«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,

частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАСЦЯ́К»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.

В.​З.​Савін.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,

албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,

расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЕ́ЦКІ (Radetzky),

фон Радзец, Іозеф Венцэль (2.11.1766, Тршэбніцы каля г. Літамержыцы, Чэхія — 5.1.1858), аўстрыйскі ваен. дзеяч, палкаводзец. Фельдмаршал (1836), граф. З чэш. дваранскага роду. У арміі з 1784. Удзельнік аўстра-тур. вайны 1788—90 і вайны 2-й кааліцыі еўрап. краін супраць Францыі (1798—1801). У 1809—12 і 1814—29 нач. штаба аўстр. арміі. У 1813—14 нач. штаба К.Шварценберга. З 1815 камандаваў кав. злучэннямі. У 1831—57 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Паўн. Італіі, у т. л. ў час аўстра-італьянскай вайны 1848—49, адначасова ў 1849—57 ген.-губернатар Ламбарда-Венецыянскага каралеўства.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.

У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБІ́НЫ (Sabini),

старажытнаіталійскія плямёны (гл. Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).

Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),

нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮ́СТЫЙ (Гай Крысп) (Gaius Sallustius Crispus; 86—35 да н.э.),

старажытнарымскі гісторык і дзярж. дзеяч. Удзельнічаў у грамадз. войнах 49—45 да н.э. на баку Ю.​Цэзара. З 46 да н.э. праконсул рым. правінцыі Новая Афрыка. Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) займаўся літ. дзейнасцю. Захаваліся інвектыва (выступленне) С. супраць Цыцэрона (54 да н.э.), лісты да Цэзара (каля 50—46 да н.э.) з прапановамі рэфармавання дзярж. ладу, 2 кнігі «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна», адметныя глыбокім псіхал. аналізам, дакладнасцю ацэнак падзей, напружанай дынамікай апавядання, невял. фрагменты твора «Гісторыя» (36—35 да н.э.).

Тв.:

Рус. пер. — Соч. М., 1981.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДЗІНІ́СЦКІ ФРОНТ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (El Frente Sandinista de Liberación Nacional),

левая паліт. партыя ў Нікарагуа. Створаны ў 1961 групай левых нікарагуанскіх дзеячаў на чале з К.​Фансекам Амадорам. Ставіў мэтай адхіленне ад улады ў Нікарагуа алігархічнага рэжыму на чале з сямейным кланам Самоса, ажыццяўленне дэмакр. і сац. рэформ. З канца 1960-х г. вёў узбр. барацьбу супраць рэжыму А.​Самосы Дэбайле, узначаліў Нікарагуанскую рэвалюцыю 1979. Пасля перамогі рэвалюцыі ператварыўся ў паліт. партыю і сфарміраваў урад Нікарагуа, які ажыццявіў шэраг рэформ сацыяліст. ўзору. З 1990, пасля паражэння на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, у апазіцыі.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)