ДЗЯРЖЫ́НСКІ (Фелікс Эдмундавіч) (11.9.1877, б. маёнтак Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1926),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік польскага і рас.рэв. руху. Гімназістам у Вільні ў 1894 уступіў у с.-д. гурток, з 1895 чл. арг-цыі «Літоўская сацыял-дэмакратыя», з 1896 прафес. рэвалюцыянер. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве. З 1907 чл.ЦКРСДРП. У 1910—12 працаваў у парт. арг-цыях Варшавы, Чанстаховы і інш. 6 разоў быў арыштаваны і засуджаны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскай арг-цыі бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі і правядзення Кастр.ўзбр. паўстання ў Петраградзе. З 1917 старшыня ВЧК па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1919—23 нарком унутр. спраў РСФСР. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» і ініцыятараў стварэння т.зв. папраўча-прац. лагераў. З 1919 на Усх. фронце. У жн.—вер. 1920 у Мінску, чл.РВСЗах. фронту. З 1921 нарком шляхоў зносін. З 1924 старшыня ВСНГ, адначасова старшыня Аб ’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры СНКСССР. Чл.ЦК з 1918, канд. у чл. Аргбюро з 1920, канд. у чл. Палітбюро ЦКВКП(б) з 1924. У г.п. Івянец Валожынскага р-на адкрыты музей Дз., на б. хутары Дзяржынава — яго філіял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́БНІК,
часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.
Літ.:
Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;
Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮКО́Ў (Павел Мікалаевіч) (27.1.1859, Масква — 31.3.1943),
расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чытаў лекцыі ў Маскоўскім, Сафійскім і Чыкагскім ун-тах. Адзін з заснавальнікаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, з 1907 старшыня яе ЦК і рэдактар газ. «Речь». Дэпутат Дзярж. думы 3-га і 4-га скліканняў. Пасля Лют. рэв. 1917 міністр замежных спраў у Часовым урадзе (да 2.5.1917). У грамадз. вайну адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі на Доне, пазней у Камітэце вызвалення Расіі ў Лондане. З 1920 у Парыжы, з 1921 рэдактар газ. «Последние новости» (друкаваліся І.А.Бунін, М.І.Цвятаева, У.У.Набокаў і інш.). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць супрацоўніцтва рус. эміграцыі з Германіяй, вітаў перамогі Сав. Арміі. Даследаваў гісторыю рус. эканомікі 15—18 ст., гісторыю грамадска-паліт. думкі, культуры, гістарыяграфію. Аўтар прац «Галоўныя плыні рускай гістарычнай думкі» (1898), «З гісторыі рускай інтэлігенцыі» (1902), «Расія на пераломе» (т. 1—2, 1927) і інш.
Тв.:
Воспоминания. М., 1991;
Очерки по истории русской культуры. Т. 1—3. М., 1993—95.
Літ.:
Думова Н.Г., Трухановский В.Г. Черчилль и Милюков против Советской России. М., 1989;
Думова Н.Г. Либерал в России: трагедия несовместимости: Ист. портрет П.Н.Милюкова. Ч. 1. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНТ (Nantes),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн.т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.
мастацтваў, нар.дэкар. мастацтва Брэтані і інш.Арх. помнікі 12—19 ст.
У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст.адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер. калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл.Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж.бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел.бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час.«Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Марцін) (30.9. 1728, в. Саломенка Гродзенскага р-на — 20.2.1810),
бел. астраном і асветнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1771), чл.-кар. Парыжскай АН (1778). Вучыўся ў Гродзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах і Слуцкай пед. семінарыі. У 1754—56 і 1761—64 удасканальваў адукацыю ў Рыме, Генуі, Вене і інш.Адзін з арганізатараў і дырэктар (1765—1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 праф. Віленскай акадэміі, адначасова ў 1781—1803 рэктар Гал. школы ВКЛ. Вёў сістэматычныя назіранні зорак, планет і астэроідаў, выявіў невядомае сузор’е (журналы астр. назіранняў П. за 1772—1806 склалі 34 т.). Вызначыў (разам з інш. астраномамі) геагр. каардынаты Вільні, Гродна і інш. гарадоў. Зрабіў значны ўклад у развіццё асветы, папулярызацыю прыродазнаўчых і матэм. ведаў, актыўна працаваў у Адукацыйнай камісіі. Яго імем названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Опыт исследования, сколь далеко простирается древность Зодиака, найденного в Дендераге или в Тинтирисе // Северный вестн. 1804. Ч. 2, № 5.
Літ.:
Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). Kraków, 1899—1900. T. 3. С. 39—47;
Матудайтите С.П. Возникновение и первые 5 десятилетий деятельности Вильнюсской астрономической обсерватории // Тр.АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 2(30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЭ́ЛА ФРАНЧЭ́СКА (Piero della Francesca; каля 1416, г. Сансеполькра, Італія — пахаваны 12.10.1492),
італьянскі жывапісец, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Мазачыо, Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і нідэрл. мастацтва. У 1439 быў памочнікам Даменіка Венецыяна ў Фларэнцыі. Працаваў пераважна ў Сансеполькра і Урбіна, а таксама ў Ферары, Рыміні, Рыме, Арэца. Адзін з першых звярнуўся да лінейнай перспектывы ў жывапісе. Творы вызначаюцца веліччу вобразаў, аб’ёмнасцю форм, празрыстасцю каларыту: фрэскі «Сіджызмонда Малатэста перад сваім святым патронам» у царкве Сан-Франчэска ў Рыміні (1451), «Гісторыя жыватворнага крыжа» ў царкве Сан-Франчэска ў Арэца (цыкл, 1452—66), «Мадонна дэль Парта» ў капэле дэль Чымітэра ў Мантэркі (пасля 1460), паліпціх «Мадонна дэла Мізерыкордыя» (1450—62); карціны «Святы Іеранім» (1450), «Хрышчэнне Хрыста» (1450—55), «Бічаванне Хрыста» (каля 1455—60), «Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра (каля 1472—74), «Мадонна са святымі і герцагам Урбінскім» (каля 1472—75), «Раство» (каля 1475); партрэты герцага Урбінскага Федэрыга да Мантэфельтра і яго жонкі (каля 1465) і інш. Аўтар тэарэт. трактатаў «Аб перспектыве ў жывапісе» (да 1482), «Кніжыца аб пяці правільных целах» (пасля 1482).
Л.Ф.Салавей.
П’ера дэла Франчэска. Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра. Каля 1472—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ЕВА́НГЕЛЛІ,
тры рукапісныя помнікі 12—14 ст. з г. Полацк Віцебскай вобл. Напісаны на пергаміне царк.-слав. мовай. Першае належала Свята-Троіцкаму манастыру. Напісана ўставам, двума почыркамі ў 2 слупкі на 172 лістах. Аздоблена загалоўкамі, рознакаляровымі застаўкамі і кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы 14—17 ст., адзін з іх зроблены кн. Андрэем Полацкім (14 ст.). Другое П.е. належала манастыру Іаана Прадцечы. Напісана паўуставам у адзін слупок на 196 лістах. Аздоблена кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы, сярод якіх зробленыя кн. Ульянай (жонкай Альгерда), полацкім кн. Іванам Юр’евічам. Трэцяе належала таксама манастыру Іаана Прадцечы. Напісана ўставам у 2 слупкі на 144 лістах. Аздоблена застаўкай-пляцёнкай, ініцыяламі ў візант. і тэраталагічным стылях. Мае шмат датаваных прыпісак (1507—22), якія з’яўляюцца дадатковай крыніцай вывучэння тапанімікі і анамастыкі Полацкай зямлі 12—17 ст. Некат. даследчыкі да П.е. адносяць рукапіс 12 ст. з Рас.дзярж. б-кі ў Маскве, дзе захаваліся каляровыя мініяцюры.
Літ.:
Гранстрем Е.Э. Описание русских и славянских пергаментных рукописей. Л., 1953;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Полацкія евангеллі. Старонка Евангелля са Свята-Троіцкага манастыра.