ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫ́ЦЫІ (лац. patricii ад pater бацька),
у Старажытным Рыме першапачаткова ўсё карэннае насельніцтва, якое ўваходзіла ў родавую абшчыну і складала рым. народ (Populus Romanus Quiritium); супрацьстаяла плебеям. Пасля вылучэння з роду знатных патрыярхальных сем’яў — родавая арыстакратыя. З канца 6 ст. да н.э. — пануючы клас-саслоўе Рым. рэспублікі, мелі ўсе грамадз. і паліт. правы, у т. л. выключнае права карыстацца грамадскай зямлёй. Пасля ўключэння плебеяў у склад рым. народа і ўраўнавання іх у правах з П. (пач. 3 ст. да н.э.) вярхі П. і плебса зліліся і ўтварылі набілітэт. У эпоху імперыі ўзніклі новыя П., якія складалі прывілеяваную ч. сенатарскага саслоўя; у яго ўваходзілі вылучаныя імператарам ураджэнцы Італіі і правінцый.
т. 12, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬ, Піл (Peel) Роберт (5.2.1788, г. Беры, Вялікабрытанія —2.7.1850), брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1809 дэп. палаты абшчын ад партыі торы. У 1812—18 міністр па справах Ірландыі. У 1822—27 і 1828—30 міністр унутр. спраў. Ініцыіраваў прыняцце брыт. парламентам актаў па змякчэнні крымін. права (смяротнае пакаранне больш чым за 100 відаў злачынстваў замянялася інш. пакараннем) і турэмнага рэжыму, заснаваў у Лондане рэгулярную паліцыю (1829; ад скарочанага яго імя паходзіць мянушка канстэбляў — Бобі). У 1834—35 і 1841—46 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1846 ва ўмовах неўраджаю ў Англіі і Ірландыі дамогся прыняцця парламентам акта аб адмене «хлебных законаў», што прывяло да расколу партыі торы і адстаўкі П.
т. 12, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСНЯКО́Ў (Аляксандр Яўгенавіч) (3.5.1870, г. Адэса, Украіна —30.9.1929),
расійскі гісторык. Праф. (1918), чл.-кар. Рас. АН (1920). Скончыў Пецярбургскі ун-т. Даследаваў пытанні паліт. гісторыі Расіі, рус. летапісанне 16 ст. («Княжацкае права ў Старажытнай Русі», 1909; «Утварэнне Велікарускай дзяржавы», «Маскоўскае царства», абодва 1918), рух дзекабрыстаў і народнікаў («14 снежня 1825 г.», 1926). У «Лекцыях па рускай гісторыі» (т. 1—2; выд. 1938—39) даследаваў гісторыю ВКЛ. Лічыў, што пасля распаду Кіеўскай Русі найб. значэнне адыгралі Полацкае княства, Суздальская, Наўгародска-Пскоўская і Галіцкая землі, падкрэсліваў, што Навагрудак быў першым цэнтрам ВКЛ.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 636—647.
т. 13, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн. сац. пластом, з якога фарміравалася бурж. інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл. Народніцтва).
т. 13, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКАЯ (Ванда Іванаўна) (н. 13.8.1945, г. Торунь, Польшча),
бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1992), праф. (1999). Скончыла Чыцінскі пед. ін-т (1967). З 1974 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі (з 1995 заг. аддзела) Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах нац., этн. і рэліг. адносін у Беларусі, развіцця нац. культур, сац. і прафес. аспектах дзейнасці калектываў.
Тв.:
Взаимодействие индивидуальных и организационных факторов в научной деятельности. М., 1991;
Социодинамика научного коллектива. Мн., 1992;
Праблемы развіцця і супрацоўніцтва польска-беларускага памежжа. Варшава;
Мн., 1995 (у сааўт.);
Особенности этнорелигиозной идентификации жителей белорусско-польского пограничья // Динамика социальных процессов в условиях государственной независимости Беларуси. Мн., 1999. Вып. 1.
т. 13, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНЫ САВЕ́Т ДЛЯ ЯПО́НІІ Існаваў у 1945—52. Створаны ў адпаведнасці з рашэннем нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве (снеж. 1945) як кансультацыйны орган саюзных дзяржаў пры амер. галоўнакамандуючым акупацыйнымі войскамі саюзнікаў у Японіі. Знаходзіўся ў Токіо. Уключаў прадстаўнікоў ЗША, СССР, Кітая, Вялікабрытаніі (апошні прадстаўляў таксама Аўстралію, Новую Зеландыю і Індыю), Нідэрландаў; пазней да іх далучыліся прадстаўнікі Пакістана і М’янмы. Меў права прыпыняць рашэнні амер. акупацыйнай адміністрацыі да ўзгаднення пытання з усімі членамі савета. У цэлым адыгрываў станоўчую ролю ў распрацоўцы агульнай паліт. лініі саюзнікаў у справе пераўтварэнняў пасляваен. Японіі (аграрная рэформа, дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Распушчаны ў крас. 1952 пасля ўступлення ў сілу Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
т. 14, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НКІН (Іван Яфімавіч) (26.11.1919, в. Тратны Вугал Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна ў Маскве (1952). У 1939—71 служыў у Сав. Арміі (з 1958 у газ. «Во славу Родины»), у 1972—85 у выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1950. Піша на рус. мове. Аўтар кніг нарысаў «Завешчана бацькамі» (1974), і «Пра што шумяць сосны» (1980), «Залатая карона з Клімавічаў» (1998), дакумент. аповесцей «Мацней за сталь» (1978), «Тугія вятры» (1983), «У смузе палігоннай» (1984), аповесці «Права весці ў бой» (1980). Асн. тэматыка яго творчасці — мужнасць і гераізм у гады Вял. Айч. вайны, мірныя будні воінаў.
Тв.:
Резерв комбата: Док. повести. Мн., 1988;
Гибель маршала в Кремле. Мн., 1999.
т. 14, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,
сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксама міжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст. паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкі міжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.
В.Л.Боўш.
т. 10, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,
адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац. ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч. г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.
т. 12, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)