МА́ЛІКАЎ (Кубанычбек Іманаліевіч) (16.9.1911, в. Уч-Эмчэк Канцкага р-на Чуйскай вобл., Кыргызстан — 9.12. 1978),
кіргізскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Кіргізіі (1947). Нар. паэт Кіргізіі (1969). Скончыў 1-ы Кіргізскі пед. тэхнікум (1931). Друкаваўся з 1928. Першая кн. «Вершы Кубанычбека» (1933) — водгук на тагачасныя падзеі. У зб-ках вершаў і паэм «Агні ў гарах» (1957), «Думы пра будучае» (1964), «Голас са скалы» (1966), «Ленін і Ісык-Куль» (1974) і інш. паэтызацыя жыцця і працы сучаснікаў, асэнсаванне маральна-этычных праблем. П’есы «На высокай зямлі» (паст. 1956), «Сэрца б’ецца» (паст. 1957), «Дзяўчаты з адной вуліцы» (1960), «Асманкул» (1970) і інш. адыгралі важную ролю ў станаўленні нац. драматургіі і т-ра. Адзін са складальнікаў зводнага варыянта эпасу «Манас». Сааўтар лібрэта опер «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «Тактагул» (паст. 1958). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Р.Барадулін, М.Федзюковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай) (18.12.1799, в. Міхнаўка Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1865),
гісторык, выдавец гіст. крыніц. З 1820 вучыўся ў Віленскім ун-це. У ліст. 1823 — крас. 1824 зняволены за ўдзел у т-ве філарэтаў. З 1826 вучыўся і працаваў у Пецярбургу. З 1829 у Вільні, да 1840 працаваў у Радзівілаўскай камісіі. Выдаў: польскі пераклад П.Каханоўскага паэмы Т.Таса «Вызвалены Іерусалім» (1826), «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 2, 1844, з А.Пшаздзецкім), «Хроніку» М.Стрыйкоўскага (т. 1—2, 1846), пераклаў і выдаў частку «Гісторыі Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» Б.Вапоўскага (т. 1—3, 1847—49), творы С.Ласкага (1864) і інш. Аўтар дзённіка (выд. ў 1914 і 1921), успамінаў (1907). Рэдагаваў «Записки Виленской археологической комиссии» (1858, № 1, з А.Г.Кіркорам). Друкаваўся ў час.«Дзённік Віленьскі», «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), «Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej» («Гісторыя айчыннай і замежнай дабрачыннасці»), газ.Виленский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВЫ,
расійскія прадпрымальнікі, уладальнікі тэкст. прадпрыемстваў. Родапачынальнік Сава Васілевіч (1770—1862), б. прыгонны, які ў 1797 арганізаваў уласную шаўкаткацкую вытв-сць у с. Зуева (цяпер г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.). У 1820 з 4 сынамі выкупіўся на волю. У 1825—40 М. заснавалі 4 баваўняныя ф-кі, якія ў 2-й пал. 19 ст. выраслі ў буйныя фірмы: «Т-ва Нікольскай мануфактуры Савы Марозава, сын і К°», «Т-ва мануфактур Вікулы Марозава з сынамі ў мяст. Нікольскім», «Кампанія Багародска-Глухаўскай мануфактуры», «Т-ва Цвярской мануфактуры папяровых вырабаў». На Нікольскай мануфактуры пры Цімафею Савічу (1823—1889) адбылася Марозаўская стачка 1885. Найб. вядомы наступны ўладальнік Нікольскай мануфактуры — Сава Цімафеевіч (1862—26.5.1905) — мецэнат Маскоўскага Маст. тэатра. Спачуваў і дапамагаў рэвалюцыянерам. У 1913—14 на ф-ках М. працавала 54 тыс.чал., выпушчана прадукцыі на 100 млн.руб. Прадпрыемствы М. нацыяналізаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 8.6.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1960). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кідрам. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял.Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Яўген Сямёнавіч) (н. 8.3.1922, с. Новаўкраінка Херсонскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр і кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Вучыўся ў кінаакцёрскай школе пры Кіеўскай кінастудыі (1940—41). З 1946 акцёр Цюменскага, Новасібірскага т-раў, у 1952—68 у Малым т-ры. Сярод роляў: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Нязнамаў, Цяляцьеў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Ніл («Мяшчане» М.Горкага) і інш. Зняўся ў фільмах «Родная кроў» (1964), «Дзеля жыцця на зямлі» (1974) і інш. Паставіў фільмы, у большасці якіх выконваў гал. ролі: «Цыган» (1967), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1979), «Асабліва важнае заданне» (1981), «Перамога» (1985), «Чаша цярпення» (1990), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999) і інш. Мастацтва М. адметнае адкрытым тэмпераментам, грамадзянскасцю, яснасцю кінамовы. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Сцяпан Паўлавіч) (13.8.1883, с. Засулле Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 28.6.1938),
бел. вучоны ў галіне батанікі і лесаводства. Чл.кар.АН Беларусі (1936). Д-рбіял.н. (1935), праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1911). З 1923 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1926—30 дырэктар Цэнтр. лясной доследнай станцыі Беларусі, з 1933 дырэктар Бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і феналогіі раслін. Распрацаваў праграмы і інструкцыі па лесафеналагічных назіраннях, правёў тыпалагічнае вывучэнне лясоў Беларусі, даследаваў паркі і інш. дэндралагічныя аб’екты, даў класіфікацыю тыпаў лесу Беларусі з улікам урадлівасці і вільготнасці глебы. У 1938 рэпрэсіраваны (прыгавораны да вышэйшай меры пакарання). Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. Горы-Горки, 1925;
Лесо-фенологические наблюдения. Горы-Горки, 1928.
Літ.:
Юркевич И.Д., Чекалинская Н.И. Основатель Ботанического сада АНБССР // Ботаника. Мн., 1969. Вып. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ (Вольга Мікалаеўна) (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Канд.гіст.н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ.гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.
Тв.:
Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АНСССР. М., 1957. Вьш. 70;
Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;
О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;
Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЧЫ,
рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Валхва; чыг. станцыя на лініі Лунінец—Калінкавічы. За 54 км ад Лунінца, 282 км ад Брэста. 14,7 тыс.ж. (1998).
У 19 ст. вёска Ленінскай вол. Мазырскага пав. З часу пракладкі Палескіх чыгунак (1880-я г.) — мястэчка і буйная станцыя; пабудаваны Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр сельсавета ў Ленінскім раёне. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 1950 цэнтр Ленінскага р-на. З 1960 у Лунінецкім р-не.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод), харч. прам-сці. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале. 3 сярэднія школы, гімназія, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.