ЖУРА́ЎСКІ Дзмітрый Пятровіч (1810, Магілёўская губ. — 23.11.1856),

расійскі эканаміст. статыстык. Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1829). З 1831 працаваў у камісіі М.​М.​Спяранскага па складанкі Збору законаў Рас. імперыі. З 1845 у Кіеве на стат. рабоце. Распрацаваў сістэму стат. паказальнікаў для вывучэння з’яў грамадскага жыцця, а таксама праграму даследавання прадукц. сіл Расіі. Пры вывучэнні сац. з’яў прытрымліваўся канцэпцыі падзелу грамадства на асобныя класы і групы, неабходнасці забеспячэння росту нар. дабрабыту. Аўтар прац «Аб крыніцах і выкарыстанні статыстычных звестак» (1846), «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1852).

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВАЯ ГАСПАДА́РКА,

падгаліна жыллёва-камунальнай гаспадаркі; сукупнасць жыллёвага фонду, жыллёва-эксплуатацыйных і інш. арг-цый, якія забяспечваюць утрыманне, аднаўленне і павышэнне якасці жылых дамоў і памяшканняў, абслугоўванне грамадзян, якія ў іх пражываюць. У Рэспубліцы Беларусь сістэма жыллёва-эксплуатацыйных арг-цый уключае абласныя, раённыя і гарадскія вытв. ўпраўленні, якія аб’ядноўваюць жыллёва-эксплуатацыйныя службы (участкі, ЖЭС). У сістэму Ж.г. ўваходзяць таксама жыллёва-камунальныя канторы прадпрыемстваў, якія маюць на балансе жыллёвы фонд, недзяржаўныя кампаніі па кіраванні жылымі дамамі і інш. арг-цыі, якія аказваюць паслугі ў сферы ўтрымання жылля.

А.​Дз.​Сідарзнка.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ХАР Георгій Іосіфавіч (н. 15.3.1936, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БПІ (1960). З 1967 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў і спец. прыстасаванняў для эфектыўнага спальвання вадкага паліва і газу і зніжэння шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе.

Тв.:

Расчетное исследование горения жидкого топлива в циклонной камере // Изв. вузов. Энергетика. 1982. № 6;

Расчетное исследование двухступенчатого сжигания жидкого топлива (разам з Л.​А.​Тарасевічам) // Там жа. 1992. № 5—6.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА (ням. Genfer See, франц. Lac Léman), Леман,

возера ў Швейцарыі і Францыі, у міжгорнай упадзіне паміж Зах. Альпамі і Юрой, на выш. 372 м. Пл. 582 км², даўж. 72 км, шыр. 14 км, глыб. да 310 м. Берагі стромкія. На З да Ж.в. падыходзяць узгорыстыя перадгор’і, на У — скалістыя горы. Па паходжанні Ж.в. — канцавы басейн аднаго з рукавоў вял. Ронскага ледавіка. Цераз возера цячэ р. Рона. Сцёк рэгулюецца плацінай. На швейцарскім беразе гарады Жэнева, Лазана, курорты Веве, Мантро, рэзерват Гранжэт; на франц. — курорт Эвіянле-Бэн і інш. Суднаходства. Турызм.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́РА (Żera) Караль Антоні (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),

польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.​Глогерам у Варшаве (1893).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА Яўген Пятровіч (н. 12.1.1940, в. Мерашыно Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1961). З 1965 у Бел. філіяле Энергет. НДІ (з 1992 Бел. н.-д. цеплаэнергет. ін-т). Навук. працы па надзейнасці энергазабеспячэння, стварэнні і ўкараненні шматканальных і шматузроўневых сістэм энергаўліку і кіравання энергаспажываннем.

Тв.:

О распределении уровней надежности в цепи электроснабжения «источник—потребитель» // Изв. вузов. Энергетика. 1968. № 2;

Отечественный и зарубежный опыт внедрения микропроцессорных систем учета, контроля и регулирования электропотребления. Мн., 1985.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРЭ́ЎСКІ Аркадзь Дзмітрыевіч (н. 22.5.1928, С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1972), д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Скончыў Томскі ун-т (1956). З 1971 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі дыскрэтных сістэм, тэарэт. асновах інфармац. тэхналогій і інтэлектуальных сістэм праектавання. Распрацаваў метады лагічнага праектавання дыскрэтных прылад, рашэння лагічных ураўненняў і камбінаторных задач аўтаматызаванага праектавання і штучнага інтэлекту.

Тв.:

Логический синтез каскадных схем. М., 1981;

Логика распознавания. Мн., 1988.

А.​Дз.Закрэўскі.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАВО́ЧКІ (Chrysopidoe),

сямейства насякомых атр. сеткакрылых. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі. Трапляюцца часцей на лісці дрэў і кустоў. На Беларусі найчасцей трапляюцца З. звычайная (Chrysopa camea) і З. жамчужная (Ch. perla).

Даўж. 1—1,5 см. Цела светла-зялёнае. Крылы празрыстыя, светлыя, вясёлкава- або перламутрава-пералівістыя (размах 19—50 мм), з густой сеткай жылак. Вусікі ніткападобныя. Вочы выпуклыя, залацістыя (адсюль назва). Адкладваюць яйцы на лісце раслін. Лічынкі падоўжаныя, верацёнападобныя, зверху па баках пучкі валаскоў. Лічынкі і дарослыя — драпежнікі, кормяцца тлямі, шчытоўкамі, вусенямі, кляшчамі, некат. — нектарам. Актыўныя ўначы.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМА́Х,

наўмыснае дзеянне, непасрэдна накіраванае на ўчыненне злачынства, але не даведзенае да канца па прычынах, якія не залежаць ад волі вінаватага; адна са стадый учынення злачынства. У залежнасці ад таго, ці зрабіў вінаваты ўсё, што ён лічыў неабходным для ажыццяўлення свайго намеру, адрозніваюць закончаны і незакончаны З., у залежнасці ад выбраных сродкаў — прыгодны і непрыгодны З. Пакаранне за З. назначаецца паводле закону, які прадугледжвае адказнасць за адпаведнае злачынства, з улікам ступені ажыццяўлення злачыннага намеру і прычын, з-за якіх злачынства не было даведзена да канца.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)