ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1953), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́НЫ (Pythoninae),
падсямейства паўзуноў атр. лускаватых. 6 родаў, 27 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Жывуць пераважна ў лясах, зарасніках каля вады, сярод камянёў, запаўзаюць на дрэвы. Добра плаваюць і ныраюць. Актыўныя пераважна ўначы. 1 падвід П. тыгравага (Python molurus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 10 м, маса да 100 кг. Афарбоўка ад аднаколернай (бурых адценняў) да стракатай, плямістай. Драпежнікі; маладыя кормяцца пераважна насякомымі. Здабычу ўтрымліваюць зубамі і адначасова сціскаюць яе кольцамі цела. Адкладваюць да 107 яец (даўж. да 9 см). Самка «наседжвае», інкубіруе іх (т-ра яе цела пры гэтым на 12—15 °C вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя). Аб’екты промыслу (скура, мяса, тлушч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,
сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),
сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗЕРН (Барыс Паўлавіч) (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы засав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл.РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл.Чл.ВЦВК і ЦВКСССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЦЕХ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,35 км², даўж. 2,55 км, найб.шыр. 950 м, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 9,72 км. Пл. вадазбору 28,6 км². Катлавіна складаецца з 4 плёсаў, падзеленых мысамі. Схілы выш. да 10 м, на Пн камавыя ўзгоркі, разараныя; на Пд — пясчаная озавая града аддзяляе П. ад воз.Недрава. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, месцамі гліністае, глыбей выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. На У 3 астравы. Мінералізацыя вады 250 мг/л, празрыстасць 1 м. Эўтрофнае (з прыкметамі антрапагеннага эўтрафіравання), зарастае да глыб. 2,5 м. Злучана пратокай з воз. Недрава, упадае ручай з воз. Ільмёнак. Месца адпачынку, уваходзіць у турысцкія маршруты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,
адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на Пд Францыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш.Літ. мова з 11 ст., з 13 ст.наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн. Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.