ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,

лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.

Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.​Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.​Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.​Л.​Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.​Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.​Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс. м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.​І.​Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.​Э.​Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.​Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс. м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс. м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян. інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.​Пікар і М.​Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс. м, у 1934—22 тыс. м. У Вял. Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.

Літ.:

Жуковский Н.Е. Собр. соч. Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;

Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;

Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.​Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.

П. ўзнікла каля 4—3 тыс. г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.

У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-г. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕРЫ (Römerowie),

грамадска-палітычныя культ. дзеячы Літвы і Беларусі, прадстаўнікі шляхецкага роду ням. паходжання.

Міхал (14.9.1778—14.1.1853), грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1803—13 прэзідэнт 2-га дэпартамента Віленскага гал. суда, у 1808—18 адзін з трох камісараў Віленскай адукацыйнай суд. камісіі. У вайну 1812 распараджэннем Напалеона І прызначаны прэзідэнтам г. Вільня, але ў вер. 1812 пакінуў пасаду з-за канфлікту з франц. ўладамі, якія збіраліся закрыць Віленскі ун-т. Пасля вайны ў 1814—17 маршалак шляхты Трокскага пав., з 1817 — Віленскай губ. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з адпаведным праектам. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў масонства ў Літве і на Беларусі; майстар (кіраўнік) т.зв. Вялікай правінцыяльнай Літоўскай ложы «Дасканалае адзінства», якая кіравала дзейнасцю астатніх літ.-бел. лож. Адзін з заснавальнікаў (1819) патрыят. арг-цыі В.​Лукасінскага «Нацыянальнае масонства», чл. Патрыятычнага таварыства, паплечнік Т.​Зана. У маі 1826 арыштаваны, зняволены ў Варшаве да 1828, потым у Петрапаўлаўскай крэпасці С.-Пецярбурга да 1830. У 1830—32 у ссылцы ў г.Варонеж. Пасля вяртання на радзіму ад грамадскай дзейнасці адышоў.

Эдвард Ян (14.5.1806—1.5.1878), грамадскі дзеяч, літаратар, перакладчык і мастак-аматар. Бацька А.​І.​Ромера. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1823—28), жывапісу — у Я.​Рустэма. У час паўстання 1830—31 чл. Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. У 1833 арыштаваны і асуджаны на пажыццёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 устанавіў сувязь з т.зв. Літоўскім к-там (Вільня), які падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лагерам польскага «караля дэ-факта» А.​Ю.​Чартарыйскага. У ліп. 1838 зноў арыштаваны па справе Ш.​Канарскага, асуджаны да смяротнага пакарання, замененага новай ссылкай у Волагду (да 1852). Пасля вяртання ў Вільню пад наглядам паліцыі. Быў чл. Музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855), дырэктарам 2-га аддзела Т-ва дабрачыннасці (з 1855), чл. шэрагу інш. т-ваў. У час паўстання 1863—64 пад хатнім арыштам. Пазней працаваў у Т-ве дабрачыннасці, чл. праўлення Зямельнага банка. Аўтар эпіграм на знакамітых сучаснікаў, перакладаў, партрэтаў сына Альфрэда Ізідара і інш. членаў сваёй сям’і.

Міхал Піус (7.5.1880, в. Багдонішкі Панявежскага пав., Літва — 22.2.1945), вучоны і грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1901—02), Парыжскай школе паліт. навук (1902—05). Адзін з гал. ідэолагаў ліберальна-дэмакр. крыла краёўцаў — плыні польскага нац. руху пач. 20 ст. на Беларусі і Літве. У 1911—15 супрацоўнічаў з бел. газ. «Наша ніва», чл. рэдакцыі віленскай газ. «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер», 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва», членамі якой былі А.​Луцкевіч і В.​Ластоўскі. Станоўча ставіўся да бел. грамадска-паліт. і культ. адраджэння, абараняў бел. рух ад нападкаў польскіх і рус. шавіністычных колаў. У знак пратэсту супраць захопу Вільні польскімі войскамі ген. Л.​Жалігоўскага (9.10.1920) пераехаў у Літву. Праф. права (1922) і рэктар Каўнаскага (1927—28, 1933—39), праф. Віленскага (1940—45) ун-таў. У час ням.-фаш. акупацыі (1941—44) арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязі з рухам Супраціўлення.

Літ.:

Венцлова А. Буря в полдень. М., 1978;

Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромера як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку XX ст. // Бел. гіст. агляд. 1998. Т. 5, сш. 1(8).

М.​Я.​Рыбко, А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

сярэднія навучальныя ўстановы з практычнай накіраванасцю ў навучанні. У адрозненне ад класічнай адукацыі ў Р.н.у гад. ўвага звяртаецца на вывучэнне прадметаў прыродазнаўчанавук. і матэм. цыклаў. Узніклі ў Германіі (у 1706 у г. Гале). У 19 ст. сфарміраваліся розныя тыпы рэальных школ з перавагай агульнаадук. і прафес. кірункаў. Р.н.ў. або рэальныя аддзяленні пры сярэдніх школах, існуюць у сістэмах адукацыі некат, краін Еўропы і Азіі.

У канцы 18 ст. ў Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у навуч, праграмах акруговых і падакруговых вучылішчаў меліся «карысныя для практычнага жыцця прадметы» (тэарэт. і практычная фізіка і хімія, агародніцтва, земляробства, гігіена, архітэктура, мастацтва і рамёствы). Большасць гэтых прадметаў увайшла ў школьныя статуты 1803 і 1828 у Рас. імперыі. У 1-й трэці 19 ст. ў некат. прыватных пансіёнах ставілася мэта «распаўсюджвання тэхнічных, непасрэдна карысных для прамысловай дзейнасці, ведаў». 29.3.1839 зацверджана Палажэнне аб рэальных класах пры навуч. установах Мін-ва нар. асветы «для часовага выкладання тэхнічных навук». У рэальных класах павятовых вучылішчаў і гімназій выкладаліся: практычная хімія і механіка, маляванне, чарчэнне і інш. У 1840 у Варшаве заснавана 1-я ў Рас. імперыі рэальная 7-класная гімназія. У 1850-я г. амаль у кожнай навуч. акрузе меліся гімназіі, дзе вышэйшыя З класы былі падзелены на класічнае і рэальнае аддзяленні. У адпаведнасці са статутам ад 19.11.1864 ствараліся рэальныя гімназіі і прагімназіі. Мэта іх дзейнасці — разам з класічнымі гімназіямі даваць агульную адукацыю і рыхтаваць для паступлення ў вышэйшыя спец. навуч. ўстановы. У іх выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія і чыстапісанне. Дадаткова больш часу вылучалася на матэматыку, прыродазнаўства, хімію, фізіку, касмаграфію, нямецкую і франц. мовы, маляванне і чарчэнне. Пасведчанне аб заканчэнні курса ўлічвалася пры паступленні толькі ў вышэйшыя тэхн. ўстановы. У рэальнай прагімназіі тыя ж прадметы выкладаліся ў меншым аб’ёме.

На Беларусі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Пінская рэальная 7-класная гімназія, Бабруйская, Брэсцкая і Гомельская рэальныя 5-класныя прагімназіі. У 1871—72 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы, якім у 1888 нададзены статус агульнаадук. сярэдніх навуч. устаноў. Курс навучання — 6 класаў і падрыхтоўчы клас. Р.н.ў. мелі 2—5 кл. У 1—4-х кл. давалася агульная адукацыя, у 5—6-х кл., якія падзяляліся на асноўнае і камерцыйнае аддзяленні, выкладаліся спец. прадметы. У некат. Р.н.у уводзіўся дадатковы 7-ы клас з 3 разрадамі: агульны (рыхтаваў да паступлення ў вышэйшыя тэхн. ўстановы), механіка-тэхн. і хіміка-тэхнічны (давалі сярэднюю тэхн. адукацыю). Пры вучылішчах ствараліся пансіёны, дадаткова вывучаліся англ., італьян. і навагрэч. мовы. Першыя рэальныя вучылішчы адкрыты ў Пінску (1872), Мінску (1880), Магілёве (1885). У 1890-х г. у рэальных вучылішчах скасавана камерцыйнае аддзяленне (ствараліся асобныя камерцыйныя школы, напр., у Мінску ў 1901). У пач. 20 ст. выпускнікі рэальных вучылішчаў атрымалі права паступаць на фізіка-матэм. і мед. ф-ты ун-таў. У 1915 было 10 рэальных вучылішчаў (3 прыватныя) у Беластоку, Вільні, Віцебску, Гродне, Дзвінску, Мінску, Магілёве, Пінску, Слоніме, Рагачове. Скасаваны ў 1915—18.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МБРАНТ [Rembrandt; сапр. ван Рэйн (van Rijn) Рэмбрант Харменс; 15.7.1606, г. Лейдэн, Нідэрланды —4.10.1669],

галандскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў галандскага барока і сусв. маст. культуры. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1620), жывапісу — у Я. ван Сваненбюрха ў Лейдэне (каля 1620—23), у П.​Ластмана ў Амстэрдаме (1623). У творчасці імкнуўся да філас. асэнсавання жыцця, багацця і разнастайнасці ўнутр. свету чалавека. Пісаў пераважна партрэты, у т. л. групавыя, біблейскія і міфалагічныя сцэны. У 1625 адкрыў сваю майстэрню ў Лейдэне, хутка дасягнуў шырокага прызнання. Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Ластмана і галандскіх караваджыстаў, вызначаліся рэзкай паліхроміяй і экспрэсіўнасцю вобразаў: «Пакутніцтва св. Стэфана» (1625), «Валаам», «Товій і Анёл» (абодва 1626), «Прынясенне ў храм» (каля 1628—29), «Давід і Галіяф» і інш. Пазней пісаў больш глыбокія і вытанчаныя карціны, якім уласцівы гармонія цёплых чырвона-карычневых тонаў і таямнічыя эфекты святлаценю: «Уцёкі ў Егіпет» (1627), «Самсон і Даліла» (1628), «Сімяон у храме» (1631) і інш. З 1631 жыў у Амстэрдаме, пісаў пераважна заказныя партрэты, аўтапартрэты і партрэты сваіх блізкіх. Творы адметныя пластычнасцю, эксперыментамі ў пошуках псіхал. выразнасці, дэтальнай перадачай рысаў твару, адзення, каштоўнасцей, часам тэатралізаванымі эфектамі. У карціне «Урок анатоміі доктара Н.​Цюлпа» (1632) па-наватарску вырашыў праблему групавога партрэта праз наданне кампазіцыі дынамічнай разняволенасці партрэтаваных і аб’яднанне іх адзіным дзеяннем. У «Аўтапартрэце з Саскіяй» («Вясёлая кампанія», каля 1635), які вызначаецца свабоднай манерай жывапісу, мажорным, напоўненым святлом залацістым каларытам, адышоў ад тагачасных маст. канонаў, выявіўшы жыццёвую непасрэднасць кампазіцыі. У карціне «Даная» (1636) проціпаставіў рэнесансавым пачуццёва-цялесным ідэалам прыгажосці адухоўленасць і цеплыню інтымнага чалавечага пачуцця. Сярод інш. твораў гэтага перыяду: партрэты «Вытанчаная пара ў інтэр’еры», «Партрэт бургграфа», «Саскія ўсміхаецца» (усе 1633), рэліг. і міфалагічныя карціны «Святая сям’я» (1631), «Выкраданне Еўропы» (1632), серыя «Пакуты Хрыстовы» (1633—39), «Ахвярапрынашэнне Аўраама», «Выкраданне Ганімеда» (абедзве 1635), «Асляпленне Самсона» (1636), «Вяселле Самсона» (1638) і інш. З 1639 жыў у Брэстраце (цяпер Рэмбрантхёйс). У 1640-я г. паміж творчасцю Р. і эстэт. патрабаваннямі тагачаснага грамадства адбыўся канфлікт, апагеем якога стала непрыняцце заказчыкамі групавога партрэта «Начная варта» (1642), вырашанага праз героіка-прыўзнятую кампазіцыю, больш уласцівую для гіст. карціны. Творчасць гэтага перыяду страціла знешнюю эфектнасць і мажорнасць, работам уласцівы нарастанне інтэнсіўнасці светлавых эфектаў, якія запаўняюць усю кампазіцыю і вызначаюць форму і фактуру выяў, пастознасць пісьма, цікавасць да пабудовы і архітэктонікі прасторы: «Давід і Іанафан» (1642), «Дзяўчына каля акна», «Святая сям’я» (абодва 1645), «Пакланенне вешчуноў» (1648), «Хрыстос у Эмаўсе» (1648), «Партрэт старога ў чырвоным» (1652—54), «Вірсавія», «Партрэт жонкі брата мастака» (абодва 1654), «Бласлаўленне Іакава» (1656), «Сын Цітус чытае» (1657), «Асур, Аман і Эсфір» (1660), «Змова Юлія Цывіліса» (1661), «Давід і Урыя» (1665) і інш. Каля 1668—69 стварыў манум. палатно «Вяртанне блуднага сына», у якім віртуозна перадаў складаную гаму глыбокіх чалавечых пачуццяў. Аўтар афортаў «Прадавец пацучынага яду» (1632), «Тры дрэвы» (1643), «Хрыстос вылечвае хворых» («Аркуш у сто гульдэнаў», 1649), «Тры крыжы» (1653) і інш., малюнкаў. Іл. гл. таксама да арт. Даная, Нідэрланды.

Літ.:

Рембрандт: Художеств. культура Западной Европы XVII в. М., 1970;

Лазарев В.Н. Рембрандт-портретист // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;

Егорова К.С. Портрет в творчестве Рембрандта. М., 1975;

Ротенберг Е.И. Рембрандт// Ротенберг Е.И. Западноевропейская живопись 17 в.: Тематич. принципы. М., 1989.

Я.​Ф.​Шунейка.

Рэмбрант. Аўтапартрэт з Саскіяй. Каля 1635.
Рэмбрант. Вяртанне блуднага сына. Каля 1668—69.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,

творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш. еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав. маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.​Пляханава, Д.​Благоева, А.​Луначарскага, Ю.​Мархлеўскага, В.​Вароўскага, А.​Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.​Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.​Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел. нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.​Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка і інш., раманы І.​Мележа, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава і інш., п’есы К.​Крапівы, А.​Макаёнка і інш). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.​Маякоўскі, М.​Шолахаў, К.​Федзін, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.​Арагон, Г.​Зэгерс, М.​Пуйманава, Ж.​Амаду, Я.​Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.

Літ.:

Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;

Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Гаранін Л Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.

С.​С.​Лаўшук.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),

агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец. навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.​Г.​Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).

Літ.:

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;

Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу),

бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу), шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.

Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач. н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.

На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л. бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.

На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар. арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.

А.​І.​Лакотка.

Сінагога ў г. Столін Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)