ПАРТЫЗА́Н (франц. partisan) у міжнародным праве, асоба, якая з’яўляецца ўдзельніцай партызанскага руху і змагаецца ў складзе партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі, што занята праціўнікам або кантралюецца рэакцыйным рэжымам; адносіцца да камбатантаў. П. абапіраюцца на падтрымку мясц. насельніцтва, з якога пераважна папаўняюцца партызанскія фарміраванні. П. таксама становяцца ваеннаслужачыя, што засталіся ў тыле ворага або спецыяльна пасланы для вядзення баявых дзеянняў. Яны арганізаваныя, узначальваюцца асобай, якая адказвае за падначаленых, маюць адметны знак, адкрыта носяць зброю, у баявых дзеяннях захоўваюць нормы міжнар. права, якія прымяняюцца ў перыяд узбр. канфліктаў. Гэтыя палажэнні замацаваны рэзалюцыямі Ген. Асамблеі ААН.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)