неабарачальнае спыненне жыццядзейнасці; непазбежная канчатковая стадыя існавання жывога арганізма. Працэс надыходу С. вывучае танаталогія. Уласціва цэламу арганізму і яго часткам. Штодня ў жывым арганізме гінуць мільёны клетак розных органаў і тканак, у асобных тканках іх месца займаюць новыя.
Адрозніваюць С. натуральную (у доўгажыхароў; асобныя выпадкі), гвалтоўную (у выніку наўмысных ці ненаўмысных дзеянняў, няшчасных выпадкаў), паталаг. (заўчасная, выкліканая рознымі хваробамі). Прычыны гвалтоўнай С. вывучае суд. медыцына. С. ад хвароб абумоўлена развіццём цяжкіх ускладненняў. Калі ўскладненні развіваюцца раптоўна і хутка прыводзяць да С., яе наз. раптоўнай. Бывае таксама С. унутрывантробная (С. зародыша зародку* або плода, што настае ў арганізме маці на любым этапе ўнутрывантробнага жыцця. у т. л. пры родах). У цеплакроўных жывёл і чалавека С. найперш звязана са спыненнем дыхання і кровазвароту. Адрозніваюць 2 асн. этапы С. — т.зв. клінічную і біял. (сапраўдную). Клінічная С. (спыняецца дыханне і кровазварот, але клеткі і органы яшчэ жывуць) — абарачальны этап памірання, калі за 4—6 мін прыняць неабходныя меры (гл. Рэанімацыя) Магчыма ажыўленне і ў больш аддалены час, але ў кары галаўнога мозга ўзнікаюць неабарачальныя змены — С. мозга. Біял. С. неабарачальная — спыняюцца біял. працэсы ў клетках і тканках; пад уздзеяннем гідралітычных ферментаў, якія выдаляюцца з тканак, пачынаецца распад бялковых структур. У першую чаргу адбываецца распад залозістых органаў — падстраўнікавай залозы, печані. Біял. С. папярэднічае тэрмінальны стан.
Літ.:
Саркисов Д.С. Очерки истории общей патологии. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАРО́БСТВА,
выраб сыроў з малака с.-г. жывёл. Працэс вытв-сці заснаваны на згусанні малака з дапамогай сычужнага ферменту або малочнай к-ты і ўключае падрыхтоўку малака да згусання (нармалізацыю, пастэрызацыю, унясенне бактэрыяльных заквасак), ператварэнне яго ў шчыльны згустак, выдаленне залішняй сыроваткі, фармаванне, прасаванне ў галоўкі, саленне і вытрымку для выспявання.
Сычужныя сыры атрымліваюць сквашваннем малака пад уздзеяннем сычужных ферментаў, кісламалочныя — малочнай к-ты. Цвёрдыя сыры (галандскі, расійскі і інш.) пасля салення вытрымліваюць пэўны час для выспявання і набыцця характэрнага смаку, водару, кансістэнцыі і колеру; мяккія (ракфор і інш.) выспяваюць пры уздзеянні паверхневай мікрафлоры і цвілі; расольныя (брынза, чанах, сулугуні і інш.) — у расоле, таму не маюць скарынкі і адрозніваюцца вострасалёным смакам. Плаўленыя сыры атрымліваюць пераплаўленнем натуральных сыроў з выкарыстаннем розных (адпаведных кожнаму віду сыру) рэцэптур. Гатовы сыр звычайна пакрыты парафінам. палімернымі плёнкамі, эмульсіямі, этыкетнай паперай. У С. выкарыстоўваюць механізаваныя сыраробныя ванны, фармовачныя апараты, машыны для апрацоўкі парафінам і інш.
С. было развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме, у сярэднія вякі асн. раёнам С. лічылася даліна р. По (Італія). У Францыі рабілі пераважна мяккія сыры (камамбер, ракфор, бры), у Швейцарыі — швейцарскія (эментальскія), у Галандыі — галандскі (эдамскі). Прамысл. развіццё ў Еўропе і Амерыцы С. атрымала ў 19 ст., у Расіі — у 2-й пал. 19 ст. На Беларусі сыраварні вядомы з 16 ст. У свеце вырабляецца каля 700 відаў сыроў (у краінах СНД больш як 160). Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІЛІ́ЯЗМ (ад грэч. chilias тысяча), міленарызм (ад лац. mille тысяча),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога канчатковаму канцу свету будзе папярэднічаць тысячагадовы перыяд Царства Божага (другое прышэсце Хрыста), калі ўсталююцца ўсеагульны мір і гармонія паміж чалавекам і прыродай. Узнік ва ўлонні хрысціянства на мяжы 1—2 ст., відаць, пад уплывам іудзейскага вучэння пра месію. Гал. біблейская крыніца Х. — літаральнае тлумачэнне 20—22-й глаў Адкрыцця св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіса), а таксама сцвярджэнні ў інш. кнігах Новага Запавету (Евангелле ад Лукі, 1-е Пасланне да карынфіян апостала Паўла і інш.). Заснавальнікам Х. лічыцца ератык апостальскіх часоў Керынф (некат. прыпісвалі яму аўтарства Апакаліпсіса).
Хіліястычных ідэй прытрымліваліся многія стараж.-хрысц. тэолагі і пісьменнікі (Папій Іерапольскі, Юсцін-філосаф. Юлій Афрыканскі, К.С.Ф.Тэртуліян і інш.). Супраць Х. выступалі Дыянісій Вялікі, Еўсевій Кесарыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзім, Аўгусцін Блажэнны і інш. У 2 ст. Х. быў найб. пашыраны ў малаазійскіх цэрквах, у 3 ст. — у Егіпце. У 4 ст., калі хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй у Рым. імперыі, хрысц. царква пачала праследаваць хіліястаў як ератыкоў. У сярэдневякоўе, у час росквіту разнастайных містычных вучэнняў, Х. аднавіўся і стаў часткай многіх ератычных вучэнняў; яго прапаведавалі Іаахім Флорскі. радыкальныя рэфарматары (альбігойцы, Т.Мюнцэр, гусіты. анабаптысты). Х. пашырыўся ў 19—20 ст.: яго прытрымліваюцца адвентысты, мармоны, сведкі Іеговы. Каталіцкі касцёл з Эфескага сабора (431) лічыць Х. тэалаг. памылкай (у 1944 ён афіцыйна асуджаны каталіцкімі касцельнымі ўладамі). Правасл. багаслоўе пакідае гэтае пытанне адкрытым. Адмоўна ставяцца да Х. і асн. пратэстанцкія цэрквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІО́РКСКІ КАГАНА́Т,
дзяржава племяннога саюза цюркаў у 552—745 на тэр.Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Кітая. На чале дзяржавы стаяў каган. У 545 цюркі разграмілі уйгурскія плямёны, у 551 — жужан. У 555 пад уладай цюркаў былі ўсе народы Цэнтр. Азіі, у т. л. кідані ў Зах. Маньчжурыі і енісейскія кіргізы. У 560-я г. яны перамаглі Эфталітаў дзяржаву, у 570-я г. ў залежнасць ад Ц.к. трапілі паўн.-кіт. дзяржавы Чжоў і Цы. У саюзе з Візантыяй Ц.к. пачаў вайну супраць Ірана за кантроль над Вялікім шаўковым шляхам; у 571 мяжа паміж імі праходзіла па р. Амудар’я, а ў 588—589 да Ц.к. далучаны і некаторыя вобласці на зах. беразе Амудар’і. У 576 цюркі захапілі Баспор (Керч), у 581 узялі ў аблогу Херсанес Таўрычаскі. У канцы 6 ст. з-за міжусобіц і паліт. крызісу Ц.к. распаўся на ўсх. (цэнтр.-азіяцкую) і зах. (сярэднеазіяцкую) часткі. Асн. землі Зах. Ц.к. ў 658—659 акупіраваны кіт. войскамі. У 704 Зах. Ц.к. вызваліўся ад кіт. залежнасці, але напады суседзяў і ўнутр. супярэчнасці прывялі яго да гібелі ў 740. Усх. Ц.к. у 609—619 аднавіў свой уплыў у Цэнтр. Азіі, але пасля паражэння ў 630 у вайне трапіў у залежнасць ад Кітая. У 691—716 на кароткі час ён пашырыў сваю тэр. ад Маньчжурыі да Сырдар’і; цюркскія атрады дайшлі да Самарканда. У 712—713 ён пацярпеў паражэнне ў бітвах з арабамі. Усх. Ц.к. распаўся на ўдзельныя княствы, а на яго месцы ўзнік Уйгурскі каганат (745—840).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГІСТАРЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (Białoruskie Towarzystwo Historyczne),
навуковая арг-цыябел. гісторыкаў у Польшчы. Створана ў 1993. З 1993 старшыня А.Мірановіч, з 1996 — А.Латышонак. Друкаваны орган — час.«Бялоруске зэшыты гісторычнэ» (гл. Дадатак). Аб’ядноўвае каля 20 членаў (Я.Вапа, К.Гамулка, А.Глагоўская, С.Іванюк, Ю.Каліна, Латышонак, А. і Я.Мірановічы, Р.Сасна, Д.Фёнік, В.Харужы і інш.). У сваёй дзейнасці кіруецца статутам. Ставіць за мэту развіццё навук. і культ.-асв. дзейнасці бел. грамадства ў Польшчы, вывучэнне і распаўсюджванне гіст. ведаў пра Беларусь і беларусаў у Польшчы, спрыяе захоўванню бел.нар. традыцый; прапагандуе міжнац. і рэліг. талерантнасць, узмацненне добрых узаемаадносін паміж беларусамі і палякамі. Арганізоўвае і праводзіць канферэнцыі, сімпозіумы, семінары па праблемах беларусазнаўства, гісторыі Беларусі і гісторыі беларусаў у Польшчы. Выдала шэраг навук. манаграфій, у т. л.: працы Сасны і Фёніка «Гісторыя царквы ў Бельску Падляскім» (1995), «Орля на Падляшшы: Гісторыя царквы, горада і ваколіц» (1997), «Прыход Рыбалы» (1999); В.Харужага «Беларускі незалежны выдавецкі рух у Польшчы, 1981—1990» (1994); Латышонка «Беларускія вайсковыя фарміраванні, 1917—1923» (1995); Глагоўскай «Беларусь 1914—1929: Культура пад прэсам палітыкі» (1996); А.Мірановіча «Тэадозій Васілевіч. Архімандрыт слуцкі, епіскап беларускі» (1997), «Манастырскае жыццё на Падляшшы» і «Мітрапаліт Юзаф Нелюбовіч-Тукальскі» (1998); зб-кі «Беларускі студэнцкі рух у Польшчы 1981—1992. Выбраныя дакументы», «Беларусы і польска-беларускія адносіны на Беласточчыне, 1944—1956» (т. 1, ч. 1; абедзве 1996), А.Катковіч, В.Катковіч-Клентак «Успаміны» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНТАЛІТЭ́Т,
ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.
Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.Феўр, І.Меерсон, Р.Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.
М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш.Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст.пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;
Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;
История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і паддзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, уз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЛЕМЫ ЦЕПЛА- І МАСААБМЕНУ
Даследаванні ў галіне цепла- і масаабмену на Беларусі пачаліся ў 1927 з арганізацыяй н.-д. лабараторыі, рэарганізаванай у 1929 у Бел.НДІ прам-сці. У ін-це вяліся даследаванні па камернай сушцы паперы, рацыянальным выкарыстанні кацельных і цеплавых установак, атрыманні вапны з рыхлага мелу. У даваенны перыяд цеплавыя і масаабменныя працэсы вывучаліся ў БПІ, Мінскім НДІбуд. матэрыялаў, Ін-це торфу; з 1952 — у Ін-це энергетыкі АН Беларусі. Уклад у развіццё навукі аб цепла- і масаабмене зрабіў А.В.Лыкаў, які з 1956 узначальваў Ін-т энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену). У выніку яго дзейнасці створана матэм. тэорыя пераносу энергіі і рэчыва, сфармулявана сістэма ўраўненняў узаемазвязанага цепла- і масапераносу, вывучаны цепла- і масаабмен у фіз. сістэмах (капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных асяроддзях) з улікам эфекту канчатковасці хуткасці распаўсюджвання субстанцыі, якая пераносіцца, пастаноўка і рашэнне звязаных задач цеплаабмену. Пад кіраўніцтвам П.С.Куца далей развіты тэорыя і тэхналогія высокаінтэнсіўных метадаў сушкі розных матэрыялаў.
Працэсы цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах інтэнсіўна даследаваліся з канца 1950-х г. С.С.Забродскім і яго вучнямі — В.А.Барадуляй, М.В.Антанішыным. Для атрымання зададзеных уласцівасцей дысперснай сістэмы распрацаваны мадыфікацыі псеўдазвадкаванага слоя: кіпячы, фантануючы, пульсуючы, электратэрмічны. У Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі даследаваліся сістэмы ахаладжэння атамных і цеплавых электрастанцый, вывучаліся пытанні эфектыўнасці цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хім. рэакцый у цепланосьбіце (А.К.Красін, А.А.Міхалевіч, В.Б.Несцярэнка, Л.І.Калыхан). У наш часасн.навук. даследаванні праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену імя Лыкава, Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це.
У галіне свабодна-канвектыўнага цеплаабмену пад кіраўніцтвам А.Р.Мартыненкі праведзены комплекс работ па аэратэрмаоптыцы: выкананы даследаванні гідрадынамікі і цеплаабмену шырокага класа зрухавых цячэнняў вадкасцей і газаў пры розных межавых умовах у каналах складанай формы, струменях. Выяўлены заканамернасці экалагічнага ўздзеяння вежавых градзірань выпарнога тыпу, прызначаных для ахаладжэння вады, якая цыркулюе на ТЭЦ і АЭС. Практычныя вынікі ўкаранёны на Мінскай ТЭЦ-4. Пад кіраўніцтвам Л.Л.Васільева распрацаваны цеплавыя трубы і цеплаабменнікі на іх аснове, што дазволіла рашыць задачы інтэнсіўнага награвання, ахаладжэння і тэрмастабілізацыі вырабаў, якія працуюць у космасе, дзе ўзнікаюць вял. пераменныя цеплавыя нагрузкі. Выкананы даследаванні па макракінетыцы сітаватых электродаў — своеасаблівых хім. рэактараў у выглядзе двух- і трохфазных сістэм з электрахім. пераўтварэннямі, што дазволіла прапанаваць апісанне і распрацаваць аптымізаваныя варыянты канструкцыі электродаў (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі, І.Р.Гурэвіч). Пад кіраўніцтвам Р.І.Салаухіна выкананы комплекс даследаванняў працэсаў пераносу ў нераўнаважных асяроддзях: вывучаны газадынамічныя працэсы і з’явы цепла- і масапераносу ў лазерна-актыўных асяроддзях. Выкананы даследаванні вагальнай рэлаксацыі малекулярных газаў у вельмі нераўнаважных умовах; створаны метады і апаратныя сродкі для выкарыстання нераўнаважнай плазмы, з’яў звышадыябатычнага гарэння ў сістэмах ачысткі паветра і вадкіх асяроддзяў ад арган. дамешкаў, для атрымання азону, даследаваны працэсы пераносу пры фільтрацыйным гарэнні і новыя тыпы гарэлачных прылад (С.А.Жданок). Выяўлены і апісаны заканамернасці палёў скарасцей і ўнутр. гравітацыйных хваль у вадкасцях з вял. значэннямі малекулярнага ліку Прандтля (Б.А.Калавандзін). Выкананы тэарэт. даследаванні ў галіне фізікі плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы, разлічаны оптыкафіз. параметры шматзараднай плазмы і характарыстыкі пераносу ў іанізаваных асяроддзях (М.А.Ельяшэвіч, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, К.Л.Сцяпанаў). Разгледжаны выпадкі ўздзеяння лазернай (паверхневай) і электроннай (аб’ёмнай з максімумам на глыбіні пад паверхняй) крыніц цяпла на кампазіцыйныя матэрыялы, што дазволіла ствараць новыя цеплаахоўныя матэрыялы (М.У.Паўлюкевіч, С.І.Шабуня). Створаны магутныя газадынамічныя ўстаноўкі (плазматроны, паскаральнік плазмы), на якіх выкананы даследаванні і выпрабаванні цеплаахоўных матэрыялаў для касм. і лятальных апаратаў, тэхнал. выкарыстанняў плазменных патокаў (С.К.Краўчанка, В.У.Торапаў, М.С.Траццяк). Распрацаваны метады разліку хуткасці вынасу масы цеплаахоўных матэрыялаў цеплавымі патокамі, якія ўзнікаюць пры ўваходзе касм. апаратаў у атмасферу. Пад кіраўніцтвам З.П.Шульмана выкананы комплекс даследаванняў па канвектыўным цепла- і масапераносе ў рэалагічна складаных сістэмах. Створаны тэхналогіі вытв-сці супертонкіх мінеральных валокнаў і прамога атрымання сталі з жалезарудных акатышаў, комплекснай перапрацоўкі металазмяшчальных адходаў і пазапячнога атрымання легіраваных сплаваў (А.М.Лакцюшын). Распрацаваны тэхналогіі перапрацоўкі парашкападобных і цвёрдых рэчываў для сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў у плазме дугавога разраду, перапрацоўкі фасфатнай сыравіны, таксічных і радыеактыўных адходаў (А.Л.Масэ), тэхналогіі нанясення зносаўстойлівых ахоўных пакрыццяў (Н.М.Дарожкін). Створаны асновы вылічальнай тэрмаграфіі. Развіты метады тэрмаметрыі складаных біял. сістэм і чалавека, што дазволіла прапанаваць новыя метады і апаратурныя сродкі для мед. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі многіх хвароб (У.Л.Драгун, С.А.Філатаў). Выкананы даследаванні цеплафіз. уласцівасцей газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; створаны метады вымярэнняў цеплавых, акустычных і інш. параметраў, якія дазваляюць стварыць базы даных па цеплафіз. уласцівасцях рэчываў (А.Г.Шашкоў, В.І.Крыловіч, С.А.Танаева).
У Бел.нац.тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.-В.І.Вейніка і У.І.Цімашпольскага створана навук. школа цеплафізікаў па вывучэнні працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі. Распрацаваны асновы цеплавой тэорыі ліцця, прапанаваны метады разліку працэсаў зацвердзявання, нагрэву і тэрмічнай апрацоўкі металу.
Літ.:
Лыков А.В. Теплообмен: Справочник. М., 1973;
International Encylopedia of Heat and Mass Transfer. New York, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОВАЗНАЎСТВА
Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.Буднага, В.Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.Будны і В.Цяпінскі (напр., у С.Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).
Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.Зізанія і М.Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).
Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.Чачот, П.Шпілеўскі, А.Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.Шпілеўскага, К.Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.Брукнер (Польшча), П.Уладзіміраў, А.Шахматаў, М.Карпінскі (Расія), К.Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.Калайдовіча, Ф.Галатузава, І.Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.Насовіча, Ф.Шымкевіча, М.Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс.бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.Чачота, К.Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.
Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Зарэцкага, К.Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».
У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.Байкова і С.Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.Байкоў і А.Бараноўскі), праву (М.Гуткоўскі), батаніцы (З.Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел.нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.Байкова, І.Ваўка-Левановіча, Я.Карскага, П.Растаргуева і інш. У 1928 П.Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.
У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.Фасмер, Ю.Галомбак, Я.Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНКБССРпад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМБССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.
У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.Ломцева, К.Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» падрэд. А.Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.Байкоў, П.Бузук, І.Воўк-Левановіч, М.Гарэцкі, С.Некрашэвіч, Б.Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.
У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.Булахава, М.Гурскага, М.Жыдовіч, Ц.Ломцева, М.Марчанкі, Ю.Мацкевіч, П.Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» падрэд. К.Крапівы, М.Булахава, П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» падрэд. М.Бірылы і П.Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» падрэд. А.Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» падрэд. М.Бірылы і Ю.Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» падрэд. М.Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.Абабуркі, І.Бялькевіча, М.Каспяровіча, Я.Камароўскага і Е.Мяцельскай, П.Сцяцко, Л.Шаталавай, М.Шатэрніка, Г.Юрчанкі, Р.Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.Рапановіча, працы Я.Адамовіча, В.Жучкевіча, В.Лемцюговай, А.Мезенка, М.Судніка, Г.Усціновіч, І.Яшкіна і інш.
У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» падрэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» падрэд. К.Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» падрэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» падрэд. Г.Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» падрэд. М.Судніка і М.Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча і Л.Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча, М.Круталевіча і А.Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.Мажэйкі і Я.Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.Пазнякова (1988), Н.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.Кіпеля і З.Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).
Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.Бірыла, Л.Вардамацкі, Л.Выгонная, Я.Івашуціч, А.Крывіцкі, А.Падлужны, Э.Смулкова, В.Чэкман, Ф.Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, падрэд. А.Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.Жыдовіч і А.Наркевіча (назоўнік), М.Булахава (прыметнік), Ю.Мацкевіч (дзеяслоў), Т.Сцяшковіч (займеннік), П.Вярхова (лічэбнік), П.Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.Бурака, А.Міхневіча, А.Наркевіча, Л.Падгайскага, В.Протчанкі, П.Сцяцко, М.Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.Лукашанца, М.Паўленкі, М.Прыгодзіча, Л.Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.Баханькова, М.Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, падрэд. А.Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.Абабуркі, А.Булыкі, В.Краснея, М.Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.Даніловіч, Я.Камароўскі і Е.Мяцельская, Г.Юрчанка, Ф.Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.Кісялёў, І.Лепешаў, З.Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.Аксамітава, М.Даніловіча, У.Коваля, І.Лепешава, Г.Параскевіч, Ф.Янкоўскага і інш.
Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.Карскага, В.Ластоўскага, Я.Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.Мартэлем, Х.Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.Булахава, М.Булыкі, Н.Вайтовіч, А.Груцы, А.Жураўскага, І.Крамко, У.Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.Жураўскага, І.Крамко, А.Юрэвіч, А.Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.Анічэнкі, К.Гурскага, А.Лукашанец, Б.Плотнікава, А.Супруна і інш.
У 1980—2000-я г.бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.Лясохін, К.Лук’яненкаў, В.Нешытой, Б.Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.Грыб, В.Мартынаў, Б.Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.Зубаў, В.Мартынаў, А.Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.Плотнікаў, А.Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.А.Ярмаш) і інш.
У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац.АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш.Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.
Літ.:
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;
Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;
Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр.давед.Т. 1—3. Мн., 1967—93.