А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.​Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x_. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_______ , x ↓ y = x ⋁ y_______ , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ГЕР ((Gloger) Зыгмунт) (3.11.1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15.8.1910),

польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Скончыў Кракаўскі ун-т (1870). З 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фалькл.-этнагр. і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве. Асн. працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў бел. матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зб. фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у арт. «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш. Бел. матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кн. «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «З-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Буга», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне. Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вял. музейную калекцыю археал., этнагр., археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся бел. матэрыялы са збораў М.​Федароўскага, А.​Кіркора, Я. і К.​Тышкевічаў, А.​Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1—4, 1900—03, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія бел. матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.

Тв.:

Notatki archeologiczne Michala Federowskiego z okolic Słonuma. Kurhany pod Wiszowem. Warszawa, 1882.

Літ.:

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Federowski M. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1912;

Syska H. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1963;

Zygmunt Gloger — badacz przeszłości ziemi ojczystej. Warszawa, 1978;

Komorowska T. Gloger: Opowieść biograficzna. Warszawa, 1985.

І.​У.​Саламевіч.

З.Глогер.

т. 5, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),

друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.

У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн. экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.

І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас. АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Люблинский В.С. Научное значение инкунабулов // Каталог инкунабулов. М.; Л., 1963;

Инвентарь инкунабулов. Вып. 1—5. М., 1939—85.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, пераважна ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (дзе наз. Заір), часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўж. 4320 км (ад вытоку р. Луалаба), пл. бас. 3,7 млн. км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля р. Амазонка). Вытокі на ПдУ Дэмакр. Рэспублікі Конга на плато каля мяжы з Замбіяй, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Банана. Верхняе цячэнне (да вадаспада Баёма) па пласкагор’ях і плато, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні (ад вадаспада Баёма да г. Кіншаса) у межах упадзіны Конга — раўнінная рака з шырокай далінай (да 20 км), падзяляецца на рукавы і пратокі. Ніжняе цячэнне (ад г. Кіншаса да вусця) пераважна ў глыбокай цясніне па Паўд.-Гвінейскім узв., шмат парогаў і вадаспадаў (Лівінгстана і інш.). Каля г. Матады К. выходзіць на вузкую прыморскую нізіну, рэчышча шыр. да 1,5 км. Каля г. Бома пачынаецца эстуарый. Гал. прытокі: Арувімі, Убангі, Санга (справа), Ламамі, Лулонга, Рукі, Касаі (злева). Да бас. К. належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і інш. Жыўленне дажджавое. Макс. паводкі ў вярхоўях у ліст.—студз., у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі—чэрв. і ліст.—студзені. Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс. м³/с. Вял. масы вады, якія К. выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 км ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн. т за год. Значныя запасы гідраэнергіі (каля 390 ГВт). Вял. 1 ЭС — Нзіла, Нсеке (на р. Луалаба), Інга (у ніжнім цячэнні). Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец і інш.). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў у бас. К. каля 20 тыс. км. Уласна К. (укл. Луалабу) суднаходная на б. ч. цячэння за выключэннем парожыстых участкаў, у абход якіх пабудаваны чыгункі. Ніжэй г. Матады заходзяць акіянскія судны. Гал. рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакр. Рэспубліка Конга).

Рака Конга ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),

сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл. Дыялектызм), устарэлую (гл. Архаізм, гістарызм), новую (гл. Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл. Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл. Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт. Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.​Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я РЭ́КІ,

невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс. км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.

Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.

І.​Я.​Афнагель.

Да арт. Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГАРЭІ́ЗМ,

філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст. н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​Л.​Адула.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)