КРЫЛО́ВІЧ (Вікенцій Іванавіч) (н. 18.2.1931, в. Старынкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і акустыкі. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў БДУ (1954). У 1977—91 у Ін-це прыкладной фізікі, у 1961—72 і з 1994 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі цеплаправоднасці, цеплафіз. вымярэннях, ультрагукавых метадах даследавання. Распрацаваў нестацыянарныя частотныя метады даследавання ўласцівасцей асяроддзя, заснаваныя на выкарыстанні эфектаў зрушэння частаты хваль.

Тв.:

Теплообмен в электродуговом нагревателе газа. М., 1974 (у сааўт.);

Ультразвуковые частотно-фазовые методы исследования и неразрушающего контроля. Мн., 1985.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),

перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.​Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),

літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Х.​Жычка, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (н. 28.9.1951, Масква),

бел. вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Брат У.П.Кузняцова. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі эл. ланцугоў і аўтам. кіравання.

Распрацаваў метады аналізу і сінтэзу нелінейных дыскрэтных сістэм аўтам. кіравання, навук. асновы тэорыі сістэм імпульсна-фазавай аўтападстройкі частаты.

Тв.:

Анализ и параметрический синтез импульсных систем с фазовым управлением. Мн., 1993 (разам 3 М.​П.​Батурам, Л.​Ю.​Шыліным);

Теория электрических цепей. Мн., 1999 (разам з А.​П.​Курулёвым, М.​П.​Батурам).

М.​П.​Савік.

А.Кузняцоў. Памяці душы. 1989.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КРАШ (Леанід Васілевіч) (н. 27.7.1938, в. Рачэнь Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1995, чл.-кар. 1992), д-р с.-г. н. (1983). Скончыў БСГА (1960). З 1972 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1984 заг. аддзела, з 1987 нам. дырэктара), з 1994 гал. саветнік упраўлення АПК Савета Міністраў Беларусі. Навук. працы па павышэнні прадукцыйнасці зернебабовых культур. Вывеў (у сааўт.) сарты гароху Белус і Агат, яравой вікі Наталі, яравога трыцікале Інэса.

Тв.:

Вика. М., 1989;

Вика яровая: Биология и культигенез. Мн., 1991;

Горох. Мн., 1997 (разам з Н.​П.​Лукашэвіч).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Канстанцін Антонавіч) (7.11.1919, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 8.10.1998),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1973). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1948), дзе і працаваў (у 1953—62 заг. кафедры, з 1970 рэктар). У 1962—70 заг. кафедры, з 1977 праф. Бел. пед. ін-та. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі, арг-цыі і сац. ролі спорту. Адзін з аўтараў кніг «Савецкі алімпіец: сацыяльны партрэт» (1979), «Фізічная культура і спорт Беларусі» (1988).

Тв.:

Развитие физической культуры и спорта в БССР, Мн., 1969;

Этнічная педагогіка беларусаў. Мн., 1993;

Гісторыя педагогікі. Мн., 1995.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛО́Н ((Coulomb) Шарль Агюстэн) (14.6.1736, г. Ангулем, Францыя — 23.8.1806),

французскі інжынер і фізік, адзін з заснавальнікаў электрастатыкі і магнітастатыкі. Чл. Парыжскай АН (1803). Скончыў школу ваен. інжынераў (1761). Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і дастасавальнай механіцы. Сфармуляваў законы сухога трэння (1781). Даследаваў дэфармацыю кручэння ніцей, устанавіў законы пругкага кручэння. Вынайшаў (1784) круцільныя вагі, з дапамогай якіх устанавіў у 1785 асн. законы электрастатыкі (Кулона закон), пашырыў яго на ўзаемадзеянне засяроджаных магнітных полюсаў і сканструяваў магнітометр (1785—88). Яго імем названа адзінка эл. зараду кулон.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 242—252.

А.​І.​Болсун.

Ш.А.Кулон.

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kun) Бела) (20.2.1886, г. Чэху-Сілваніей, Румынія — 30.11.1939?),

дзеяч венгерскага і міжнар. камуніст. руху. З 1902 чл. С.-д. партыі Венгрыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у 1916 у Расіі трапіў у палон, у 1917 далучыўся да руху бальшавікоў. У 1918 нелегальна вярнуўся ў Венгрыю, заснаваў Камуніст. партыю Венгрыі (24.11.1918). Пасля абвяшчэння Венг. Сав. Рэспублікі нарком замежных, потым і ваен. спраў (21.3—1.8.1919). Пасля падзення рэспублікі эмігрыраваў у Аўстрыю. З жн. 1920 у Расіі. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937 арыштаваны, у 1956 рэабілітаваны. Аўтар прац па гісторыі венг. і міжнар. камуніст. руху.

Літ.:

Бела Кун: Избранное. Воспоминания о Б.​Куне. М., 1986.

Б.Кун.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ ((Kunicki) Станіслаў) (6.6.1861, Тбілісі — 28.1.1886),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це шляхоў зносін. З 1881 чл. арг-цыі «Народная воля», удзельнічаў у стварэнні ў Пецярбургу Польска-літ. сацыяльна-рэв. партыі. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят» 1-ы, у 1883—84 яе кіраўнік. Па ініцыятыве К. ў пач. 1884 заключаны дагавор пра супрацоўніцтва паміж «Народнай воляй» і «Пралетарыятам». Адзін з заснавальнікаў тэарэт. органа партыі час. «Walka klas» («Класавая барацьба», выд. ў Жэневе). Арыштаваны ў ліп. 1884. Паводле прыгавору ваен. суда на працэсе 29-ці чл. партыі «Пралетарыят» пакараны смерцю ў Варшаўскай цытадэлі.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕР ((Cooper) Леон Нейл) (н. 28.2.1930, г. Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1951). З 1958 ва ун-це Браўна ў г. Провідэнс (з 1962 праф.), дырэктар Ін-та мозга і нейронных сістэм гэтага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, звышправоднасці, нейронных сетках, біял. асновах памяці і навучання. У 1956 адкрыў з’яву ўтварэння электронных пар у металах (Купера эфект). У 1957 разам з Дж.​Бардзіным і Дж.Р.Шрыферам стварыў мікраскапічную тэорыю звышправоднасці (тэорыя Бардзіна—Купера—Шрыфера). Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Рус. пер. — Физика для всех. Т. 1—2. М., 1973—74.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Купер.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)