РЭКАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. recapitulatio паўтарэнне),

паўтарэнне ў эмбрыягенезе сучасных арганізмаў прыкмет, якія меліся ў дарослых продкаў (напр., жаберных адтулін у зародкаў наземных пазваночных). Р. як вынік пэўных суадносін антагенезу і філагенезу развіў у эвалюцыйным вучэнні Ч.​Дарвін. У канцэпцыі біягенетычнага закону Э.​Гекеля (1866) Р. разглядалася як непасрэдны вынік эвалюц. фарміравання антагенезу: прыкметы дарослых продкаў пасля змянення іх арганізацыі пры дапамозе прыбаўлення новай стадыі ў канцы антагенезу пераходзілі ў эмбрыянальны стан і паўтараліся ў нашчадкаў у якасці зародкавых. А.​М.​Северцаў паказаў, што Р. характэрна толькі для асобных органаў (а не цэлых стадый развіцця ўсяго арганізма, як лічыў Гекель) пры іх эвалюц. пераўтварэннях паводле спосабу анабаліі.

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс. га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941 — ліст. 1943 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Складалася з 5 груп

(40 чал.): у друкарні (кіраўнік І.​Дз.​Усхопаў),

канторы «Заготжывёла» (Д.​В.​Мыткін), гар. управе (М.​У.​Жыленка), драмтэатры (Г.​С.​Хумар’ян), камсамольска-маладзёжная на чыг. ст. (П.​М.​Маркаль). Мела сувязь з партызанамі Рэчыцкай брыгады, укр. злучэння С.​А.​Каўпака, падп. Гомельскім абкомам і Рэчыцкім райкомам ЛКСМБ. Падпольшчыкі здабывалі для партызан разведданыя, перадавалі ім прадукты харчавання, медыкаменты, бланкі акупац. дакументаў, паперу, друкавалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 16 падпольшчыкаў. У Рэчыцы на іх магіле помнік.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ ДО́СЛЕДНА-ПРАМЫСЛО́ВЫ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д Уведзены ў эксплуатацыю і даў першую прадукцыю ў 1931 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. як Бел. дубільна-экстрактавы з-д. У Вял. Айч. вайну каштоўнае абсталяванне эвакуіравана на Шумерлінскі з-д «Дубіцель» (Чувашыя). У 1943—46 выпуск прадукцыі адноўлены, у 1953 рэканструяваны. З 1957 — з-д дубільных экстрактаў, з 1963 — гідролізна-дражджавы з-д. У 1965—71 пабудавана гідролізна-дражджавая вытв-сць. З 1983 — сучасная назва. У 1986—90 гідролізна-дражджавая вытв-сць пераабсталявана. З 1992 выпускае тэхн. фурфурол. Асн. прадукцыя (2001): дрожджы кармавыя, тэхн. фурфурол і фурфурол-сырэц, экстракт дубовы дубільны, тавары нар. ўжытку (паркет, дошкі для падлогі і інш.).

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 27.9.1919, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод твораў: «Вечар над Нёманам». (1949), «М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту» (1957), «Занёманскія будні» (1963), «У гады вайны» (1965), «Гродна. Каложа» (1967), «Вуліца першых дэманстрацый» (1969), «Свяшчэнныя камяні» (1975), «Ізумруд палёў» (1971), «Абнаўленне зямлі» (1977), «Партызаны-падрыўнікі» (1980), «На Нёмане» (1981), «Салдаты крэпасці» (1988), «Асенняя цішыня» (1997), «Год 1941» (1998), «Дні юнацтва майго пакалення» (1999), «Успаміны» (2000). Для твораў характэрны пастозная манера пісьма, сакавіты каларыт, выразнасць дэталей карціны.

В.Савіцкі. М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту. 1957.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЗО́НАЎ (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.10.1938, г. Канск Краснаярскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі і тэхнікі плазмы. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1961). З 1976 у Брэсцкім тэхн. ун-це. Навук. працы па даследаванні нізкатэмпературнай плазмы, доўгіх эл. і турбулентных дуг, прыэлектродных працэсаў. Распрацаваў прамысл. плазматроны з высокім цеплавым і эл. ккдз.

Тв.:

Влияние газовой завесы на теплообмен между турбулентной дугой и стенкой разрядной камеры (у сааўт.) // Изв. Сиб. отд. АН СССР. Сер. техн. наук. 1975. №8, вып. 2;

Применение плазмотрона с межэлектродной вставкой для осаждения углеродных пленок (у сааўт.) // Физика плазмы и плазменные технологии. Мн., 1997. Т. 4.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАНС ((Simons) Генры Калверт) (1899—1946),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙТ,

электронная публікацыя ў сусветнай інфарм. прасторы WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web сусветная павуціна), даступная карыстальнікам Інтэрнета. Уяўляе сабой сукупнасць тэматычна звязаных Web-старонак, якія адносяцца да аднаго аўтара, праблемы, установы, прадпрыемства ці інш. Бывае любога памеру і зместу (тэкст, графіка, анімацыя, гук, відэа і інш.). Размяшчаецца на вузлавым камп’ютэры з пастаянна дзеючай праграмай Web-сервер. Падрыхтоўка С. для распаўсюджвання ў Інтэрнеце ажыццяўляецца па спец. Web-тэхналогіі з выкарыстаннем мовы разметкі гіпертэкставых дакументаў. Доступ да С. выконваецца па канкрэтным адрасе; пошук, прагляд, навігацыя па спасылках і раздрукаванне С. адбываюцца з дапамогай спец. праграм.

А.​І.​Боскіна, А.​В.​Нікіфараў.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (н. 3.2.1946, г. Чыта, Расія),

бел. вучоны ў галіне мед. гігіены. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975), з 1977 працаваў у ім, з 1997 у Бел. НДІ санітарыі і гігіены (дырэктар). Навук. працы па абгрунтаванні гігіенічных рэгламентаў якасці навакольнага асяроддзя, распрацоўцы сучаснай канцэпцыі ацэнкі і кіравання экалагічнай рызыкай з мэтай аховы здароўя, экалагічнай эпідэміялогіі.

Тв.:

Шумовое загрязнение городов — акустический стресс населения. Мн., 1997 (разам з Л.​А.​Аляшкевічам, В.​П.​Філонавым);

Профессиональные аллергозы. Мн., 1998 (разам з С.​У.​Федаровічам, В.​П.​Філонавым);

Экологоэпидемиологическая оценка риска для здоровья человека качества атмосферы. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)