1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,
машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз.аўтам. ротарнай лініяй.
У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл.Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш.меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл.Снегаўборачныя машыны).
У.М.Сацута.
Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... +грэч. typos адбітак, форма),
выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).
Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст. выкарыстанне С. скарачаецца.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФРЫЦ»
(«Fritz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «Спартак», «За Радзіму», Ф.Шляхтунова, імя Варашылава, імя Гастэлы, імя Жукава, імя Ракасоўскага, асобных атрадаў брыгад «Жалязняк», «Народныя мсціўцы», імя С.Кароткіна, спец. атрада «Сокал» і мясц. насельніцтва ў Браслаўскім, Відзскім, Глыбоцкім, Дунілавіцкім, Міёрскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім р-нах Вілейскай вобл. ў вер.—кастр. 1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі баявых груп з ням. паліцэйскіх палкоў і батальёнаў, спец.танк., артыл., авіяц. падраздзяленняў, часцей пагран. аховы ген. акруг Беларусь, Латвія, Літва. 24 вер. карнікі пачалі акружаць тэрыторыю па лініі: воз. Дрысвяты — усх. бераг воз. Аболе — зах. бераг воз. Богінскае — в. Казяны — усх. бераг воз.Вял. Швакшта — в. Занарач — Чарэмшыцы—Крывічы—Параф’янава — г. Глыбокае — в. Ручай — Наўгароды—Міёры—г.п. Друя — воз. Дрысвяты. Пераўзыходзячыя сілы праціўніка вымусілі партызан адысці; пры адступленні яны мініравалі дарогі, вялі засадныя баі, у некалькіх месцах прарвалі акружэнне і выйшлі ў суседнія раёны за чыг. Полацк—Маладзечна. У канцы кастр.—пач.ліст. партызаны вярнуліся на ранейшыя месцы дыслакацыі. За час аперацыі, паводле няпоўных звестак, карнікі загубілі 509 мясц. жыхароў, вывезлі ў Германію 12 тыс.чал., у т. л. 1708 дзяцей, спалілі 87 вёсак у Браслаўскім, Пастаўскім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім р-нах; захапілі 35 тыс. галоў жывёлы, 1608 ц збожжа, 4104 ц бульбы, 1111 ц сена, саломы і агародніны. Гітлераўскае камандаванне карную аперацыю «Ф.» прыраўноўвала да вял. баявой аперацыі на фронце і яе ўдзельнікам выплаціла «франтавыя» і ўзнагароды «за ўдзел у баях».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 608—609.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ Ва Узбр. Сілах СССР (да пач. 1990-х г.) — спец. войскі, прызначаныя для забеспячэння дзеянняў войск (сіл) ва ўмовах радыеактыўнага, хім. і біял. заражэння. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз.войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. У арміях інш. краін часці і падраздзяленні, якія выконваюць аналагічныя задачы, наз. войскамі абароны ад зброі масавага знішчэння і інш.
З’явіліся ў час 1-й сусв. вайны ў 1915, калі ўпершыню былі выкарыстаны атрутныя рэчывы і агнямёты. Да 1918 Х.в. меліся ў складзе армій амаль усіх краін, што ўдзельнічалі ў вайне. У Чырв. Арміі Х.в. створаны ў 1918. Да пач. 1925 ва ўсіх стралк. і кав. палках, а ў 1927 у дывізіях і брыгадах сфарміраваны хім. падраздзяленні. У 1930-я г. створаны асобныя батальёны проціхім. абароны і дэгазацыйныя батальёны. На ўзбраенне Х.в. паступілі мінамёты, рэактыўныя ўстаноўкі, агнямётныя танкі, спец.хім. машыны і інш. У Вял.Айч. вайну ў складзе Х.в. існавалі тэхн. брыгады (задымлення і маскіроўкі важных аб’ектаў), брыгады (з канца 1943), асобныя батальёны і роты проціхім. абароны, асобныя агнямётныя батальёны, роты і інш. Яны вялі разведку, знішчалі жывую сілу і тэхніку праціўніка агнямётна-запальнымі сродкамі, маскіравалі дымамі свае войскі і аб’екты тылу.
Шэраг падраздзяленняў і часцей Х.в. БВА удзельнічалі ў мінімалізацыі і ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Х.в. Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь складаюцца з падраздзяленняў і часцей, якія пры неабходнасці павінны выконваць задачы па радыяцыйнай хім. разведцы, дэзактывацыі, дэгазацыі дэзінфекцыі ўзбраення, абмундзіравання і інш. матэрыяльных сродкаў, а таксама дэзінфекцыі, дэгазацыі і дэзінсекцыі мясцовасці. У Х.в. ўваходзяць таксама падраздзяленні агнямётна-запальных сродкаў і маскіровачных дымоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,
функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІГА́ЦЫЯ (ад лац. obligatio абавязацельства),
каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДРАСНАЯ МО́ВАў вылічальнай тэхніцы,
фармальная мова для апісання працэсаў пераўтварэння інфармацыі ў ЭВМ. Кожны элемент інфармацыі адпавядае пэўнаму адрасу (напр., нумару ячэйкі памяці ЭВМ); некаторыя адрасы могуць адпавядаць інш. адрасам. Напр., калі элемент інфармацыі (адрас) b адназначна адпавядае адрасу a, то ў адраснай мове гэта запісваецца формулай (адрасная функцыя). Вылічэнне новых значэнняў і іх засылка на пэўныя адрасы задаюцца адраснай формулай (2 адрасныя функцыі, злучаныя знакам засылкі =>). Запіс b => a азначае, што элемент b засылаецца на адрас a, пасля чаго . Адрасны алгарытм (паслядоўнасць адрасных формул і інш. сімвалаў) спец. праграмамі-транслятарамі пераўтвараецца ў праграму на мове ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЧ (Balch) Эмілі Грын (8.1.1867, Ямайка-Плейн, штат Масачусетс, ЗША — 9.1.1961),
амерыканскі грамадскі дзеяч, эканаміст. Адукацыю атрымала ва ун-тах Чыкага, Берліна і Гарвардскім. Праф. у каледжы Уэлслі (1913—18). У кн. «Нашы суграмадзяне — славяне» (1910) разглядала праблемы міграцыі, абвяргала погляды аб расавай непаўнацэннасці славян. Удзельніца 1-га (1915) і 2-га (1919) Міжнар. кангрэсаў жанчын. З 1919 першы сакратар-казначэй Жаночай міжнар. лігі за мір і свабоду, з 1926 займалася праблемамі Гаіці (выступала за вывад амер. войскаў і ўстанаўленне самакіравання), у 2-ю сусв. вайну ад імя лігі дапамагала амерыканцам яп. паходжання, інтэрніраваным у спец. лагеры. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Дж.Мотам).