МІ́ЛЕР (Саламон Танхелевіч) (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл.ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦККПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.Р.Валевіч). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл.гл. таксама ў арт.Беларуская рэзь.
К.Міхайлаў, Д.Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.К.Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял.Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛДАГАЛІ́ЕЎ (Джубан) (5.10.1920, с. Жыланды Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 6.10.1988),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Уральскі с.-г. тэхнікум (1940). Друкаваўся з 1939. Першы зб. вершаў і паэм «Песні перамогі» (1949). У кнігах паэзіі «Светлы шлях» (1951), «Пульс часу» (1963), «Закаханымі вачыма» (1964), «Стагоддзі і імгненні», «Пазбаўлены кайданоў» (абодва 1969, за апошні Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1970), «Арліны стэп» (1974) і «Сель» (1977, за абодва Дзярж. прэмія СССР 1978), «Ступені Байканура» (1977) і інш. асэнсаванне гіст. лёсу каз. народа, духоўнае станаўленне асобы, эпічная шматпланавасць, спалучаныя з лірызмам і паэт. вобразнасцю. Пераклаў на каз. мову вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Зуёнак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, У.Шахавец, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. За 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў. 254 ж., 131 двор (1999). Б-ка, аптэка, магазін Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўскі касцёл (1908), мемар. капліца (1848).
Упамінаецца ў крыніцах з 15 ст. Да 1483 вядома як сяло Нядзведзічы, што належала віленскаму біскупу. У 1558 мястэчка Нядзведзічы, цэнтр воласці ў Навагрудскім пав., 31 двор. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886 мястэчка М. — цэнтр воласці: 350 ж., 29 двароў, школа, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, вадзяны млын, крама. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на. З 16.7.1954 у Мініцкім с/с (з 4.6.1979 Ганчароўскі с/с). Цяпер у складзе племсаўгаса «Ганчароўскі».