АБДУРАХМА́НАВА Дзільбар Гулямаўна
(н. 1.5.1936, Масква),
узбекскі дырыжор. Нар. артыстка СССР (1977). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1960). Дырыжор, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. Пад яе кіраўніцтвам паст. оперныя («Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Атэла» Дж.Вердзі, «Вогненны анёл» С.Пракоф’ева, «Пётр Першы» А.Пятрова) і балетныя («Лебядзінае возера» Чайкоўскага, «Жызэль» А.Адана, «Спартак» А.Хачатурана, «Ганна Карэніна» Р.Шчадрына) спектаклі. Дзярж. прэмія Узбекістана 1973.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУРАХМА́НАЎ Фуад Гасан аглы
(11.5.1915, г. Шэкі, Азербайджан — 15.6.1971),
азербайджанскі скульптар. Нар. мастак Азербайджана (1955). Чл.-кар. АМ СССР (1949). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1935—40). Працаваў пераважна як манументаліст: помнікі Нізамі ў Гянджы (Дзярж. прэмія СССР 1947) і Баку, пісьменніку С.Вургуну ў Баку, паэту Рудакі ў Душанбе і інш.; статуя «Чабан» (Дзярж. прэмія СССР 1951). Творы Абдурахманава адметныя выразнасцю формы, спакойнай, ураўнаважанай кампазіцыяй.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДЭРГА́ЛЬДЭН (Abderhalden) Эміль
(9.3.1877 — 5.8.1950),
швейцарскі біяхімік. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). У 1904—45 працаваў у Германіі; з 1946 у Цюрыхскім ун-це. Сінтэзаваў (разам з Э.Г.Фішэрам) поліпептыд з 19 амінакіслот (1916). Даследаваў структуру і функцыі бялкоў, ролю тлушчаў, вітамінаў, гармонаў пры харчаванні; адкрыў т.зв. ахоўныя ферменты, якія ўтвараюцца ў арганізме пры цяжарнасці, пухлінах і інш. Аўтар «Падручніка фізіялагічнай хіміі» (рус. пер. 1934).
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕГЯ́Н Манук Хачатуравіч
(29.3.1865, с. Астапат каля Нахічэвані — 25.9.1944),
армянскі літаратуразнавец, фалькларыст, лінгвіст. Акад. АН Арменіі (1943). Скончыў Іенскі ун-т (1898) са званнем д-ра філасофіі. Аўтар «Гісторыі старажытнаармянскай літаратуры» (т. 1—2, 1944—46), прац па арм. фальклоры, мове, вершаскладанні і лексікаграфіі. Апублікаваў варыянт эпасу «Давід Сасунскі» (1889), даследаванні па арм. міфалогіі і нар. эпасе.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕГЯ́Н Мгер Манукавіч
(н. 26.1.1909, г. Эчміядзін, Арменія),
армянскі жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1960). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (Масква; 1927—30), АМ у Ленінградзе (1930—31). Аўтар маляўнічых пейзажаў, сакавітых нацюрмортаў, партрэтаў, пейзажна-жанравых карцін («На востраве Севан», «Калыханка», «Лета»), графічных пейзажаў (малюнкі, акварэлі, афорты, лінагравюры), прасякнутых лірычным настроем.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕ́ДАЎКА, Дранёўка,
меліярацыйны канал на Беларусі ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток канала Ненач (бас. Прыпяці). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 130 км².
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’Е́ДКАЎ Георгій Антонавіч
(н. 19.2.1930, с. Кастрычніцкае Арэнбургскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1990). Скончыў Чкалаўскі с.-г. ін-т (1953). З 1957 у бел. НДІ экстрым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Працы па патагенезе, імунагенезе, дыягностыцы і прафілактыцы бруцэлёзу жывёл, па туберкулёзе жывёл і імунагенезе гэтай хваробы на клетачным узроўні.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЗВУГЛЯРО́ДЖВАННЕ,
памяншэнне колькасці вугляроду ў паверхневых слаях сталяў і сплаваў пры награванні ў асяроддзі кіслароду ці вадароду. Пагаршае ўласцівасці матэрыялаў. Дрэнны ўплыў абезвугляроджвання змяншаюць награваннем матэрыялаў у ахоўным асяроддзі ці ў вакууме, скарачэннем часу ўздзеяння т-ры і інш. Абезвугляроджаны слой здымаюць мех. спосабам ці адпалам у аднаўляльных газавых сумесях. Абезвугляроджванне карыстаюцца для паляпшэння ўласцівасцяў металаў і сплаваў, у якіх вуглярод — непажаданы дамешак (напр., апрацоўка трансфарматарнай нержавейнай сталі ў спец. газавым асяроддзі).
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’Е́КТ
(ад лац. objectum прадмет),
філасофская катэгорыя, якая ў аб’ектыўнай рэальнасці выражае тое, на што накіравана прадметна-практычная і пазнавальная дзейнасць суб’екта. Аб’ект не тоесны аб’ектыўнай рэальнасці, апошняя выступае для суб’екта як аб’ект не «ў чыстым выглядзе», а ў формах дзейнасці, мовы і ведаў, выпрацаваных гіст. развіццём грамадства. У найб. канцэнтраваным выглядзе гэта адлюстроўваюць існуючыя тэорыі пазнання, сярод якіх можна вылучыць: тыя, у якіх сцвярджаецца, што аб’ект, які пазнаецца, непасрэдна дадзены суб’екту і дзейнасць суб’екта заўсёды вядзе да адыходу ад аб’екта і не вызначаецца прыродай самога аб’екта (сузіральны матэрыялізм, сучасны рэалізм, пазітывізм, фенаменалогія), і тыя, дзе аб’ект ёсць канструкцыя суб’екта, «аб’ектывацыя» ўнутр. зместу суб’екта (кантыянства, неакантыянства, прагматызм).
Літ.:
Субъект и объект как философская проблема. Киев, 1979;
Лекторский В.А. Субъект, объект, познание. М., 1980;
Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)