СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 25,2 тыс. чал. (2001), гарадскога 36.5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Свіслач. Уключае г.п. Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУ — Ваўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр. ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушаных 12,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».

Р.​Р.​Паўлавец, Т.​І.​Шмыга.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),

выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.

Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.​Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.​Б.​Шардэн, Дж.​Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.​Сезан, В. ван Гог, М.​Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.

У бел. выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.​Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.​Альхімовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Я.​Кругер, Ю.​Пешка, А.​Ромер, К. і Б.​Русецкія, Н.​Сілівановіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.​Пэн, Ф.​Рушчыц, М.​Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.​Гаўрыленка, П.​Сергіевіч, М.​Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.​Ахрэмчык, В.​Грамыка, Н.​Воранаў, Р.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, М.​Манасзон, Ф.​Мадораў, П.​Раманоўскі, М.​Тарасікаў, У.​Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.​Вашчанка, В.​Варламаў, Н.​Варвановіч, В.​Грамыка, Л.​Дударанка, Г.​Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.​Янушкевіч, Г.​Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.​Савіцкі «Вязень № 32815», Г.​Вашчанка «Роздум», В.​Сумараў «Мой свет», М.​Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.​Шчамялёў «Нядзеля», Э.​Белагураў «Сямейны партрэт», І.​Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.

Літ.:

Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;

Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.

М.​І.​Цыбульскі.

Да арт. Аўтапартрэт. А.​Дзюрэр. 1500.
Да арт. Аўтапартрэт. Г.​Серабракова. За туалетам. 1909.
Да арт. Аўтапартрэт. В.​Ваньковіч. 1880-я г.
Да арт. Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.

Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.

Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс. км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).

На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.

Літ.:

Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;

Климат Минска. Мн., 1976.

В.​Р.​Жумар.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСЕ́ЛЬ (флам. Brussel, франц. Bruxelles),

горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас. р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц. прав. Брабант. 949,1 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр. ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн. м., а таксама з цэнтр. прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.

Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.​Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.​Менье) і інш.

У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр. ін-т (засн. Э.​Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л. Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.

Да арт. Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.
Да арт. Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКІ РАЁН,

на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 37,8 тыс. чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км².

Цэнтр раёна — г.п. Іўе, г.п. Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в. Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел;.буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб р Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс. га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 25,7 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в. Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в. Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),

рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус. рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.​В.​Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.​Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел. газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.​Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Александровіч, С.​Дарожны, М.​Краўцоў, А Кудравец, К.​Чорны, Я.​Шарахоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1971;

История моего современника. Кн. 1—2. Л., 1976;

Земли! Земли! М., 1991;

Бел. пер. — Апошні прамень: Выбранае. Мн., 1984.

Літ.:

Миронов Г.М. Короленко. М., 1962;

Бялый Г.А. В.​Г.​Короленко. 2 изд. Л., 1983;

Короленко С.В. Книга об отце. Ижевск, 1968.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.Г.Караленка.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),

спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.

Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.​Хогарту, Дж.​Гілрэю (Англія), Ж.​Гросу (Германія), Ф.​Гоі (Іспанія), А.​Дам’е, П.​Гаварні (Францыя), Х.​Бідструпу (Данія), І.​Церабянёву, А.​Венецыянаву, П.​Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).

У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.​Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.​Баргэльса, К.​Бахматовіча, Я.​Дамеля, М.​Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.​Каганец, П.​Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.​Быхоўскі, П.​Гуткоўскі, Я.​Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, В.​Сідаровіч). У Вял. Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.​Букаты, В.​Козак, Г.​Вальк, М.​Гуціеў, Дз.​Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.​Лісоўскі, Я.​Бусел, Р.​Грамыка, М.​Гурло, В.​Ждан, С.​Раманаў, А.​Чуркін і інш.

Літ.:

Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;

Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;

Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;

Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Карыкатура. П.​Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.
Да арт. Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ РАЁН.

На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавіцкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.​А.​Капач, Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,

стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх. ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.

Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.

На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.
Да арт. Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,

абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.​Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.​Купалы, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.​Коласа).

Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987;

Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд. Мн., 2001.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)