
Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд.Мн., 1985. С. 202—310;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;
галіна ваенна-інжынернай справы, якая займаецца тэорыяй і практыкай будаўніцтва фартыфікацыйных аб’ектаў, іх выкарыстаннем у мірны і ваенны час. Ф. падзяляецца на вайск. (палявую, або часовую) і доўгатэрміновую. Вайсковая Ф. распрацоўвае пытанні (звычайна ў ваен. час) абсталявання пазіцый, палос, рубяжоў абароны і інш.фартыфікацыйных збудаванняў, доўгатэрміновая — займаецца фартыфікацыйным абсталяваннем тэатра ваен. дзеянняў і тэр. краіны (у мірны і ваен. час).
Абарончыя ўмацаванні вядомы з глыбокай старажытнасці. Са з’яўленнем дзяржаў і армій яны выкарыстоўваліся для забеспячэння баявых дзеянняў войск і абароны населеных пунктаў. З развіццём ваен. майстэрства, ваен. і буд. тэхнікі ўмацаванні ўдасканальваліся: ствараліся крэпасці з дрэваземлянымі і мураванымі сценамі. Больш складаныя ўмацаванні будавалі вакол нас. пунктаў ці ўздоўж дзярж. граніцы; з іхнайб. вядомыя рымскія валы, Вялікая кітайская сцяна і інш. Для абароны войск у палявых умовах ствараліся палявыя ўмацаванні (гл.Лагер, Лагер рымскі, Умацаваны лагер). У 10—11 ст. гарады Еўропы, у т. л. Беларусі, мелі розныя ўмацаванні. якія ў 11—12 ст. сталі больш дасканалымі: апрача земляных валоў і равоў узводзілі зрубы, вежы (баявыя, вартавыя), умацаваныя брамы і інш. У 13 ст. на бел. землях пачалі будаваць мураваныя вежы-данжоны (у Брэсце, Камянцы. Навагрудку, Тураве, Гродне, Полацку, Шклове), амаль адначасова ў сувязі з нападамі на бел. землі крыжакоў (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.) узводзіліся мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гродне. З 15 ст. ў ВКЛ пачалося будаўніцтва прыватных замкаў, пераважна драўляных крэпасцей (каля 40). Некат. магнаты і ваяводы будавалі мураваныя замкі (у Міры, Геранёнах. Любчы, Іказні. Гайцюнішках).
З 16 ст. на землях Беларусі сталі ўзводзіць бастыённыя замкі, у буд-ве якіх увасобіліся перадавыя ідэі еўрап.ваен. інжынераў [Нясвіж, Заслаўе, Слуцк, Ляхавічы, Гальшаны, Каралін, Жабер (Драгічынскі р-н), Маладзечна, Высокае, Мядзел]. Развіццё Ф. ў ВКЛ, Расіі, ЗША і інш. краінах у 18—20 ст. звязана з імёнамі вядомых ваен. інжынераў Я.Ясінскага (стваральнік Корпуса інжынераў літоўскіх), Т.Касцюшкі (стваральнік найвялікшых цытадэлей і Ф. у ЗША), К.І.Вялічкі (аўтар праектаў умацаванняў Петраграда, Уладзівастока і інш.; з 1910 гал.рэд.ваен. энцыклапедыі), К.А.Шыльдэра, Э.І.Татлебена, Н.А.Буйніцкага, А.З.Целякоўскага, Дз.М.Карбышава і інш. Да пач. 20 ст.асн. сродкам умацавання мясцовасці былі крэпасці (гл.Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць). З’яўленне масавых армій, узброеных магутнай артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, хім. сродкамі і інш., патрабавала стварэння сістэмы суцэльных умацаваных ліній (палос; гл.«Мажыно лінія»; «Манергейма лінія»; у СССР — т.зв. «Лінія Сталіна» і «Лінія Молатава»), якія часткова былі пабудаваны або будаваліся ў 1920 — пач. 40-х г. (гл.Умацаваны раён). Пасля 2-й сусв. вайны прыкрыццё дзярж. граніцы выконвалі ў асн. агульнавайск. часці і злучэнні, таму характар і формы абсталяваных пазіцый у прыгранічнай паласе былі блізкія да вайск. (палявой) абароны. З сярэдзіны 20 ст. ў сувязі з распрацоўкай манеўраных аперацый з выкарыстаннем ядз. зброі і інш. сучасных узбраенняў, скарачэннем часу на падрыхтоўку баявых дзеянняў войск, фартыфікацыйныя збудаванні набылі новыя якасці: яны сталі высокатранспартабельныя, шматразовага выкарыстання, маюць высокія ахоўныя магчымасці ад сродкаў паражэння, хутка ўзводзяцца і інш.
Літ.:
Карбышев Д.М. Избранные научные труды. М., 1962;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Чекалин В.С., Варенышев Б.В. Фортификационное оборудование местности. М., 1974;
Шперк В.Ф. История фортификации. М., 1957;
Кумпф В. Организация Тодта в войне // Итоги Второй мировой войны: Пер. с нем. СПб.;
М., 1998;
Rawski T. Kościuszko — wódz // Studia materjały do historii wojskowości. Warszawa, 1968. T. 14, cz. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕХАНАВЕ́ЦКІЯ (у 15—16 ст.Цеханоўскія),
магнацкі род герба «Дамброва» ў ВКЛ. Радаслоўную вядуць ад Мацея (Мацкі) Пашкавіча Струмілы, намесніка медніцкага ў 1497, саўладальніка Дмошына і Цеханаўца на Падляшшы (адсюль прозвішча), старэйшага брата родапачынальніка Кішкаў Пятра Пашкавіча Струмілы-Цеханавецкага Кішкі. У 18—20 ст. некаторыя прадстаўнікі роду ўжывалі графскі тытул (у 1975 прызнаны за бачэйкаўскай галіной роду ў Італіі, пасля ў Мальтыйскім ордэне). У 15 ст. род валодаў маёнткамі на Падляшшы і ў Мельніцкай воласці, з 1-й пал. 16 ст.іхасн. ўладанні знаходзіліся ва ўсх. Беларусі: Мсціслаўскім і Полацкім ваяв., Віцебскім і Аршанскім пав.Найб. вядомыя:
Нікадзім Янавіч (?—1549), падстолі ВКЛ прыкладна з 1536, адначасова маршалак гаспадарскі з 1546, дзяржаўца крэўскі, староста мельніцкі і ласіцкі, пасол у Маскву ў 1536 і 1541, камісар пры размежаванні Себежскага пав. з Расіяй у 1546. Андрэй Нікадзімавіч (?—паміж 1594 і 1596), сын Нікадзіма Янавіча, першы ў родзе ўладальнік маёнтка Бачэйкава ў Полацкім ваяв. — аднаго з асн. родавых гнёздаў Ц. да 20 ст.Станіслаў Андрэевіч (паміж 1562 і 1565—98), сын Андрэя Нікадзімавіча. Стольнік аршанскі, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1593 і 1596. Крыштоф Станіслававіч (?—1655), сын Станіслава Андрэевіча. Староста мсціслаўскі каля 1650—52, кашталян мсціслаўскі ў 1653—55, ваявода мінскі ў 1655. Мікалай Валяр’ян (?—1672), сын Крыштофа Станіслававіча. Староста мсціслаўскі з 1652 і опсаўскі, ваявода мсціслаўскі з 1659. 4 разы выбіраўся маршалкам Трыбунала ВКЛ. Альбрыхт Канстанцін (?—12.6.1675), сын Крыштофа Станіслававіча. Староста опсаўскі і аршанскі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 палкоўнік, у 1663 часова камандаваў войскамі ВКЛ, абозны ВКЛ з 1664. Аляксей (Аляксандр?) Хрыстафоравіч. У 1656 выехаў на службу ў Расію, дзе прыняў праваслаўе. У 1664—66 ваявода мезенскі і кеўрольскі. Юзаф (1741 або 1748 — паміж 1801 і 1804), сын Фелікса Нікадзіма. Ген.-ад’ютант ВКЛ (1770), сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у С.-Пецярбургу (да 1773). У маёнтку Бачэйкава пабудаваў палац (каля 1769) і школу для сял. дзяцей. Ян Непамуцэн Мартынавіч (?—1808), маршалак дваранства Беларускай губ. ў 1796—97 і 1801, Віцебскай губ. ў 1806—08, правадз. стацкі саветнік. Станіслаў Іосіфавіч (каля 1783—30.8.1848), сын Юзафа. Маршалак дваранства Чавускага пав., адзін з буйнейшых землеўладальнікаў усх. Беларусі. Фелікс Хрыстафоравіч (каля 1784—24.4.1851), ротмістр, у 1820—25 маршалак дваранства Віцебскай губ.Антон Эдмунд Станіслававіч (1816—6.11.1878), сын Станіслава Іосіфавіча. Маршалак дваранства Чавускага пав. ў 1857—63. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір, з 1867 у эміграцыі. Ігнат Феліксавіч (15.3.1815, г. Цярэспаль Люблінскага ваяв. — да 1894). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання ў Горках (з жонкай Ізабелай) у 1863 сасланы ў Сібір, вернуты па амністыі. Станіслаў Аляксандр Канстанцін Эмануэль Іосіфавіч (Паўлавіч; 18.12.1853, в. Бачэйкава — 5.1.1918), правадз. стацкі саветнік, дыпламат, з 1908 ген. консул у Марселі. Баляслаў Станіслаў Іосіф Альберт Іосіфавіч (Паўлавіч; 17.3.1857, в. Гопчыца — 3.3.1910), правадз. стацкі саветнік, з 1905 уфімскі губернатар. Уладзіслаў Міхал Стафан Эмануэль Іосіфавіч (Паўлавіч; 25.11.1860, в. Гопчыца — 23.4.1910), правадз. стацкі саветнік, гісторык, краязнавец, аўтар гісторыі 18-га Клясціцкага драгунскага палка (1886) і гісторыі маёнтка Бачэйкава (1905). Ежы Станіслаў (4.4.1893, Варшава — 6.4.1930), сын Уладзіслава, апошні ўладальнік Бачэйкава, польскі дыпламат.
Прозвішча Ц. з 1-й пал. 16 ст. насілі ў Польшчы нашчадкі Ганны Станіславаўны, унучкі Мацея Пашкавіча, ад шлюбу з шляхціцам Янам Угрынам-Швейкам герба «Тшаска», якія валодалі часткай Цеханоўца і прынялі герб «Дамброва». Дробнамаянтковы род Ц. (першапачаткова Цеханоўскія, Ціханоўскія) герба «Дамброва» вядомы ў Мсціслаўскім ваяв. (пасля ў Магілёўскай губ.), іх роднасць з магнацкай сям’ёй не даказана.
Літ.:
Цехановецкий В.П. Хроника одного поместья: Бочейково. Витебск, 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна транспартнага машынабудавання, прадпрыемствы якога займаюцца вытворчасцю рухомага саставу для чыгункі (лакаматывы, электравозы, вагоны, абсталяванне для іх рамонту).
Лакаматывабудаванне пачалося ў Вялікабрытаніі, дзе ў 1823 пачаў працаваць першы ў свеце паравозабуд. з-д. У Расіі першыя серыйныя паравозы выпусцілі ў 1840-я г. на Аляксандраўскім заводзе ў Пецярбургу. У 1860—1900-я г. рухомыя саставы для чыгунак выраблялі Каломенскі, Неўскі, Людзінаўскі, Воткінскі, Брагінскі, Пуцілаўскі, Сормаўскі, Харкаўскі, Луганскі паравозабуд., вагоны — Верхняволжскі, Мыцішчынскі і інш. з-ды. У СССР першы манеўровы цеплавоз пабудаваны ў 1924, электравоз — у 1932. З 1956 вытв-сць паравозаў у СССР пачала паўсюдна спыняцца, з-ды перайшлі на выпуск цеплавозаў і электравозаў. Ч.м. на тэр. СНД найб. развіта ў Расіі і Украіне. У Расіі пасажырскія, манеўровыя і прамысл. цеплавозы вырабляюць у Каломне, Мураме, Людзінаве, Бранску, Ніжнім Тагіле, Барнауле; электравозы — у Новачаркаску; грузавыя вагоны — у Ніжнім Тагіле, Алгайску, Абакане, Калінінградзе; пасаж. вагоны — у Цверы і С.-Пецярбургу; вагоны для метро — у Мыцішчах і С.-Пецярбургу; двух’ярусныя вагоны для перавозкі легкавых аўтамабіляў — у Цверы; ізатэрмічныя вагоны — у Бранску. На Украіне магістральныя грузавыя цеплавозы выпускае Луганскі з-д; электравозы для вывазкі руды з кар’ераў — Днепрапятроўскі з-д, грузавыя магістральныя вагоны — з-ды ў Крукаве, Днепрадзяржынску, Марыупалі (цыстэрны і паўвагоны). З-д па вытв-сці электравозаў працуе ў Тбілісі. З 1990 у сусв. Ч.м. вядуцца работы па праектаванні і стварэнні новых тыпаў лакаматываў і вагонаў. У Расіі з-д «Трансмаш» (г. Ціхвін) у 1993 выпусціў высокаскарасны (да 250 км/гадз) электрацягнік «Сокал». На Людзінаўскім цеплавозабуд. з-дзе сумесна з Цвярскім вагонабуд. з-дам у 2000 створаны доследны ўзор дызель-цягніка на 1100 пасажыраў, сумесна з карпарацыяй «Джэнерал мотарс» (ЗША) у 2001 — аднасекцыйны 8-восевы цеплавоз серыі ТЭРА-І з дызелем магутнасцю 4150 к.с. і макс. скорасцю 100 км/гадз. На з-дзе «Метровагонмаш» (г. Мыцішчы) у 2000 пабудаваны сучасны метроэкспрэс «Яўза», на Дземіхоўскім машынабуд. з-дае ў 2001 — прынцыпова новы тып электрацягніка — экспрэс ЭД-6 з асінхронным цягавым рухавіком магутнасцю 8000 кВт і інш. Сярод зах. фірм, якія выпускаюць чыг. рухомы састаў, найб. вядомыя: «Джэнерал мотарс» (ЗША), «Бомбардзье» (Канада), «Альстам» (Францыя), «АДтранц» (Швейцарыя), «Сіменс» (Германія) і інш., якія маюць свае з-ды ў многіх краінах Еўропы, Амерыкі і Азіі. У лакаматыўным парку гэтых фірм пераважаюць скарасныя (140, 160, 250 км/гадз) грузавыя і пасаж. электравозы (4200—6000 кВт), дызель-цягнікі (1650—3000 кВт), цеплавозы магутнасцю да 4000 к.с. і інш. У 2000 фірма «Бомбардзье» выпусціла доследны ўзор газатурбавоза магутнасцю 5000 к.с.
На Беларускай чыгунцы эксплуатуюцца пераважна дызель-цягнікі Рыжскага і Дземіхоўскага з-даў, цеплавозы Ніжнетагільскага, Барнаульскага, Каломенскага, Бранскага і інш. з-даў, электравозы з Новачаркаска, пасаж. вагоны з Цверы, паязды метрапалітэна з Мыцішчанскага і Пецярб. з-даў. На Беларусі да спецыялізаваных прадпрыемстваў Ч.м. адносяцца Гомельскі вагонарамонтны завод (займаецца рамонтам і пераабсталяваннем вагонаў, выпускае запчасткі да іх) і Мінскі вагонарамонтны завод (ажыццяўляе рамонт пасаж. вагонаў, фарміраванне колавых пар для грузавых і пасаж. цягнікоў). На Магілёўскім рэгенератарным з-дзе вырабляюць запчасткі для рухомага саставу чыгунак, у Гомелі — абсталяванне для рамонту чыг. пуцей, мацаванні для рэльсаў рэек*. У Баранавіцкім дэпо рамантуюць электравозы Вл-80 і электрацягнікі ЭР-9, у Лідскім — дызель-цягнікі ДР-І і прамысл. цеплавозы ТГМ, у Ваўкавыскім і Брэсцкім — цеплавозы М62, у Жлобінскім — цеплавозы 2ТЭ10 і ЧМЭЗ, у Аршанскім — цеплавозы ТЭП 70, у Віцебскім — цеплавозы 2ТЭ10, ТЭЛ60, М62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ ПАХО́Д У ЗАХО́ДНЮЮ БЕЛАРУ́СЬ І ЗАХО́ДНЮЮ УКРАІ́НУ 1939,
увод сав. войск на тэр.Заходняй Беларусі і Зах. Украіны, які пачаўся 17.9.1939 і паклаў пачатак іх уз’яднанню з СССР. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.-бел. і зах.-ўкр. землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. У ходзе польскай кампаніі 1939герм. войскі акупіравалі большую частку тэр. Польшчы (да 16 вер. акружылі Варшаву). У гэтых умовах сав. ўрад прыняў рашэнне «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», як было сказана ў ноце польскаму паслу ў Маскве 17.9.1939. Для гэтага на базе Бел. і Кіеўскай ваен. акруг былі створаны франты: Бел. (4 арміі, конна-механізаваная група і асобны стралк. корпус; камандуючы камандарм 2-га рангу М.П.Кавалёў) і Укр. (3 арміі; каманд. камандарм 1-га рангу С.К.Цімашэнка). На Палессі па Прыпяці на З рухалася Дняпроўская ваенная флатылія (перасекла граніцу 18 вер.). Ім процістаялі нязначныя польскія сілы (найб. баяздольнай была аператыўная група «Палессе» пад камандаваннем ген. Ф.Клеберга з 17 тыс.чал., з іх толькі палавіна ўзброена). Часцям Чырв. Арміі загадвалася быць лаяльнымі да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць супраціўлення. СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, урад Польшчы таксама прызнаў, што стану вайны з СССР не існуе. Вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіл Польшчы маршал Э.Рыдз-Сміглы 17 вер. загадаў польскім войскам: «з Саветамі не ваяваць, у бой не ўступаць, за выключэннем, калі яны будуць атакаваць ці спрабаваць раззброіць нашы часці...» Таму маштабных баявых дзеянняў паміж польскімі і сав. войскамі фактычна не было. Паводле польскіх крыніц, адбылося каля 40 выпадкаў супраціўлення пагран. патрулёў, а таксама баявыя сутычкі пад Кобрынам, Гроднам, Вільняй, Сапоцкінам і інш.Найб. упартыя баі разгарнуліся 20—21 вер. ў Гродне, дзе 15-ы танк. корпус толькі 20 вер. страціў 16 танкаў, 3 бронемашыны, 47 чал. было забіта і 156 паранена. У выніку паходу сав. войскі занялі тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны да абумоўленай з ням. кіраўніцтвам мяжы (паводле сав.-герм. камюніке ад 22 вер. дэмаркацыйная лінія паміж сав. і герм. войскамі праходзіла па рэках Піса, Нараў, Буг, Вісла і Сан, г.зн. на З ад «Керзана лініі», што было агаворана ў сакрэтным пратаколе ад 23.8.1939 да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939). Аднак гэта мяжа праіснавала толькі тыдзень. Паводле сакрэтнага дадатковага пратакола да дагавора аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28.9.1939 (гл.Савецка-германскія пагадненні), усх. частка Варшаўскага і Люблінскае ваяводства адыходзілі да Германіі ў абмен на Літву, якая з гэтага часу стала сферай уплыву СССР. Беззваротныя страты Бел. і Укр. франтоў склалі 1475 чал. З 17 па 30 вер. войскі Бел. фронту інтэрніравалі і раззброілі 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод якіх 2066 афіцэраў. У выніку паходу зах. граніца СССР была адсунута на З на 400 км. Гл. таксама Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Віленскі край, Украіна.
Літ.:
Антосяк А.В. Освобождение Западной Украины и Западной Белоруссии // Воен.-ист. журн. 1989. № 9;
Марков А.Д. Военно-политические аспекты присоединения к СССР Западной Украины и Западной Белоруссии // Великая Отечественная война в оценке молодых. М., 1997;
Третьяк С. Воссоединение Белоруссии // Армия. 1999. № 5;
Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;
Ладысеў У.Ф. Падзеі верасня—кастрычніка 1939 г. ў лёсе беларускага народа // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны: Воен.-полит. противостояние, 1918—1939 гг.М., 2001.