ДЭМБІ́НСКІ (Генрык) (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1962.
Літ.:
Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИЗНЬ ПРОВИ́НЦИИ»,
грамадска-палітычная, эканам. і літ. газета. Выходзіла з 11(24).4 да 18(31).5.1907 у Мінску штодзённа на рус. мове. Рэдактар І.М.Глоба-Міхайленка. Прадаўжала праграму забароненай газ.«Голос провинции». Ацэньвалася цэнзурай як газета «апазіцыйнага кірунку... са схільнасцю да чыста рэвалюцыйных выхадак». З пазіцый, блізкіх да меншавізму, асвятляла рабочы і сацыяліст. рух. У памфлетах і вершах-пародыях выкрывала лідэраў чарнасоценных партый, іх мясц. орган «Минское слово», палітыку царызму. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе. Прызнавала нац. самастойнасць беларусаў, крытыкавала шавіністычную палітыку царызму і польскай буржуазіі ў Беларусі. Праграму «Ж.п.» прадаўжала газета «Окраина».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРБА́ (Янка) (сапр.Івашын Іван Якаўлевіч; 30.4.1881, в. Купніна, цяпер у межах г. Чашнікі Віцебскай вобл. — 7.1.1964),
бел.паэт. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1909). Настаўнічаў на Украіне і ў Беларусі. З 1902 друкаваў этнагр. нарысы ў газ. «Витебские губернские ведомости». Першы верш на бел. мове «На беразе Дзвіны» апубл. ў 1909 у «Нашай ніве». У лепшых вершах зб. «Заранкі» (1924), «Ясныя шляхі» (1959) — лірызм, нар.-песенныя матывы, некаторыя залішне рацыяналістычныя. Для дзяцей напісаў кнігі «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах.тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн.км² (з іх у ЗША 36 тыс.км²). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд.т нафты і 4,3 трлн. м³ газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд.т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЗ (Ілья Сямёнавіч) (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.С.Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял.Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НИН»,
сельскагаспадарчы і грамадска-паліт. штотыднёвы часопіс; орган т-ва«Селянін». Выдаваўся ў 1906—15 у Вільні на рус. мове. Заснавальнік і выдавец С.Кавалюк. Прызначаўся для заможных бел. праваслаўных сялян. Прапагандаваў палітыку самадзяржаўя, выступаў у падтрымку сталыпінскай агр. рэформы, супраць нац.-вызв. руху. Не прызнаваў самастойнасць бел. народа, яго мовы і культуры. Змяшчаў матэрыялы супраць газ. «Наша ніва» і бел. л-ры ўвогуле, але друкаваў творы мясц. аўтараў, урыўкі з твораў М.Някрасава, Л.Талстога і інш. Змест і дзейнасць «К.» высмейваў у сваіх эпіграмах і сатыр. вершах Я.Купала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 28.6.1922, в. Сыцянец Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1954). Скончыў БДУ (1948). У 1947—88 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь», Ін-це педагогікі, Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкуецца з 1947. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), артыкулаў пра творчасць К.Чорнага, Я.Коласа, З.Бядулі, П.Глебкі, А.Гурло і інш. Раман «Разгневаная зямля» (1984) пра барацьбу мінскіх патрыётаў супраць ням.-фаш. захопнікаў. Сааўтар (з У.Агіевічам) школьных падручнікаў па бел. л-ры.