адносна кампактная група людзей, аб’яднаных вырашэннем канкрэтнай грамадскай задачы. Для К. характэрна высокая згуртаванасць яго членаў, адносіны супрацоўніцтва, узаемадапамогі і ўзаемаадказнасці, агульнасць інтарэсаў, каштоўнасных арыентацый, норм паводзін. Асн. функцыі — прадметная (непасрэднае ажыццяўленне той дзейнасці, дзеля якой ён узнік і існуе) і сац.-выхаваўчая (стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы на аснове спалучэння індывід. інтарэсаў з грамадскімі). Адрозніваюць К. працоўныя (у т. л. вытворчыя), вучэбныя, спартыўныя, маст. самадзейнасці і інш. Задачы і мэты К. абумоўліваюць яго арганізац. структуру, якая можа быць адна-, двух-, шматступеньчатай (напр., брыгада, цэх, завод). К. мае фармальную і нефармальную структуру, што складаецца на аснове асабістых сімпатый і антыпатый. К. стымулюе працоўную і грамадскую актыўнасць чалавека, заахвочвае яго да ўдасканалення сваіх здольнасцей і садзейнічае развіццю калектывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],
дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).
Літ.:
Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;
Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца фіз. ўласцівасці крышталёў у сувязі з іх атамным (хімічным) саставам і будовай крышталічнай рашоткі. Для крышталёў характэрна анізатрапія, іх анізатропныя ўласцівасці характарызуюцца сукупнасцю некалькіх незалежных велічынь і апісваюцца тэнзарамі.
Кожны крышталь у адносінах да адных уласцівасцей можа. быць анізатропным, да другіх — ізатропным. Наяўнасць залежнасці якой-н. уласцівасці ад напрамку ў крышталі і колькасць незалежных велічынь, якімі гэтая ўласцівасць апісваецца, вызначаюцца прыродай самой уласцівасці і сіметрыяй крышталя. Некаторыя фіз. ўласцівасці крышталёў не могуць залежаць ад напрамку, напр., цеплаёмістасць, шчыльнасць. Гл. таксама Крышталяграфія, Крышталяоптыка.
Літ.:
Най Дж. Физические свойства кристаллов и их описание при помощи тензоров и матриц: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Сиротин Ю.И. Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 им, М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,
злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш.Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́Зу раслін,
амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл.Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр.ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,
у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],
арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш.Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.