устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл.Дынаміка), тэмпавыя (гл.Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян.муз. тэрміналогіяй.
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі будаўнічы ін-т (1936), адначасова вучыўся ў тэатр. студыі пры Кіеўскім т-ры рус. драмы. Працаваў акцёрам, тэатр. мастаком. Удзельнік Вял.Айч. вайны, потым журналіст. Пасля 1974 жыў у Францыі. У аповесці «У акопах Сталінграда» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; фільм «Салдаты», 1957) аўтабіягр. вобраз апавядальніка-афіцэра, праўдзівая, падкрэслена празаічная карціна франтавых будняў. Аповесць «У родным горадзе» (1954, фільм «Горад запальвае агні», 1958) пра складаны лёс франтавіка, які вярнуўся з вайны. Аўтар аповесці «Кіра Георгіеўна» (1961), дарожных нататак пра замежныя паездкі, кнігі апавяданняў пра сустрэчы з людзьмі мастацтва, л-ры «У жыцці і ў лістах» (1971), эсэістычнай асацыятыўнай прозы «Запіскі разявакі» (1975), «Маленькая журботная аповесць» (1986), публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра архітэктуру, жывапіс, кінамастацтва і інш.
В.П.Някрасаў.
Тв.:
Избр. произв.: Повести, рассказы, путевые заметки. М., 1962;
По обе стороны океана;
Записки зеваки;
Саперлипопет, или Если б да кабы, да во рту росли грибы... М., 1991;
Маленькая печальная повесть: Проза разных лет. М., 1991;
В самых адских котлах побывал...: Сб. повестей и рассказов, воспоминаний и писем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА (Аляксандр) (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу прыУкр.пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр.мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ТКАВЫ ЎЗРОСТ,
перыяд антагенезу (ад 10—11 да 15 гадоў), які адпавядае этапу пераходу ад дзяцінства да юнацтва. Належыць да крызісных узростаў (гл.Крызісы ўзроставыя), крытычных перыядаў антагенезу, звязаных з кардынальнымі пераўтварэннямі ў сферы свядомасці, дзейнасці, сістэмы ўзаемаадносін індывіда. Характарызуецца бурным ростам чалавека, фарміраваннем арганізма ў працэсе палавога выспявання, што аказвае значны ўплыў на псіхафізіял. асаблівасці падлетка. Аснову фарміравання псіхал. і асобасных якасцей падлеткаў складаюць зносіны ў працэсе розных відаў дзейнасці (вучоба, праца, творчасць, спорт і інш.). Характэрным для П.ў. з’яўляецца станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, узнікненне цікавасці да сябе як да асобы, да сваіх магчымасцей, здольнасцей і асаблівасцей, якія аб’ядноўваюць падлетка з іншымі людзьмі, групамі і ў той жа час адрозніваюць ад іх, робяць яго унікальным і непаўторным. З гэтым звязаны рэзкія ваганні ў адносінах да сябе, няўстойлівасць самаацэнкі. Вядучыя патрэбы П.ў. (самасцвярджэнне, зносіны з равеснікамі) таксама разглядаюцца як вядучая дзейнасць у гэтым узросце. Пры адсутнасці ўмоў для індывідуалізацыі і пазітыўнай рэалізацыі сваіх новых магчымасцей самасцвярджэнне падлетка можа прымаць недарэчныя формы (гл.Дэвіянтныя паводзіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСВІ́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на берагах азёр Алаізберг і Белае, чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. За 26 км на У ад Глыбокага, 194 км ад Віцебска. 2,8 тыс.ж. (2000).
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Пліскай вол. Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1913 у П 9 двароў і фальварак Алаізберг з 3 дварамі 3 пабудовай чыгункі Маладзечна—Полацк у пач. 20 ст. вёска значна вырасла. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв 3 1939 у БССР у Пліскім р-не Вілейскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай, з 8.1.1954 — Маладзечанскай абл. З 8.6.1950 цэнтр Пліскага раёна, з 28.6.1958 гар. пасёлак, з 25.12.1962 у Глыбоцкім р-не.
Ільнозавод, з-дхарч. прадуктаў, Дзвінская эксперым. база Ін-та лесу Нац.АН Беларусі, ПМК Мінсельбуда, вытв. ўчастак Глыбоцкага камбікормавага з-да. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, 2 б-кі, бальніца. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні П. ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РНЫ ЛІКу мовазнаўстве,
у старабеларускай мове адна з трох катэгарыяльных форм ліку, якая проціпастаўлялася адзіночнаму і множнаму ліку. Унаследаваны старажытнарускай мовай ад праславянскай мовы. Ужываўся пры абазначэнні парных прадметаў («двѣ руцѣ», «двѣ ноз»), а таксама двух аднолькавых у якіх-небудзь адносінах прадметаў ці істот («двѣ сестре», «двѣ жонце»).
Адрозніваліся 3 формы: назоўна-вінавальнага, родна-меснага і давальна-творнага склонаў. У назоўна-вінавальным склоне ў залежнасці ад тыпу скланення назоўнікі мелі канчаткі «-а», «-я», «-ѣ», «-и», «-ы»; у родна-месным і давальна-творным склонах назоўнікі ўсіх скланенняў мелі аднолькавыя канчаткі «-у/-ю» і «-ма». П.л. мелі ўсе зменныя часціны мовы. Разбурэнне Пл. з 13 ст. на ўсходнеславянскіх мовах звязана з развіццём абстрактнага лічэння.
П.л. ужываецца ў сучаснай славенскай мове, часткова ў інш.слав. мовах. Рэшткі П.л. захаваліся ў некат. бел. гаворках («дзве вядрэ», «дзве назе», «дзве сцяне»), а таксама ў літ. мове («вачыма», «грашыма», «плячыма», «дзвярыма»).
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.