бетон, які атрымліваюць з сумесі шчыльнага або порыстага жвіру (друзу), вяжучага матэрыялу (пераважна партландцэменту) і вады. Адсутнасць пяску і абмежаваны расход цэменту (да 280 кг/м³) абумоўліваюць буйнапорыстую структуру і невял. шчыльнасць бетону. Буйнапорысты бетон выкарыстоўваюць у асноўным для ўзвядзення вонкавых сцен будынкаў, а з порыстымі запаўняльнікамі — для цеплавой ізаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т СПАЖЫВЕ́ЦКІ,
баланс грашовых даходаў і расходаў сям’і, які характарызуе фактычны ўзровень жыцця розных груп насельніцтва. Адлюстроўвае даходы сем’яў і крыніцы іх паступлення, а таксама выкарыстанне гэтых даходаў (расходаў) па прызначэнні. Вызначаецца на аснове балансу даходаў і расходаў насельніцтва, бюджэтных абследаванняў і разам са спажывецкім кошыкам служыць для ацэнкі колькасных і якасных паказчыкаў спажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СПРА́ВА,
1) умоўны тэрмін, які ў шырокім разуменні ахоплівае ўсе пытанні, звязаныя з узбр. сіламі, іх развіццём, навучаннем, выкарыстаннем у вайне і інш., а таксама падрыхтоўкай насельніцтва на выпадак вайны.
2) У вузкім сэнсе ваенная справа ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь абазначае сістэму ведаў, неабходных ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным для паспяховага выканання свайго воінскага абавязку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕ ВО́СТРАЎ,
нізінны востраў у паўн.ч. Карскага м., тэр. Расіі. Пл. 288 км². Выш. да 22 м. Складзены з марскіх пяскоў і глін. Расліннасць арктычнай тундры. Адкрыты ў 1930 экспедыцыяй на параходзе «Георгій Сядоў» і названы ў гонар У.Ю.Візе, які ў 1924 тэарэтычна абгрунтаваў існаванне гэтага вострава. Палярная станцыя (з 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ НА́ДПІС,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД распараджэнне натарыяльнага органа аб спагнанні з даўжніка на карысць спаганяльніка грашовай сумы ці аб выпатрабаванні маёмасці, зробленае на дакуменце, які пацвярджае пэўнае абавязацельства. У населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, выканаўчы надпіс робяць выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў. Выканаўчы надпіс з’яўляецца падставай для прымусовага выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКО́СНЫ ГОД,
каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГО́НЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.
Да арт.Гаргоны. Галава Медузы. Мастак Караваджа. Каля 1600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ПАСЕ́ЛІШЧАЎ,
геаграфія населеных пунктаў, раздзел геаграфіі насельніцтва, які вывучае рассяленне насельніцтва па першасных адзінках (населеных пунктах) і па асобных тэр. сукупнасцях паселішчаў. Вывучае тыпалогію паселішчаў, геагр. асаблівасці іх развіцця, групавыя формы рассялення, разглядае сістэмна-структурныя сукупнасці паселішчаў асобных краін і раёнаў. У складзе геаграфіі паселішчаў вылучаюць геаграфію гарадоў і геаграфію сельскіх населеных пунктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАЗАМІ́Н,
C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.