РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).

Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.

Рададэндран жоўты.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІНЬ, Радзіня (Radziņa; па мужу Шалконе,

Šalkone) Элза Янаўна (н. 10.2.1917, г. Харкаў, Украіна), латвійская актрыса. Нар. арт. СССР (1976). З 1936 у Елгаўскім, з 1953 у Валміерскім т-рах, з 1954 у Латвійскім т-ры драмы імя А.​Упіта (з 1989 Нац. т-р Латвіі). З 1949 здымалася ў кіно: «Райніс» (1949), «Гамлет» (1964), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Кароль Лір» (1971), «Вей, ветрык!» (1974), «Насуперак лёсу» (1975), «Тэатр» (1978), «За шклянымі дзвярыма», «Інспектар Гул» (абодва 1979), «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» (1981), «Тайна «Чорных драздоў» (1983), «Апошні візіт» (1984), «Фотаздымак з жанчынай і дзіком» (1987), «Мая і Пая» (1990) і інш.

Э.Я.Радзінь.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЬКО́ (Мікалай Васілевіч) (20.5.1935, в. Глоўсевічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 19.10.1999),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1959). З 1967 у БСГА (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па ўжыванні біялагічна актыўных рэчываў у кармленні с.-г. жывёл і птушак, біял. кансервантаў для розных відаў расл. сыравіны, метадах падрыхтоўкі кармоў для скормлівання, распрацоўцы спец. камбікармоў і суперканцэнтратаў для с.-г. жывёлы.

Тв.:

Справочник по кормовым добавкам. 2 изд. Мн., 1990 (разам з А.​Я.​Антонавым);

Вопросы полноценности кормления сельскохозяйственных животных и качество кормов. Горки, 1991 (у сааўт.).

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн. ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.

Тв.:

Избр. тр. М., 1958.

Літ.:

В.​М.​Родионов. М.; Л., 1948.

У.М.Радыёнаў.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ВІЧ (Анатоль Навумавіч) (30.9.1936, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1987),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і генетыкі. Д-р біял. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1963 у сектары геранталогіі АН Беларусі (з 1971 заг. лабараторыі), з 1975 у БДУ, з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі старэння жывых арганізмаў, фізіка-хім. уласцівасцях сасудзістых і мітахандрыяльных скарачальных бялкоў, малекулярных механізмах энергет. абмену.

Тв.:

Биоэнергетические процессы и старение организма. Мн., 1972;

Введение в экспериментальную геронтологию. Мн., 1975 (разам з Т.​Л.​Дубінай);

Биоэнергетические процессы при гетерозисе. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙ (Рам Мохан) (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),

індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ (Wright),

амерыканскія авіяканструктары і лётчыкі, піянеры авіяцыі, браты Уілбер (16.4.1867, г. Мілвіл, штат Індыяна, ЗША — 30.5.1912) і Орвіл (19.8.1871, г. Дэйтан, штат Агайо, ЗША — 30.1.1948). Пабудавалі некалькі планёраў біпланнай схемы (1900—03), на якіх выканалі каля 1 тыс. палётаў. 17.12.1903 ажыццявілі першы ў свеце палёт на планеры з рухавіком унутр. згарання працягласцю каля 1 мін. Удасканалілі канструкцыю самалёта і давялі працягласць палёту да 1,5 гадз (1904—08). Авалодалі майстэрствам пілатавання самалёта ў палёце і пры спуску на зямлю з выключаным маторам. Здзейснілі першы палёт з пасажырамі на борце (1908). У 1909 стварылі ў ЗША кампанію па вытв-сці самалётаў.

О.Райт.
У.Райт.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),

сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.

Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракі-пустэльнікі: 1 — дарданус; 2 — пагурус.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 20.5.1926, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі. Д-р с.-г. н. (1986), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1952). З 1957 дырэктар запаведна-паляўнічай гаспадаркі Белавежская пушча, з 1966 нам. міністра лясной гаспадаркі Беларусі, з 1973 у Бел. тэхнал. ун-це (да 1987 рэктар). Навук. працы па лесазнаўстве, паляўніцтвазнаўстве, ахове прыроды, адукацыі аб навакольным асяроддзі.

Тв.:

Природные ресурсы БССР, использование и охрана. М., 1985;

Охрана природы. Мн., 1986 (разам з Н.​З.​Харытонавай);

Охрана окружающей среды Могилевской области. Мн., 1998 (разам з Т.​А.​Раманавай, Ч.​А.​Раманоўскім).

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСАМА́ХА (Gulo.gulo),

млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных звяроў. Адзіны від роду. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў тайзе, лесатундры, трапляецца ў тундры. На Беларусі Р. вадзілася да пач. 19 ст.

Даўж. цела да 105 см, хваста да 23 см, маса да 32 кг. Поўсць грубая, доўгая, рыжа- ці карычнева-бурая. Ад асновы хваста па баках цела шырокая рыжаватая ці жоўтая паласа. На лбе, шыі, грудзях белаватыя плямы. Ногі кароткія, масіўныя, хвост кудлаты. Мае каля хваста парныя спецыфічныя скурныя залозы, сакрэт якіх выпырсквае на адлегласць да 3 м. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) дзіцянят двойчы за год. Аб’ект палявання.

Расамаха.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)