прыстасаванне пнеўмааўтаматыкі, прызначанае для пераўтварэння перападаў ціску паветра або іншых газаў у пэўную фіз. велічыню (напр., у напружанне электрычнае ці сілу току). Выкарыстоўваецца і для пераўтварэння формы пнеўмасігналаў (напр., з аналагавай у лічбавую). Канструкцыя П.п. абумоўліваецца ягофункцыян. прызначэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КЕЛЬСА З’Я́ВА,
змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.Покельсам (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
фізічная велічыня, якая характарызуе цеплавое выпрамяненне цела. Роўная т-ры абсалютна чорнага цела, пры якой яго поўная (ва ўсім інтэрвале частот) энергет.яркасць роўная поўнай энергет. яркасці дадзенага цела. Адзінка Р.т. ў СІ — кельвін. Гл. таксама Стэфана—Больцмана закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЧЭ́ННЕ НАЧНО́ГА НЕ́БА,
сумарны эфект сукупнасці светлавых з’яў, якія назіраюцца на фоне начнога неба і вызначаюць яго яркасць у ясную бязмесячную ноч. Складаецца з уласнага свячэння верхняй атмасферы, эпізадычна — святла палярнага ззяння, а таксама сумарнага выпрамянення зорак, міжзорнага газу, задыякальнага святла, проціззяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),
эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБЛІ́ВАЕ,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адрозненне адзінкавых рэчаў і з’яў, што маюць агульныя ўласцівасці; мера і спосаб аб’яднання агульнага і адзінкавага ў адной з’яве. Напрыклад, паняцце «беларус» выступае як агульнае ў адносінах да кожнага чалавека бел. нацыянальнасці і як асаблівае да паняцця «славянін»; апошняе выступае як агульнае ў адносінах да паняцця «беларус» і як асаблівае да паняцця «чалавек». Аналагічна ў адносінах да асобнага чалавека бел. нацыянальнасці асаблівае (напр., беларус) з’яўляецца агульным, а ў адносінах да яшчэ большай агульнасці (чалавек) яно можа быць адзінкавым. Узаемасувязь адзінкавага, асаблівага і агульнага мае важнае метадалагічнае значэнне. У працэсе пазнання яна можа рэалізоўвацца ў 2 кірунках: шляхам узыходжання ад адзінкавага да асаблівага і ад яго да ўсеагульнага, а таксама ад усеагульнага і агульнага да асаблівага і ад яго да адзінкавага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Р.Чарвякоў, І.В.Лагун, Ю.У.Памецка, У.В.Скарынка, А.Х.Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр.узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.Р.Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС ((Benavente y Martinez) Хасінта) (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),
іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стылі італьян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўская прэмія 1922.
Літ.:
Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж.Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.