ПАДЭКАЛЕ́ (франц. Pas de Calais), Дуўрскі праліў,

праліў паміж в-вам Вялікабрытанія і ўзбярэжжам Францыі. З’яўляецца ўваходам у праліў Ла-Манш з боку Паўночнага м. Даўж. 37 км, найменшая шыр. (паміж Дуўрам і Кале) 32 км, глыб. 21—64 м. Парты: Дуўр (Вялікабрытанія), Кале і Дзюнкерк (Францыя). Паромная сувязь Дуўр—Кале, Дуўр—Дзюнкерк, Дуўр—Булонь. Пад пралівам чыг. тунэль.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСЕ́К [ад пар(алакс) + сек(унда)],

пазасістэмная адзінка даўжыні для вымярэння адлегласцей у астраноміі. Абазначаецца пк (раней абазначалася пс). 1 пк роўны адлегласці, з якой паўдыяметр зямной арбіты бачны пад вуглом 1" (гл. Секунда вуглавая). Выкарыстоўваюцца таксама кратныя адзінкі: мегапарсек (Мпк) і кілапарсек (кпк). 1 пк = 3,086∙10​16м = 206 265 а.а. = 3,263 св. года. Гл. таксама Астранамічная адзінка, Светлавы год.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫВУ́Н,

возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 10 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,39 км², даўж. 4,7 км, найб. шыр. 130 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Катлавіна — азёрападобнае расшырэнне рэчышча р. Вір. Берагі высокія, на Пн пад лесам і хмызняком. Злучана ракой з воз. Вяхава.

т. 12, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,

вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКС (ад лац. rex цар),

парода караткашэрсных трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1919 у Францыі. Больш за 20 каляровых варыяцый: Р.-шыншыла, Р.-матылёк, блакітны, рыжы і інш. Выкарыстоўваецца для вырабу футра «пад коцік». Канстытуцыя кволая, пераразвітая. Тулава падоўжанае, з крыху гарбатай спінаю. Сярэдняя маса 4,4 кг. Валасяное покрыва шчыльнае. Плоднасць 5—6 трусянят за год.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕФЕВІ́Е, Сефевія,

суфійскае брацтва (тарыкат), якое заснаваў у канцы 13 ст. Сефі ад-дзін Ісхак (1252—1334). У 15 ст. кіраўнікі С. ператварыліся ў правіцеляў (шэйхаў) г. Ардэбіль (Іранскі Азербайджан). У 1499 шэйх Ісмаіл (гл. Ісмаіл I) пад лозунгамі шыізму пачаў барацьбу супраць правіцеляў-сунітаў з дзяржавы Ак-Каюнлу, якая скончылася яго перамогай і стварэннем Сефевідаў дзяржавы.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́БЛА,

балота пераважна нізіннага тыпу ў Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Жыгулянка. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,8 тыс. га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя — 1,6 м. Запасы торфу каля 14 млн. т. Балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. На неасушанай тэр. мяшаны лес, травяное покрыва пераважна з асакі.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЕ ВО́ЗЕРА У Талачынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Еленка, за 25 км на ПдЗ ад г. Талачын. Пл. 0,27 км², даўж. 680 м, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі 1,95 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пад лесам. Берагі нізкія. месцамі забалочаныя. Востраў пл. 0,1 га. Злучана ручаём з Касмачэўскім возерам.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧАВАЯ ТКА́НКА,

разнавіднасць злучальнай тканкі жывёльнага арганізма. Складаецца з клетак, якія ўтрымліваюць у цытаплазме тлушчавыя ўключэнні. Служыць энергет. дэпо арганізма, засцерагае яго ад страты цяпла. У пазваночных жывёл і чалавека размешчана пераважна пад скурай (падскурная клятчатка), у сальніку, паміж унутр. органамі ў выглядзе мяккіх, пруткіх пракладак. У водных млекакормячых (напр., у некат. кітоў) слой падскурнай Т.т. дасягае 50 см.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)