БЕ́ВІН (Bevin) Эрнест (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),
палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).
т. 2, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОСЬ ЦЯПЕ́Р ЯКІ́ ЛЮД СТАЎ»,
бел. ананімная вершаваная гутарка 1-й пал. 19 ст. Месца і час напісання невядомыя. Знойдзена І.Насовічам на Мсціслаўшчыне ў 1848 і апублікавана ім у 1873. Адлюстроўвае ломку патрыярхальнага побыту ў сувязі з выспяваннем капіталіст. адносін. Прасякнута непрыняццем маралі, заснаванай на чыстагане, адмаўленнем грамадства, дзе ўсё купляецца за грошы. У гутарцы асуджаюцца разбурэнне сям’і, адчужанасць людзей, прагнасць і жорсткасць багацеяў, хабарніцтва чыноўнікаў, несправядлівасць царскіх судоў. Выйсце аўтар наіўна бачыў у духоўным удасканаленні на аснове хрысціянскай маралі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́НСКІ Макар Кандратавіч (14.4.1910, г. Барысаў Мінскай вобл. — 13.11.1994),
украінскі скульптар. Нар. мастак Украіны (1963). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1945). Выкладаў у ім (1949—94), праф. (1963). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Сярод работ: помнікі Т.Р.Шаўчэнку (1950, у сааўт., Дзярж. прэмія СССР 1951) у г. Палерма (Канада), Багдану Хмяльніцкаму (1953) у г. Хмяльніцкі (Украіна); кампазіцыі «Леся Украінка» (1947), «На паншчыне» (1957); партрэты-бюсты М.М.Амосава (1961), Т.Р.Шаўчэнкі (1964); манумент Вечнай славы (1977) у г. Луцк (Украіна). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1984.
т. 4, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,
форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.
т. 4, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕРЛА́НТ, Хаберлант (Haberlandt) Готліб Іаган Фрыдрых (28.11.1854, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя — 30.1.1945), нямецкі батанік і фізіёлаг раслін; адзін з заснавальнікаў фізіял. кірунку ў анатоміі раслін. Чл.-кар. Берлінскай, Венскай, Мюнхенскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Венскі ун-т (1876). З 1877 працаваў у ім, з 1880 праф. ун-та ў г. Грац, у 1909—23 у Берлінскім ун-це. Распрацаваў класіфікацыю расл. тканак, заснаваную на іх функцыях. Адкрыў т.зв. ранавыя гармоны — прадукты распаду клетак, якія стымулююць клетачнае дзяленне. Вывучаў трапізмы і выявы раздражняльнасці ў раслін. Аўтар працы «Фізіялагічная анатомія раслін» (1884).
т. 4, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́ВІЧ Міхаіл Маркавіч (7.12.1905, в. Вялікія Гулякі Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 12.7.1965),
расійскі артыст балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1951). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, выкладаў у ім (у 1954—58 маст. кіраўнік). У 1924—52 саліст Вял. т-ра. Сярод класічных партый: Салор («Баядэрка» Л.Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова). Першы выканаўца партый Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынца, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева) і інш. Сярод вучняў У.Васільеў. Аўтар балетных сцэнарыяў, артыкулаў і рэцэнзій. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
т. 4, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНЕВІ́ДЫ,
дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛІ́ЦКІ Міхаіл Лявонавіч (3.12.1791, в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 2.2.1861),
бел. ўрач, гісторык, літаратар. Д-р медыцыны (1815), праф. (1824). Скончыў Віленскі ун-т (1815) і працаваў у ім (1816—27). Чл. Віленскай археал. камісіі (з 1857). З 1830-х г. даследаваў помнікі палеаграфіі, займаўся вывучэннем стараж. Вільні і зах. зямель Беларусі. Дапамагаў А.Кіркору ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археал. экспедыцыях, збіранні археал. матэрыялаў. Шмат рэдкіх дакументаў перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Даследаваў бел. гісторыю, займаўся літ. дзейнасцю.
Літ.:
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 5, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЖО́Н (Dijon),
горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Кот-д’Ор і гал. горад гіст. вобл. Бургундыя. Гар. правы з 1182. 151,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Бургундскім канале. Прам-сць: маш.-буд., хім., абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Цэнтр вытв-сці бургундскіх він. Ун-т (з 1722). Арх. помнікі: сабор Сен-Бенінь (10—14 ст.), цэрквы — раманская Сен-Філібер (12 ст.), гатычная Нотр-Дам (13 ст.), палац Бургундскіх герцагаў (14—18 ст., у ім Музей прыгожых мастацтваў), руіны манастыра Шанмоль (1383—88), рэнесансавая царква Сен-Мішэль (1499—1530) і інш.
т. 6, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРЫЯРАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра пагаршэнне складу і стану навакольнага прыроднага асяроддзя; адзін з відаў кадастраў. У Д.к. уваходзяць звесткі пра ўзроўні і крыніцы забруджання вод, глеб і атмасферы, парушаныя землі, іншыя негатыўныя змены, што ўзніклі ў прыродзе (у т. л. пагоршанне навакольнага прыроднага асяроддзя, што адбываецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў — дэтэрыяцыя асяроддзя). Д.к. складаецца па рэгіёнах; матэрыялы, якія змяшчаюцца ў ім, асабліва каштоўныя пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аптымізацыі ўмяшання ў навакольнае асяроддзе, вызначэнні кола неабходных прыродаахоўных мерапрыемстваў і шляхоў паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Складанне Д.к. патрабуе навук. вывучэння прыродных аб’ектаў і з’яў.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)