КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.

Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл. Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл. Мазырскі кабельны завод).

У.​М.​Сацута.

Будова трохжыльнага кабелю напружаннем 10 кВ: 1 — медныя токаправодныя жылы: 2 — папяровая ізаляцыя; 3 — запаўняльнікі з папяровага жгута; 4 — слой паясной ізаляцыі з папяровых стужак; 5 — свінцовая абалонка; 6 — папяровая стужка; 7 — праасфальтаваны джут; 8 — браня з стальных стужак; 9 — вонкавае пакрыццё з кабельнай пражы, насычанай нафтабітумам.

Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць);

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́ННЕ ў вытворчасці,

форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).

У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.

Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.

Літ.:

Экономика предприятия. Мн., 1997. С. 153—156.

М.​Ю.​Пасюк.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),

нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз. Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.—кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.​Кашуцкая (В.​Костшэва), Ю.​Ляшчынскі (Ленскі), Э.​Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,

баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач. жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр. Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн. чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс. чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс. чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.​А.​Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.​К.​Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн. чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.

Літ.:

История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;

Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;

Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;

1991. № 1—5;

Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.​Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач. Вял. Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш. танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал. ліп. — 1-й пал. жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн. — пач. вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням. танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́СНЫ,

ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.

Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб. стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.

К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.

Г.​М.​Курыловіч.

Кросны.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПСКІ РАЁН.

На ПнУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 34,6 тыс. чал. (1998), гарадскога 35,5%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Крупкі; гар. пасёлкі Бобр, Халопенічы. 231 сельскі нас. пункт. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Абчугскі, Выдрыцкі, Дакудаўскі, Дзянісавіцкі, Ігрушкаўскі, Кастрычніцкі, Крупскі, Нацкі, Ухвальскі, Хацюхоўскі, Янаўшчынскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. яго паўн.-ўсх. ўскраіна ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня раўнінная. Тэр. мае агульны нахіл з ПнУ на ПдЗ да даліны р. Бярэзіна. Пераважаюць выш. 160—200 м, найвыш. пункт 225 м (на ПнЗ ад в. Хацюхова). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, буд. пяскі, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бобр з прытокамі Нача, Можа, Еленка, Пліса. На Пн верхняе цячэнне р. Эса. Найб. азёры: Сялява, Худавец, Абіда, Радомля, Нерыб. Пашыраны глебы: дзярнова-падзолістыя (42,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (38,6%), тарфяна-балотныя (13%) і інш. Пад лесам 41,6% тэр., асн. масівы на Пд. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя; 25,3% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 3,1% тэр. раёна. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Сялява, біял. Дзянісавіцкі; мясцовага значэння гідралагічныя: Абчуга, Азярышча і Рэчкі, Восава Гібалаўскае, Гразінскае, Жэўняк, Залатое, Зернае 1, Ліпкі, Масток, пойма р. Можа, Пушча, Радомля, Рачалі, Сіманава Гара, Сычоўскае, Туршэўка-Чортава, Чарапоўшчына.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 82,8 тыс. га, з іх асушана 22,1 тыс. га. У раёне 21 калгас, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля (вытв-сць свініны, ялавічыны, малака) і раслінаводства (вытв-сць зерня, бульбы, лёну). Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), ільноапр. (ільновалакно), харч. (масла, сыр, тварог, натуральныя малочныя прадукты, пладова-агароднінныя кансервы, хлеб), с.-г. машынабудавання (зернесушылкі, стагавозы, стагакіды, дарожныя каткі, рамонт с.-г. машын), дрэваапр. і буд. матэрыялаў (асфальт) прам-сці; вытв-сць дэталей для муз. інструментаў. Крупскі лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі Лепель—Халопенічы—Крупкі, Чашнікі—Бобр—Беразіно. У раёне 25 сярэдніх, 6 базавых, 6 пач., дзіцячая спарт., 2 муз. (3 філіялы) школы, дзіцячы цэнтр творчасці, турыстычная база, вучэбны камбінат, Халопеніцкі дзіцячы дом, 26 дашкольных устаноў, 11 дамоў культуры, 21 клуб, 43 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 28 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Праабражэнская царква (канец 18 ст.) у в. Грыцкавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Калодніца; Багародзіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Худаўцы. Выдаецца газ. «Ленінскім курсам».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖ,

сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.

У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Крыж. Крыжы: 1 — грэчаскі; 2 — лацінскі; 3 — патрыяршы, латарынгскі; 4 — папскі; 5 — праваслаўны; 6 — андрэеўскі (св. Андрэя); 7 — антоніеўскі (св. Антонія); 8 — відэльцападобны; 9 — мылічны; 10 — іерусалімскі; 11 — перакрыжаваны; 12 — трохлісты; 13 — кардынальскі; 14 — якарны; 15 — пашыраны; 16 — кавалерскі (рыцарскі); 17 — павысяканы; 18 — мальтанскі (мальтыйскі).

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРАЛО́ГІЯ (ад культура + ...логія),

навука пра сутнасць і тыпы культуры, яе сац. функцыі і заканамернасці гіст. развіцця. Фарміруецца на стыку з філасофіяй, сацыялогіяй, этналогіяй і інш. гуманіт. навукамі; развівалася ў формах этнаграфіі, гісторыі, філасофіі і сацыялогіі культуры. Асновы К. закладзены ў старажытнасці. Як навука вылучылася ў 20 ст.

Пазітывісты (А.​Конт, Ж.​Э.​Рэнан, Дж.​С.​Міль, Г.​Спенсер і інш.) акцэнтавалі ўвагу на сац. функцыях культуры, яе ролі ў стабілізацыі этнасу, нацыі, грамадства. Антрапал. школа ў К. (Э.​Тэйлар, К.​Леві-Строс і інш.) даследавала раннія, «варварскія» тыпы культуры. Паводле марксісцкай канцэпцыі, усе віды духоўнай творчасці — надбудова над сац.-эканам. базісам, якая ўплывае на эканам. і сац.-паліт. структуру грамадства. У кантэксце псіхааналізу культуру тлумачаць як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сац. актыўнасці (З.​Фрэйд і фрэйдысты), іх сімвалічнага выяўлення ў форме духоўных феноменаў (Э.​Касірэр, К.​Г.​Юнг). Прадстаўнікі фенаменалагізму (Э.​Гусерль і яго паслядоўнікі) і экзістэнцыялізму (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс) шукалі агульначалавечы змест, «зашыфраваны» ў нац. і рэгіянальных культурах.

На Беларусі культуралагічныя даследаванні пачаліся ў эпоху гуманіст. адраджэння (біблейская і ант. традыцыі ў асветніцтве Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​К.​Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі ў М.​Сматрыцкага, А.​Філіповіча, ідэолагаў Брэсцкай царк. уніі); пазней яны стымуляваліся культ.-нац. адраджэнскім рухам. Традыц. бел. культуру даследавалі лінгвісты, этнографы і фалькларысты рас. (І.​Насовіч, П.​Шпілеўскі, П.​Бяссонаў, П.​Шэйн, А.​Дабравольскі, М.​Нікіфароўскі, Е.​Раманаў, Я.​Карскі і інш.) і польск. (Л.​Бароўскі, К.​Буйніцкі, З.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Тышкевіч, А.​Кіркор, М.​Федароўскі і інш.) школ. У выніку нац. адраджэння 19 — пач. 20 ст. пераадольваліся аднабокія погляды на бел. культуру як на этнагр. традыцыю, сфарміравалася комплексная навука беларусазнаўства і інш. гуманіт. навукі. Бел. К. абгрунтоўвала ідэю агульначалавечай культуры як гарманічнай сугучнасці нац. і рэгіянальных культур, выявіла сутнасць бел. нац. ідэі, раскрыла якасныя характарыстыкі асноўных этапаў развіцця бел. культуры. Даследаванні ў галіне К. каардынуе Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны.

Літ.:

Гегель Г. Философия истории // Соч. М.; Л., 1935. Т. 8;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Т. 1. М., 1993;

Конан У.М. Міфалогія, фальклор і літаратура ў кантэксце нацыянальнай культурнай традыцыі // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 4;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—9. Мн., 1993—98.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)