ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1338,

пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.

Я.​А.​Юхо.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН (МАСІ́Ў),

басейн падземных вод, элемент падземнай гідрасферы ў межах тэктанічнай структуры. Адрозніваюць некалькі тыпаў гідрагеалагічнага басейна (м.): артэзіянскі басейн; басейн грунтавых вод, абмежаваны гідрадынамічнымі межамі або прымеркаваны да адкладаў пэўнага літолага-стратыграфічнага комплексу; басейн трэшчынных вод або гідрагеал. масіў трэшчынных грунтавых і трэшчынна-жыльных вод (гл. Беларускі гідрагеалагічны масіў); бас. падземнага сцёку (гл. Рачны басейн). На тэр. Беларусі вылучаюць 3 гідрагеал. басейны (Аршанскі, Брэсцкі і Прыпяцкі) і 1 гідрагеал. масіў.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАБА́НЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—90,

узброенае выступленне супраць аўстр. панавання (з 1714) у бельг. правінцыях. Пачалася ў Брабанце пад уплывам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ходзе ваен. дзеянняў арміі бельг. валанцёраў супраць аўстр. войск і нар. паўстанняў у Бруселі і інш. гарадах (кастр.снеж. 1789) вызвалена амаль уся тэр. Бельгіі і абвешчана незалежнасць Злучаных штатаў Бельгіі (11.1.1790). Барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі, якія ўзначальвалі рэв. рух, аслабіла ўнутрыпаліт. становішча. Задушана аўстр. ўладамі ў снеж. 1790.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (каля 8—6-га тыс. да н.э.) на тэр. Волга-Камскага міжрэчча. Назва ад стаянкі каля в. Бутава Старыцкага р-на Цвярской вобл. Насельніцтва вяло рухомы лад жыцця. Аснова гаспадаркі — паляванне. Для бутаўскай культуры характэрны крамянёвыя разцы акруглыя і з неапрацаванай пляцоўкай, геам. мікраліты (на познім этапе), вербалістыя і тронкавыя наканечнікі стрэл. У фарміраванні бутаўскай культуры значную ролю адыгралі познасвідэрскія і арэнбургскія элементы.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧЫ́ХІНСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж зводным атрадам 2-й Бел. партыз. брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі і ням фаш. гарнізонам на ст. Бычыха Мехаўскага р-на (цяпер у Гарадоцкім р-не) Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 15 ліп. партызаны з боем уварваліся ў акопы і апорныя пункты ворага, разграмілі гарнізон на станцыі і тэр. былой МТС. У выніку бою чыгунка Віцебск—Невель была выведзена са строю больш як на суткі.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎСАН ((Dauson) Джордж Мерсер) (1.8.1849, г. Пікту, Канада — 2.3.1901),

канадскі географ і геолаг. Даследаваў раён вярхоўяў р. Фрэйзер (1878), выканаў геал. здымку рэк Бау і Белі (1880—82) і зах. ч. Скалістых гор (1882—84), а-воў Ванкувер і Каралевы Шарлоты. У 1887—88 узначальваў экспедыцыю па геолага-геагр. вывучэнні тэр. паўн.-зах. Канады. Яго імем названы горад у вусці р. Клондайк на ПнЗ Канады і горны хрыбет у вярхоўях р. Юкан.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз. Бел. дзярж. музея, астатняя — у Бел. дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.

І.​Ф.​Маско.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,

частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ ФОНД,

сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)