ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,

карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮ́ЗНІК (Lycopus),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, 1 від у Аўстраліі. На Беларусі найб. вядомы З. еўрапейскі (L. europaeus) і зрэдку, пераважна на Пд, трапляецца З. высокі (L. exaltatus). Растуць па берагах вадаёмаў, на балотах, у забалочаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны са шнурападобным членістым карэнішчам, доўгімі падземнымі парасткамі і прамым сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, апушанае, яйцападобна-ланцэтнае. Кветкі белыя (часта з пурпуровымі кропкамі), дробныя, двухполыя, невыразнадвухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., дубільныя і фарбавальныя расліны.

Зюзнік еўрапейскі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),

шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.—кастр. (лістападзе).

Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).

Зялёнка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ Эдуард Іосіфавіч (н. 22.3.1945, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фотафізіцы і фотахіміі структурна-арганізаваных мультымалекулярных сістэм, якія мадэлююць першасныя фіз. працэсы фотасінтэзу.

Тв.:

Первичные физические процессы фотосинтеза (разам з Г.​П.​Гурыновічам, А.​П.​Лосевым) // Хлорофилл. Мн., 1974;

Механизмы межхромофорных взаимодействий и релаксация энергии электронного возбуждения в ковалентносвязанных димерах порфиринов (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 1995. Т. 62, № 3.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНІ́ЦКАЯ Вольга Сямёнаўна (11.6.1914, в. Хіжна Чаркаскай вобл., Украіна — 5.11.1986),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1971). Скончыла Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1938). У 1934—63 у ВНУ Ташкента і Кіева, з 1963 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА). Распрацавала фіз. аспекты і матэм. апарат тэтраднай фармулёўкі АТА, прапанавала сістэматызацыю гравітацыйных эфектаў, прадказаных АТА.

Тв.:

Обобщенные преобразования Лоренца и их применение. Мн., 1969;

Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновой теории тяготения. Мн., 1979.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Аляксей Фядосавіч (28.3.1913, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 30.10.1976),

бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Д-р біял. н. (1969). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1938). У 1969—75 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі і інтрадукцыі дрэвавых раслін на Беларусі. Адзін са складальнікаў выд. «Інтрадукаваныя дрэвы і кусты ў Беларускай ССР» (вып. 1—3, 1959—61). Дзярж. прэмія БССР 1976.

Тв.:

Рост древесных растений и кислотность почв. Мн., 1970;

Биология древесных растений. Мн., 1975 (у сааўт.).

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Арцемій Васілевіч (18.5.1906, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 22.1.1992),

расійскі заолаг. Акад. Расійскай АН (1981). Правадзейны чл. Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1959). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1935 працаваў у ім, адначасова з 1965 у Заал. ін-це АН СССР. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і эвалюцыі беспазваночных (малюскаў, чарвей і інш.). Вынайшаў і даследаваў тып жывёл-паганафораў, вылучыў і вызначыў клас пляскатых чарвей — уданелідаў. Ленінская прэмія 1961.

Тв.:

Промысловые водные беспозвоночные. М., 1955;

Погонофоры. М.; Л., 1960;

Происхождение многоклеточных животных Л., 1968.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРА́РХІЯ (грэч. hierarchia ад hierōs свяшчэнны + archē улада),

тып структурных адносін у складаных шматузроўневых сістэмах, які характарызуецца ўпарадкаванасцю, арганізаванасцю, узаемадзеяннем паміж асобнымі ўзроўнямі па вертыкалі. І. з’яўляецца строга вызначанай сістэмай размяшчэння частак або элементаў цэлага ад вышэйшага да ніжэйшага. Тэрмін ужываецца для характарыстыкі арг-цыі хрысц. царквы; у сацыялогіі — для абазначэння сац. структуры грамадства, бюракратыі; у агульнай тэорыі сістэм — для апісання любых сістэмных аб’ектаў; у тэорыі арг-цыі — прынцып кіравання; у лінгвістыцы адрозніваюць І. ўзроўняў (ярусаў) мовы; у графаў тэорыі іерархічны граф (т.зв. «дрэва»).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗО́Х Уладзімір Васілевіч (1.8.1934, в. Прудзішчы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 23.8.1981),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1958), дзе і працаваў з 1961, адначасова з 1974 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па імпульснай тэхніцы, ядз. электроніцы, аналізе і сінтэзе інфармацыйна-вымяральных сістэм.

Тв.:

Новые аспекты временных измерений в ядерной спектроскопии (у сааўт.) // Изв. АН СССР. Сер. физ. 1965. Т. 29, № 7;

Элементы теории информации. Мн., 1974 (разам з Я.​І.​Боўбелем, І.​К.​Данейкам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬКЕ́ВІЧ Георгій Іванавіч (н. 15.4.1935, в. Бараўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералаг. навук (1987). Скончыў БДУ (1958). З 1976 гал. геолаг Бел. гідрагеал. экспедыцыі. Навук. працы па методыках і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, складанні зводных геал. картаў, вывучэнні стратыграфіі антрапагенавых адкладаў, геал. будовы і карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Геология антропогена Белоруссии Мн., 1973 (у сааўт.);

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Логойская астроблема. М., 1991 (у сааўт.).

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)