метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл.Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.І.Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЫ́МНАЕ,
асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш.Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАШКО́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
асветніцкая дзейнасць грамадскіх арг-цый і прыватных асоб, накіраваная на задавальненне адукац. патрэб насельніцтва. Найб. ранняя форма П.а. — нядзельныя школы. У некаторых краінах (Бельгія, Германія, Данія, Францыя і інш.) П.а. атрымала пашырэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., у Рас. імперыі — у канцы 19 ст. Установы П.а. (народныя універсітэты, нядзельныя і вячэрнія школы, агульнаадук. і прафес. курсы для дарослых, нар. дамы і б-кі і інш.) да 1917 ствараліся на грамадскія і прыватныя сродкі і не ўваходзілі ў дзярж. сістэму нар. адукацыі. Пасля стварэння Галоўпалітасветы (1920) П.а. атрымала назву палітыка-асветнай, потым культ.-асветнай работы (гл. таксама Культурна-асветныя ўстановы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я КАНСТЫТУ́ЦЫЯ,
сукупнасць функцыянальных і марфал. палавых асаблівасцей арганізма чалавека, якія сфарміраваліся пад уплывам спадчынных і знешнеасяродзевых фактараў; адзін з аспектаў агульнай канстытуцыі чалавека. Характарызуе індывід. палавыя асаблівасці і іх устойлівасць да шкодных уздзеянняў. У мужчын і жанчын адрозніваюць слабы, сярэдні і моцны тып П.к. з 3 групамі-падтыпамі ў кожным тыпе (усяго 9). Вызначаюць тып П.к. па вектарнай шкале, удакладняюць па развіцці палавых прыкмет (першасных і другасных). П.к. абмяжоўвае сексуальныя магчымасці чалавека і ад яе залежыць індывід. ўстойлівасць да фактараў, якія шкодна ўплываюць на сексуальную сферу. Вызначэнне П.к. неабходна для ацэнкі сексуальных праяў канкрэтнага чалавека, размежавання іх паталогіі і нормы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),
археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлігеал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.
Р.А.Зінава.
Да арт.Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,
старажытная папуляцыя коней паўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах.ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.
Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),
удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.—вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Барыс Васілевіч) (н. 27.8.1944, с. Шатрова Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-рпед.н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1967). З 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (прарэктар). З 1999 у Нац. ін-це адукацыі. Гал. рэдактар час. «Тэхналагічная адукацыя». Навук. працы па праблемах тэорыі і методыкі навучання, рэфармавання сістэмы тэхнал. і інж.-пед. адукацыі.
Тв.:
Экранные средства в учебном процессе профтехучилищ. Мн., 1981;
Фотография: Курс для начинающих. 2 изд. Мн., 1985;
Система и элементы учебно-методического обеспечения: Рекомендации по аттестационно-выпускной работе. М, 1986 (разам з М.М.Пятровічам, Л.С.Фрыдманам).