АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),

архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.

Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак. Пл. 360 тыс. км².

Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж. каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав. ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.

Базавая школа, б-ка.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zamojskie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. Пл. 6986 км², нас. 493 тыс. чал., гарадскога 30,3% (1993). Адм. ц. — г. Замасць. Найб. гарады: Тамашаў-Любельскі, Грубешаў, Білгорай, Шчэбжэшын. На Пн займае ўсх. ч. Замойскай даліны, на Пд — узв. Расточэ. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600—660 мм за год. Гал. рэкі: Буг з прытокам Гучва, Вепш, Танеў. Глебы ўрадлівыя (чарназёмы і буразёмы). Пад лесам 22,6% тэр. (найб. пушча Сольская). Пераважае сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі 70,2% тэр., у т. л. 58% пад ворывам. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, хмель, тытунь, каноплі, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., алейна-тлушчавая, мукамольна-крупяная, агароднінакансервавая, піваварная), лёгкая (швейная, трыкат.), дрэваапр. (мэблевая). Вытв-сць буд. матэрыялаў (кераміка).

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГО́НЫ, гвалты,

адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАГУ́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zielonogórskie),

адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Пл. 8868 км², нас. 669 тыс. чал., гарадскога 61,9% (1993). Адм. ц. — г. Зялёна-Гура. Найб. гарады: Нова-Суль, Жары, Жагань, Свябодзін, Губін, Сулехаў, Любска. Займае зах. ч. Велікапольскай нізіны, на Пн Любускае паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі Ныса-Лужыцка і Бубр. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя). 48,4% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: харчасмакавая (мукамольная, мясная, спіртавая), маш.-буд. (таварныя вагоны, тэкст. абсталяванне), тэкст. (дэкаратыўныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны), абутковая, дрэваапр., буд. матэрыялаў, шкляная. Здабыча нафты і газу. Пад с.-г. ўгоддзямі 40% тэр. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, сланечнік, рапс, кармавыя культуры. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ГАР (?—945),

вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.

Літ.:

Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІЯ ПА ПРАЦО́ЎНЫХ СПРЭ́ЧКАХ,

у бел. працоўным праве абавязковы пярвічны орган па разглядзе прац. спрэчак. Ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах з роўнай колькасці прадстаўнікоў прафсаюза і наймальніка тэрмінам на 1 год. Разглядае спрэчкі работнікаў, звязаныя з выкарыстаннем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і інш. лакальных нарматыўных актаў, прац. дагавораў, у т. л. аб устаноўленых расцэнках, нормах працы і ўмовах іх выканання; пераводзе на інш. работу і перамяшчэнні; аплаце працы; праве на атрыманне і памеры прэмій і ўзнагароджанняў, што належаць работніку ў адпаведнасці з існуючай у наймальніка сістэмай аплаты працы; выплаце кампенсацый і прадастаўленні гарантый; вяртанні грашовых сум, утрыманых з зарплаты работніка; прадастаўленні водпускаў; выдачы спецадзення, сродкаў індывід. засцярогі, лячэбна-прафілакт. харчавання. Камісія прымае рашэнне па згодзе паміж прадстаўнікамі наймальніка і прафсаюза. Парадак разгляду спрэчак камісіяй і рэалізацыя яе рашэнняў рэгламентуюцца заканадаўствам.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАДЖА́ЛЕ (Caragiale) Іон Лука (30.1.1852, с. Лука-Караджале, Румынія — 9.6.1912),

румынскі пісьменнік. Чл. Рум. АН (з 1949). Вучыўся ў Бухарэсцкіх кансерваторыі і ун-це. У 1888—89 дырэктар Нац. т-ра ў Бухарэсце. З 1904 у эміграцыі. Друкаваўся з 1873. У сатыр. камедыях «Бурная ноч» (1878), «Пан Леаніда твар у твар з рэакцыяй» (1879), «Згубленае пісьмо» (1884), псіхал. драме «Навала» (1890) выкрываў бездухоўнасць, мяшчанства і маральнае ўбоства, палітыканства і дэмагогію. Аўтар зб-каў апавяданняў, нарысаў і фельетонаў «Нататкі і апавяданні» (1892), «Апавяданні» (1897), «Моманты» (1901), «Моманты, замалёўкі, успаміны» (1908), памфлета «1907 год. Ад вясны да восені» (1907). Творы адметныя гратэскавасцю вобразаў і сітуацый, элементамі камічнага, афарыстычнасцю мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1953;

Комедии, юморески, рассказы. М., 1963;

Потерянное письмо: Комедия;

Рассказы. М., 1974.

Літ.:

Константиновский И.Д. Караджале. М., 1970.

Е.​А.​Лявонава.

І.Л.Караджале.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,

раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас. р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс. км² (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч. паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на У воз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)