НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. neutralisation ад лац. neuter ні той, ні іншы),

1) рэакцыя нейтралізацыі, хім. рэакцыя паміж к-той і асновай, узятымі ў стэхіяметрычных суадносінах; адзін са спосабаў сінтэзу солей. У водных растворах прыводзіць да ўтварэння солі і малекул вады за кошт злучэння іонаў гідраксонію і гідраксільных груп (напр., 2KOH+H2SO4 = K2SO4+2H2O ці ў іонным выглядзе H​++OH​ = H2O). Ляжыць у аснове шэрагу метадаў цітраметрычнага аналізу. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы сцёкавых вод.

2) Працэс абясшкоджвання небяспечных адходаў прам-сці.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЛІСА, Оплеса,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 2,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 7—12 м, разараныя, на У пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, месцамі забалочаныя. Упадае ручай з воз. Глыбошчына, выцякае ручай у р. Друйка.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОРТ (ням. Ort),

сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і германскіх дзяржаў у 17—18 ст. Адпавядаў ​1/4 талера. Намінальны кошт О. мяняўся са зменай курсу талера. Першыя О., выпушчаныя ў 1608 у Гданьску, раўняліся 10 грошам, пазней 16 і 18 грошам. У 1660-я г. курс О. зраўняўся з коштам злотых (тымфаў), таму ў актавых крыніцах яны абазначалі адну і тую ж грашовую адзінку. На тэр. Беларусі ў 17—18 ст. абарачаліся польскія і прускія О.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,

залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.

Літ.:

Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СЬ,

вал вядучага моста самаходнай колавай машыны, які перадае вярчэнне ад дыферэнцыяла на вядучае кола. Бываюць паўразгружаныя і поўнасцю разгружаныя. Паўразгружаная П. нясе на сваім канцы вядучае кола. Выкарыстоўваецца ў легкавых аўтамабілях, дзе нагрузкі на колы адносна невялікія. Поўнасцю разгружаная П. свабодна праходзіць праз адтуліны вядучага моста і злучаецца са ступіцай вядучага кола, падшыпнікі якога ўстаноўлены на бэльцы вядучага моста, якая ўспрымае папярочныя і падоўжныя сілы, што ўзнікаюць на вядучым коле. Выкарыстоўваюцца на грузавых аўтамабілях, аўтобусах, цяжкіх колавых трактарах.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ БА́НКАЎСКІ КАЛЕ́ДЖ Засн. 30.10.1944 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як улікова-крэдытны тэхнікум, з 2.9.1997 — банкаўскі каледж. Навучанне па спецыяльнасці банкаўская справа (2000/01 навуч. г.) вядзецца па 2 узроўнях. Першы дае сярэднюю спец. адукацыю па асн. адукац. праграме з прысваеннем кваліфікацыі «эканаміст»; другі — сярэднюю спец. адукацыю па прафес. адукац. праграме павышанага ўзроўню з прысваеннем кваліфікацыі «эканаміст» са спецыялізацыямі «міжнар. банкаўскія аперацыі» і «прававое рэгуляванне банкаўскай дзейнасці». Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМО́ДЫІ (Plasmodium),

род аднаклетачных паразітычных арганізмаў падатр. гемаспарыдый кл. спаравікоў. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Узбуджальнікі малярыі пазваночных жывёл і чалавека. Пераносчыкі П. — насякомыя, часцей малярыйныя камары.

У эрытрацытах, эпітэліяльных клетках і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы пазваночных жывёл (прамежкавыя гаспадары) П. праходзяць стадыі бясполага развіцця. З крывёю трапляюць у арганізм насякомага-крывасмока (дэфінітыўны гаспадар) і ў яго кішэчніку праходзяць палавое развіццё. Са слінаю насякомага П. зноў трапляюць у кроў жывёлы ці чалавека.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае вызначэнне мэт, паказчыкаў, заданняў (тэрмінаў, тэмпаў, прапорцый) развіцця сац. працэсаў і асн. сродкаў іх ажыццяўлення. Аб’екты П.с.: грамадства ў цэлым; кожная са сфер грамадскага жыцця; сац. працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Асн. мэта — дасягненне сац. справядлівасці, сац. роўнасці і сац. абароненасці людзей. Наяўнасць агульных для ўсяго грамадства мэт не выключае спецыфічных мэт, паколькі грамадства складаецца з мноства падсістэм, канкрэтных аб’ектаў, кожны з якіх займае асобнае месца і вырашае свае задачы. Гл. таксама Планаванне ў эканоміцы.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАСКА, Прохазка (Procháska, Procházka),

Іржы (Георг; 10.4.1749, Бліжкавіцы, Чэхія — 17.7.1820), чэшскі фізіёлаг, анатам, афтальмолаг; папярэднік Я.Пуркіне. Адзін са стваральнікаў рэфлекторнай тэорыі. Скончыў Венскі ун-т (1776). У 1778—80 і 1791—1818 праф. Венскага і ў 1790—91 Пражскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і фізіялогіі нерв. сістэмы, мышцаў, структуры кровазвароту. Прапанаваў тэрмін «рэфлекс». Правёў каля 3 тыс. аперацый на органах зроку. Заснаваў анатамічныя музеі ў Вене, Празе і навук. Мед. т-ва ў Празе.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)