МІКРАКЛІ́МАТ (ад мікра... + клімат),
клімат прыземнага слоя паветра на параўнальна невял. тэрыторыі (лясная паляна, бераг ракі, плошча горада і інш.). Уласцівасці М. (у большай ступені, чым мясцовага клімату) залежаць ад рэльефу, расліннасці, стану глебы, наяўнасці вадаёмаў, характару забудовы (у гарадах) і інш.; найб. яго асаблівасці выяўляюцца пры ясным ціхім надвор’і і згладжваюцца пры пахмурным і ветраным. М. наз. таксама штучна створаныя кліматычныя ўмовы ў закрытых памяшканнях (жылых і вытворчых) для аховы ад неспрыяльных знешніх уздзеянняў.
т. 10, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,
слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),
грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДНЯ ў горнай справе,
прыстасаванне для спуску (падняцця) грузаў пры праходцы шахтавых ствалоў і шурфаў, а таксама для аварыйных работ.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫ-БЕ́РЫ (ад сінгальскага beri слабасць),
авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.
Г.Г.Шанько.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл. Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн. алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл. Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА, цына (лац. Stannum),
Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: 112Sn, 114Sn – 120Sn, 122Sn, 124Sn; найб. пашыраныя — 120Sn (32,59%) і 118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл. Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл. Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл. Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл. Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).
І.В.Боднар.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЕЧКА ЛЕ́СУ,
прамысловая або для быт. патрэб нарыхтоўка драўніны ў лясных насаджэннях; тэхн. сродак прыроднага аднаўлення лесу. Адрозніваюць прамысл. высечкі галоўнага карыстання (спелага дрэвастою з мэтай атрымання драўніны для патрэб нар. гаспадаркі) і высечкі догляду (перыядычныя высечкі часткі дрэў у мэтах вырошчвання гасп.-каштоўных насаджэнняў, павышэння водаахоўных, водарэгулявальных, полеахоўных, аздараўленчых і інш. карысных функцый лесу).
Высечкі лесу гал. карыстання бываюць суцэльныя, паступовыя і выбарачныя. Пры суцэльных усе дрэвы на лесасецы (за выключэннем жыццяздольнага маладняку і насеннікаў) высякаюць у адзін прыём, пры паступовых — у некалькі прыёмаў на працягу некалькіх гадоў, пры выбарачных — асобныя спелыя дрэвы або групы іх. Пры высечках догляду высякаюць хворыя, горшыя дрэвы і дрэвы непажаданых па розных прычынах парод; у залежнасці ад узросту насаджэнняў адрозніваюць: высечкі асвятлення і прачысткі (праводзяць праз 2—3 гады), прарэджвання (праз 5—10 гадоў) і прахадныя (праз 10—15 гадоў). Іх спыняюць за 5—10 гадоў да правядзення высечкі лесу гал. карыстання. На Беларусі высечкі догляду, уключаючы санітарныя, штогод ажыццяўляюць на пл. 320 тыс. га, высечкі гал. карыстання праводзяць на пл. каля 30 тыс. га. Няўзгодненыя з органамі лясной гаспадаркі высечкі лесу лічацца адным з відаў ляснога браканьерства.
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСЦЬ,
агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.
Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.
Літ.:
Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ. М., 1978;
Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ. М., 1980.
В.І.Навуменка.
т. 3, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)