ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.
Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст. англ. філосаф Дж.Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.
Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДА (Міхаіл) (? — чэрв. 1586),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Павел Аўрамавіч) (13.11.1897, в. Красноўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.2.1975),
бел. рэжысёр, драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). У 1930—36 працаваў у БДТ-1 (Бел. т-р імя Я.Купалы), адначасова заг. (1932—33), маст. кіраўнік (1935—36), выкладчык (1936—38) студый т-ра. Сярод пастановак: «Герой» Я.Рамановіча, «Мядзведзь» А.Чэхава, «Агаціна цялушка» (па сваёй п’есе; усе 1933), «Сімфонія гневу» В.Шашалевіча (1935, разам з Л.Літвінавым). Адыграў значную ролю ў дзейнасці калг.-саўгасных т-раў Беларусі. Маст. кіраўнік т-раў: Барысаўскага (1936—38) і Заслаўскага (1938—39) калг.-саўгасных, Пінскага абл. драм. (1939—41). Найб. значныя пастаноўкі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Сваты» І.Гурскага, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні. У 1947—63 гал. рэжысёр Бел. радыё. Аўтар п’ес «Лявоніха» (1960), «Дзівосы на калёсах» (1961) і інш., інсцэніровак для радыё.
т. 6, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.
т. 6, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.
т. 6, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЭМІ́Я (ад гіпер... + грэч. haima кроў),
павелічэнне крованапаўнення органа ці тканкі. Адрозніваюць гіперэмію артэрыяльную і вянозную.
Артэрыяльная (актыўная) гіперэмія бывае пры ўзмоцненым прытоку крыві на расшыраных сасудах. Прычыны: павышаная адчувальнасць сасудаў да фізіял. Раздражняльнікаў, уплыў надзвычайных раздражняльнікаў (бактэрыяльныя таксіны, высокая т-ра, прадукты тканкавага распаду і інш.); у чалавека вял. ролю маюць псіхагенныя фактары (сарамлівасць, гнеў і інш.). Прыкметы: расшырэнне дробных сасудаў, павелічэнне іх колькасці і пульсацыі, пачырваненне (напр., гіперэмія твару), павышэнне мясц. крывянога ціску, абмену рэчываў, мясц. т-ры, паскарэнне плыні крыві, узмацненне лімфазвароту і інш. Пры паталаг. зменах у сасудах пры артэрыяльнай гіперэміі можа быць кровазліццё. Вянозная (пасіўная, застойная) гіперэмія бывае пры парушэнні адтоку крыві па венах пры нязменным прытоку ў выніку сціскання вянознай сценкі (рубец, пухліна, варыкознае расшырэнне вен, ацёк і інш.), аслабленай сардэчнай дзейнасці. Характарызуецца запаволеннем плыні крыві (да поўнага яе спынення). Развіваецца кіслароднае галаданне тканак, павышаецца пранікальнасць сасудзістай сценкі, утвараецца ацёк. Працяглы застой крыві і ацёк могуць прывесці да атрафіі парэнхімы органа.
А.С.Лявонава.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),
французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б. ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Д’Аламбера. У гал. філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1963.
т. 5, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬФАНД (Аляксандр Лазаравіч) (псеўд. Парвус; 1869, г. Беразіно Мінскай вобл. — 1924),
дзеяч рас. і герм. рэв. руху. Скончыў Базельскі ун-т (1891). З 1886 у эміграцыі ў Германіі і Швейцарыі. Прымыкаў да левага крыла герм. сацыял-дэмакратыі, крытыкаваў погляды Э.Бернштэйна. З 1900 прымаў удзел у выданні газ. «Искра». З 1903 меншавік. У 1905 прыбыў у Расію, быў адным з кіраўнікоў Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, асуджаны на 3 гады высылкі. Пасля ўцёкаў жыў у Германіі, Турцыі. У 1-ю сусв. вайну выступаў за перамогу Германіі, падтрымліваў сувязі з герм. Ген. штабам. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 не атрымаў дазволу вярнуцца ў Расію. Пасля 1918 адышоў ад паліт. дзейнасці, арганізаваў у Германіі Ін-т па вывучэнні сусв. вайны. Адзін са стваральнікаў тэорыі «перманентнай рэвалюцыі». Адмоўную характарыстыку Гельфанда як паліт. авантурыста і махінатара даў М.Горкі ў нарысе «У.І.Ленін» і А.І.Салжаніцын у рамане «Ленін у Цюрыху».
Э.А.Ліпецкі.
т. 5, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),
дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.Гімлер (1934—39) і Г.Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.
т. 5, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні
(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),
потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 6, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)