БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),
украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛАК ((Vallak) Пээт) (сапр. Педаяс Пеэтэр; 23.6.1893, вол. Валцвяціс Пярнускага р-на, Эстонія — 17.3.1959),
эстонскі пісьменнік. Майстар навелы. Вучыўся жывапісу ў Тарту і Пецярбургу. Друкаваўся з 1908. Першая кніга — камедыя «Кашмары» (1924). У кнігах навел (усіх 9) «Чорны крыж» (1925), «Бунт мазгоў» (1926), «Самасуд» (1932), «Справы навыварат» (1935) і інш., рамане «Бадзяга» (1927) — паўсядзённая рэчаіснасць, жыццё і характары абяздоленых людзей тагачаснай Эстоніі, напружаны драматызм, спалучэнне элементаў фантастыкі і рэалізму.
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1968;
Повести и рассказы. Л., 1984.
т. 3, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬБЕРХ (Іван Іванавіч) (14.7.1766, Масква — 26.7.1819),
рускі танцоўшчык, першы рус. балетмайстар, педагог. Прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1786), выкладаў у ёй (з 1794). З 1786 саліст Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, выконваў пантамімныя партыі: Ясон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» Д.Штэйбельта). Паставіў 37 (1-ы — «Шчаслівае пакаянне», 1795) і ўзнавіў 10 балетаў інш. харэографаў. Працаваў у традыцыях дзейснага балета 18 ст. Адбіраў для імператарскіх т-раў лепшых танцоўшчыкаў з прыватнаўласніцкіх труп (у т. л. 14 салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча).
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,
штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».
т. 4, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),
бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.
т. 4, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн. аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл. гл. да арт. Вілейка.
т. 4, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОЕ́ННО-ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
часопіс Ген. штаба Узбр. Сіл Расіі. Выходзіць з 1939 у Маскве на рус. мове штомесяц. У 1939—40 орган Нар. камісарыята абароны СССР, у студз.—ліп. 1941 — Ген. штаба РСЧА; з пач. Айч. вайны выданне спынена, адноўлена ў 1959. Да 1991 орган Мін-ва абароны СССР. Друкуе артыкулы, дакументы і матэрыялы па гісторыі рас. і сав. ваен. майстэрства, успаміны палкаводцаў (флатаводцаў) і военачальнікаў (у т. л. па гісторыі рас. палкоў, Вял. Айч. вайны 1941—45), рэцэнзіі, навук. інфармацыю і інш.
т. 4, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БСАН ((Gibson) Эдуард) (н. 8.11.1936, г. Буфала, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Рачэстэрскі ун-т (1959). Вёў даследчую работу ў галіне тэорыі рэактыўнага руху, фізікі плазмы і фізікі Сонца. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973 — 8.2.1974 з Дж.Карам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 17 мін). Правёў у космасе 84,1 сут. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
Тв.:
Рус. пер. — Спокойное Солнце. М., 1977.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы I. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус. пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл. з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШАКО́Ў (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)