ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,

сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл. Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.

Камандаапарат — эл. апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСАЦЫ́ЙНЫЯ ВАГА́ННІ,

від аўтаваганняў, якія па форме рэзка адрозніваюцца ад гарманічных ваганняў з-за рассеяння энергіі ў вагальных сістэмах. Узнікаюць пад уздзеяннем дысіпатыўных сіл, напр., сілы трэння ў мех. і актыўнага супраціўлення ў эл. сістэмах. Характэрная асаблівасць Р.в. — немагчымасць іх узнікнення пры адключэнні крыніцы сілкавання ад аўтавагальнай сістэмы.

Рассейванне энергіі вядзе да таго, што энергія, засяроджаная ў адным з двух (ці больш) назапашвальнікаў сістэмы, не перадаецца поўнасцю інш. назапашвальніку, як у сістэмах, дзе адбываюцца гарманічныя ваганні. Калі ў сістэме мае пераважнае значэнне толькі адзін з энергаёмістых параметраў (напр., ёмістасць пры нязначнай індуктыўнасці ці жорсткасць спружыны пры малой масе), то кожны перыяд Р.в. можна падзяліць на некалькі рэзка размежаваных прамежкаў часу, якія адпавядаюць павольнай і хуткай змене стану сістэмы, і разглядаць Р.в. ў такіх сістэмах, як разрыўныя ваганні. Эл. Р.в., якія ўтвараюцца, напр., у блокінг-генератарах, мультывібратарах, RC-генератарах, выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, тэлекіраванні і інш.

Да арт. Рэлаксацыйныя ваганні: а — схема рэлаксацыйнага генератара; б — графік змены сілы току ў контуры; E — крыніца току; R — супраціўленне; C — кандэнсатар; Uc — напружанне на кандэнсатары; Ic — ток праз кандэнсатар; Λ — неонавая лямпа.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕЙ, Рэйлі (Rayleigh) Джон Уільям (12.11.1842, каля г. Малдан, Вялікабрытанія — 30.6.1919), англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэорыі ваганняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1873). Прозвішча да атрымання тытула лорда Рэлея (1873) — Стрэт (Strutt). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1865), дзе і працаваў да 1871. У 1879—84 дырэктар Кавендышскай лабараторыі. У 1905—08 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па акустыцы, оптыцы, гідрадынаміцы, электрамагнетызме і інш. Даследаваў дыфракцыю, рассеянне і паглынанне мех. хваль, устанавіў сувязь паміж фазавай і групавой скорасцю хваль. Заклаў асновы малекулярнага рассеяння святла (гл. Рэлея закон), вывеў адзін з законаў выпрамянення (гл. Рэлея—Джынса закон выпрамянення), устанавіў закон намагнічвання цел (гл. Рэлея закон намагнічвання). Стварыў тэорыю раздзяляльнай здольнасці аптычных прылад. Адкрыў (з У.Рамзаем) хім. элемент — аргон. Сканструяваў і вынайшаў шэраг фіз. прылад (дыск Р., манометр Р., рэфрактометр Р. і інш.). Нобелеўская прэмія 1904.

Тв.:

Рус. пер. — Волновая теория света. М.; Л., 1940;

Теория звука. Т. 1—2. 2 изд. М., 1955.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Дж.Рэлей.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Салігорскага р-на Мінскай вобл., на беразе Салігорскага вадасховішча. За 132 км на Пд ад Мінска. Канцавая чыг. ст. веткі ад Слуцка, на аўтадарозе Слуцк—Мікашэвічы. 101,9 тыс. ж. (2001).

Засн. ў 1958 як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-на Мінскай вобл. ў выніку прамысл. распрацоўкі пакладаў калійных солей і буд-ва калійнага камбіната. З жн. 1959 рабочы пас. С., са снежня 1962 у Любанскім р-не. У 1963—79 уведзены ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. З 1963 горад абл. падпарадкавання, з 1965 цэнтр Салігорскага р-на. У 1978—60 тыс. жыхароў.

У горадзе працуюць ВА «Беларуськалій», прадпрыемствы лёгкай прам-сці «Калінка» і Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Купалінка», ліцейна-мех. з-д «Універсал», буд. арг-цыя «Салігорскпрамбуд», домабуд. камбінат, прадпрыемства «Шахтаспецбуд». Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, пед. каледж, 2 ПТВ, 4 б-кі, Салігорскі краязнаўчы музей, Палац культуры, Дом культуры. Помнікі Героям Сав. Саюза В.​З.​Каржу, В.​І.​Казлову, скульпт. кампазіцыі шахцёрам-першапраходцам і ў гонар заснавання горада.

Горад Салігорск. Праспект Міру.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

частка энергіі фіз. сістэмы, што залежыць толькі ад яе ўнутранага стану. Складаецца з кінетычнай энергіі (энергіі цеплавога руху) часціц сістэмы (малекул, атамаў, электронаў, атамных ядраў і інш.), энергіі іх узаемадзеяння паміж сабой, а таксама энергіі электронных абалонак атамаў і іонаў, унутранай ядз. энергіі і інш. Ва У.э. не ўключаецца энергія мех. руху цела як цэлага і патэнцыяльная энергія яго ўзаемадзеяння з гравітацыйным, магн. і эл. палямі.

У.э. з’яўляецца адназначнай функцыяй параметраў стану сістэмы, а яе змена U пры пераходзе сістэмы са стану 1 у стан 2 не залежыць ад віду працэсу, пры якім адбываецца гэты пераход, і вызначаецца толькі значэннямі У.э., U1 і U2 у 1 і 2 станах сістэмы адпаведна ΔU = U2 − U1 Для ідэальнага аднаатамнага газу ΔU = ​3/2 νRΔT, дзе ν — колькасць рэчыва, R — універсальная газавая пастаянная, ΔT = T2 − T1, T1 і T2 — абс. т-ра газу ў 1 і 2 станах адпаведна. У рэальных газах, вадкасцях і цвёрдых целах У.э. залежыць ад т-ры і ад ціску (аб’ёму). Гл. таксама Патэнцыялы тэрмадынамічныя, Першы закон тэрмадынамікі.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні цеплавой энергіі ў тэхнал. працэсах, на транспарце, у побыце; навука, якая вывучае асн. заканамернасці пераўтварэння хім. энергіі паліва ў цеплату, мех. і эл. энергію. Тэарэт. асновы Ц. — тэрмадынаміка, тэорыя цеплаперадачы, тэорыя цеплаабменных апаратаў, турбін і інш.

Асн. крыніца атрымання цеплаты — паліва (цвёрдае — вугаль, торф, сланцы; вадкае — нафта; газ — прыродны і доменны). У працэсе гарэння ўдзельнічаюць паліва і акісляльнік. Прадукты згарання маюць высокую т-ру і з’яўляюцца энерганосьбітам, цяпло якога ідзе на розныя мэты. Важная крыніца цяпла — ядзерная энергія. Выкарыстоўваюць таксама сонечную энергію (гл. Геліятэхніка, Геліяўстаноўка) і глыбіннае цяпло Зямлі (гл. Геатэрмальная электрастанцыя). Адрозніваюць 2 асн. кірункі Ц.: цеплавыкарыстанне (спажыванне цяпла ў прамысл. печах, цеплаабменных апаратах, тэхнал. працэсах, побыце, гл. Цеплазабеспячэнне, Ацяпленне) і цеплаэнергетыка (выкарыстоўвае цяпло для атрымання інш. відаў энергіі, гл. Энергетыка). На Беларусі даследаванні ў галіне Ц. праводзяцца ў Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, Бел. нац. тэхн. ун-це.

Літ.:

Телегин А.С., Швыдкий В.С., Ярошенко Ю.Г. Термодинамика и тепломассоперенос. М., 1980;

Теплотехника. 2 изд. М., 2000.

В.​Р.​Баштавой.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВЫ ПЕРАПЛА́Ў,

працэс атрымання зліткаў і адлівак з чыстых і звышчыстых металаў (найперш тугаплаўкіх і высакародных), а таксама сплаваў у высокім вакууме ў электронна-прамянёвых печах. Маса зліткаў — ад дзесяткаў грам да дзесяткаў тон.

Крыніца электронаў — электронныя пушкі (ад адной да 6—8) сумарнай магутнасцю да 6 МВт. Метал, што пераплаўляецца, падаецца ў зону дзеяння электроннага праменя ў выглядзе расходнага электрода, злітка, гранул, парашку і інш. Расплаўлены метал сцякае кроплямі ў водаахаладжальны крышталізатар — уліўніцу (пры наплаўленні злітка) ці тыгель (пры атрыманні фасонных адлівак і вырошчванні монакрышталёў), або ў халодныя подавыя ёмістасці (пры рафінаванні вадкага металу). Рафінаванне металу ажыццяўляецца пры расплаўленні і вытрымцы яго вадкім на працягу зададзенага часу. Ступень ачысткі металаў ад уключэнняў і дамешкаў вызначаецца т-рай і працягласцю нагрэву. Э.-п.п. значна паляпшае мех. характарыстыкі металу і сплаваў; дасягаецца спалучэнне металург. чысціні металу, якасці паверхні злітка і яго мікраструктуры з эканам. эфектыўнасцю працэсу.

Літ.:

Тихоновский А.Л., Тур А.А. Рафинирование металлов и сплавов методом электронно-лучевой плавки. Киев. 1984;

Электронно-лучевая плавка. Киев, 1997.

І.​Л.​Побаль.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШЧАРЫЦЫН Пётр Іванавіч (н. 30.6.1915, г. Людзінава Калужскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Акад. Нац. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р тэхн. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1972). Скончыў Арджанікідзеградскі маш.-буд. ін-т (1941). З 1952 дырэктар 11-га Дзярж. падшыпнікавага з-да (Мінск), з 1962 рэктар, адначасова заг. кафедры БПІ. З 1977 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. З 1987 саветнік прэзідыума, з 2002 гал. навук. супрацоўнік Фіз.-тэхн. ін-та Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэхналогіі машынабудавання, пытаннях уплыву тэхнал. спадчыннасці на эксплуатацыйныя ўласцівасці дэталей машын, удасканалення фінішных аперацый мех. апрацоўкі дэталей, шліфаванні і даўгавечнасці шліфавальных дэталей, тэхналогіі вытв-сці падшыпнікаў качэння, надзейнасці трансп. прыстасаванняў аўтам. ліній. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы технологии механической обработки и сборки в машиностроении. Мн., 1974;

Технологическая наследственность в машиностроении. Мн., 1977 (разам з Э.​В.​Рыжовым, У.​І.​Аверчанкавым);

Скоростное внутреннее шлифование. Мн., 1980 (разам з І.​П.​Караімам);

Чистовая обработка деталей в машиностроении. Мн., 1983 (разам з А.​Н.​Мартынавым).

П.І.Яшчарыцын.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук. матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.

Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, М.​Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.​Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл. Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫ́ЧА,

працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіны за кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).

Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл. Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім. метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн. ч. вады і солей выдаляюць з нафты.

На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.

Літ.:

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Технология и техника добычи нефти. М., 1986.

В.​А.​Вядзернікаў.

Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.
Да арт. Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)