«25 САКАВІКА́»,

часопіс студэнцкай моладзі Віленскага ун-та. Выдаваўся ў 1936—39 у Вільні на бел. мове. Прытрымліваўся ідэйна-паліт. праграмы групоўкі моладзі, якая імкнулася спалучаць ідэал суверэннай Беларусі з хрысціянствам і элементамі сацыялізму. У «Ідэйнай дэкларацыі маладых адраджэнцаў» выказваўся за кааператыўна-карпарацыйны лад як аснову дзярж. ладу. Сваю мэту бачыў у садзейнічанні фарміраванню «новага тыпу беларуса...» на аснове абвешчанай у 1918 незалежнасці БНР. Прапагандаваў ідэю суверэннасці Беларусі, аддаваў увагу праблемам духоўнага жыцця народа і ролі нар. культуры, асвятляў дыскусійныя пытанні, падзеі ў культ. і грамадскім жыцці Зах. Беларусі і ў Вільні. Выйшла 5 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.5(10.6).1917 да ліст. 1918 у Мінску на бел. мове. У 1917 выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 штотыднёва. Рэдактар Я.Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліп. 1917 Т-ва бел. культуры. Спачатку выступала за культ.-нац. і дзярж. аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакр. федэратыўнай Расіі. Пасля абвяшчэння БНР «Вольная Беларусь» пачала выступаць за незалежную дэмакр. Беларусь, заклікала да стварэння бел. нац. войска, крытыкавала палітыку ваен. камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Актыўнымі супрацоўнікамі газеты былі З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎ,

старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.Г.Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.

Я.Г.Звяруга.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,

газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».

С.В.Говін.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́К студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта, культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.А.Разенфельд, стараста Б.А.Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.Ф.Карскі, Е.Р.Раманаў, А.А.Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,

газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ. «Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш. бел. акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З

(БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.Ц.Рагуляй і Ф.Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.Більдзюкевіч, Б.Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.Ф.Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіла з 8.3 да 23.8.1918 у Мінску на бел. мове ва ўмовах герм. акупацыі. Рэдактар-выдавец з № 1 П.Аляксюк; з № 2 рэдактар А.Прушынскі (А.Гарун), выдавец — т-ва «Заранка». Мэта выдання — сац.-эканам. і культ. адраджэнне Беларусі, яе дзярж. самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку Рады БНР і яе выканаўчага органа — Народнага сакратарыята Беларусі. Асвятляла нац. грамадска-паліт. і культ. рух, змяшчала інфармацыю пра бел. асветны рух, пра дзейнасць Рады БНР, паліт. партый і груповак. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Сав. Расіі. Садзейнічала арганізацыі бел. школ, развіццю бел. культуры.

У.М.Конан.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадзішча скіфскай культуры канца 8 — пач. 3 ст. да н.э. каля в. Бельск Палтаўскай вобл.; самае вялікае ва Усх. Еўропе (4021 га). Складаецца з 4 дрэваземляных умацаванняў з валамі і равамі. Агульная даўж. сцен 33 833 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі наземных зрубных жытлаў і зямлянак, бронзаліцейных і жалезаздабыўных майстэрняў, кузняў, свяцілішча, драўлянага храма з калонамі. Сярод знаходак антрапа- і зааморфныя гліняныя статуэткі, міжземнаморскія амфары, шкляныя пацеркі і інш. Бельскае гарадзішча атаясамліваецца даследчыкамі з г. Гелон, які ўпамінаецца Герадотам, лічыцца адм., рамесным, гандл. і рэліг. цэнтрам паліт. аб’яднання гелонаў, неўраў і будзінаў.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Benoît) Петэр Леанард Леапольд

(17.8.1834, Харэлбеке, прав. Зах. Фландрыя, Бельгія — 8.3.1901),

бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням. муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)