МЫ́ЛЫ,

солі вышэйшых (з 12—22 атамамі вугляроду ў малекуле) тлустых, а таксама нафтэнавых і смаляных кіслот; у вытв-сці і быце — тэхн. сумесі водарастваральных (пераважна натрыевых і каліевых) солей стэарынавай, пальміцінавай, мірысцінавай, лаўрынавай і алеінавай кіслот.

Малекулы М. складаюцца з непалярных (вуглевадародных) і палярных (іонагенных) частак. Пры пэўнай канцэнтрацыі раствору, якая наз. крытычнай канцэнтрацыяй міцэлаўтварэння, малекулы М. ўтвараюць сферычныя часцінкі з некалькіх дзесяткаў малекул (міцэлы), вуглевадародныя радыкалы якіх арыентаваныя ўнутр міцэлы, складаюць яе ядро, а палярныя часткі ўтвараюць паверхневы слой. Міцэлаўтварэннем і высокай паверхневай актыўнасцю М. абумоўлена іх мыйнае дзеянне. М. бываюць цвёрдыя, вадкія, мяккія (пастападобныя) і парашкападобныя. Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца на гасп., туалетныя і тэхнічныя. Атрымліваюць М з тлустых алеяў, жывёльных (цвёрдых і вадкіх) тлушчаў, а таксама сінт. тлустых кіслот. Тэхн. працэс атрымання М. (мылаварэнне) складаецца з варкі і перапрацоўкі ў таварны прадукт. Пры варцы М. зыходныя тлушчы амыляюць (гл. Амыленне) шчолаччу (пераважна гідраксідам натрыю NaOH). Прадукт варкі — мыльны клей (аднародная вязкая вадкасць, гусцее пры ахаладжэнні) перапрацоўваюць у М. гасп. і туалетныя. Цвёрдыя гасп. М. (маюць 40—72% асн. рэчыва) атрымліваюць ахаладжэннем мыльнага клею. Ачысткай мыльнага клею атрымліваюць мыльнае ядро, з якога вырабляюць М. вышэйшых гатункаў — ядровыя. Для вытв-сці цвёрдых туалетных М. выкарыстоўваюць дадаткова ачышчанае ядро, зваранае з лепшай (паводле саставу) тлушчавай сыравіны. Туалетныя М. звычайныя маюць дабаўкі фарбавальнікаў, антыаксідантаў і інш. спец. рэчываў. Выкарыстоўваюць у быце (гасп. і туалетныя М. — асн. мыйны сродак). прам-сці для стабілізацыі эмульсій, як эмульгатары, кампаненты змазачна-ахаладжальных вадкасцей, флотарэагентаў і інш. Прамысл. спосаб вытв-сці М. з выкарыстаннем кальцыніраванай соды вядомы з канца 18 ст.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобл. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі арх. формамі, вытв. пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. 1-ы паверх апрацаваны буйным рустам, 2-і раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал гал. фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр’ера выкарыстаны арачныя нішы. Парк пейзажнага тыпу (пл. 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўд. частцы — палац, вял. паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўн. частцы лагчыны невял. ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод і пладовыя, трапляюцца экзоты. На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вял. паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай. У ансамбль уваходзіць вытв. комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.

А.​М.​Кулагін, В.​Р.​Анціпаў.

Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль: альтанка (уверсе); сядзібны дом.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),

царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́Т,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).

2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.

3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,

сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.

А.​В.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АБЛАСНА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА́РТЫІ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ,

рэгіянальнае аб’яднанне мясц. камітэтаў і груп партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэраў) Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і паўн.-ўсх. часткі Чарнігаўскай губ. Утварылася на з’ездзе прадстаўнікоў Беластоцкай, Бранскай, Віленскай, Віцебскай, Гомельскай, Дзвінскай, Мінскай і Смаленскай арг-цый у крас. 1904. Праграмныя пазіцыі апублікаваны ў ліп. 1904 у адозве «Да ўсіх»: заваяванне паліт. правоў; права нацый на самавызначэнне; правядзенне ідэй сацыялізму сярод сялян і рабочых; замена рэв. шляхам капіталіст. ладу сацыялістычным. У арг-цыі меўся ўхіл да максімалізму і анархізму. Дзейнасць мясц. арг-цый ПСР у зах. губернях у 1904 і першыя месяцы рэвалюцыі ў 1905 абмяжоўвалася выданнем і распаўсюджаннем лістовак, інш. парт. л-ры, правядзеннем сходаў, зборам сродкаў на патрэбы рэв. дзейнасці. Летам 1905 іх дзейнасць пашырылася ў вёсцы. Уплыў у гарадах (асабліва сярод чыгуначнікаў) стаў прыкметным у час кастр. і снеж. паліт. стачак, калі іх прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйныя міжпарт. к-ты і стачачныя камісіі, якія кіравалі масавымі выступленнямі працоўных у Мінску, Гомелі, Пінску, інш. гарадах і на чыг. станцыях. У гэты час узмацнілася тэрарыст. дзейнасць эсэраў. Пасля I з’езда ПСР (29.12.1905—4.1.1906) мясц. арг-цыі разгарнулі агітацыю за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу і неабходнасць звяржэння царызму рэв. шляхам. Паўн.-Зах. абл. арг-цыя распалася з наступленнем перыяду паліт. рэакцыі.

Літ.:

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февр. 1917 г.). Мн., 1994;

Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэв. руху. Мн., 1994.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́Н ((Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст) (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. rectificatio выпрамленне ад лац. rectus прамы, правільны + facio раблю),

раздзяленне гамагенных вадкіх сумесей на састаўныя часткі. Засн. на дыфузійным абмене кампанентаў паміж паравой і вадкай фазамі (гл. Дыстыляцыя). Суправаджаецца міжфазавым цеплаабменам. Адрозніваюць Р. двух- і шматкампанентных сумесей; ажыццяўляюць бесперапынна ці перыядычна.

Для Р. выкарыстоўваюць калонныя апараты (рэктыфікацыйныя калоны), у якіх адбываецца шматразовы кантакт паміж патокамі вадкай і паравой фаз, што рухаюцца проціцёкам. Пры бесперапыннай Р. нагрэтая зыходная сумесь бесперапынна падаецца ў сярэднюю частку калоны, дзе з яе выпарваюцца нізкакіпячыя кампаненты. Пара падымаецца ўверх па калоне, на рэктыфікацыйных талерках яна кантактуе з вадкасцю (флегмай), якая паступае зверху ўніз, узбагачаецца нізкакіпячымі кампанентамі і паступае ў дэфлегматар (кандэнсатар). Частка дыстыляту з дэфлегматара (флегма) вяртаецца ў калону на арашэнне, астатні дыстылят праз халадзільнік адпампоўваецца ў ёмістасці гатовай прадукцыі. Пры Р. шматкампанентных сумесей гатовыя прадукты адбіраюць на рознай вышыні верхняй паловы калоны (напр., пры Р. нафты зверху адбіраюць бензін, ніжэй газу і яшчэ ніжэй дызельнае паліва). Вадкая фаза сумесі, што паступае ў калону, сцякае з рэктыфікацыйных талерак уніз, пры гэтым яна ўзбагачаецца высокакіпячымі кампанентамі з пары (лёгкакіпячыя кампаненты паступаюць у пару), якая падымаецца з куба-выпаральніка, і адводзіцца з калоны (частка вадкасці ў выглядзе пары зноў паступае ў калону). Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. і нафтаперапрацоўчай прам-сці.

Літ.:

Жаров В.Т. Серафимов Л.А. Физико-химические основы дистилляции и ректификации. Л., 1975;

Петлюк Ф Б., Серафимов Л.А. Многокомпонентная ректификация: Теория и расчет. М., 1983.

Ю.​Р.​Егіязараў.

Схема ўстаноўкі бесперапыннай рэктыфікацыі: 1 — куб-выпаральнік; 2 — рэктыфікацыйная калона (а — рэктыфікацыйная талерка, б — зліўная шклянка); 3 — дэфлегматар; 4 — халадзільнік.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)