ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.​С.​Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),

бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.​В.​Гётэ і М.​Лермантава; А.​Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).

Тв.:

Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;

[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;

Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),

расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-р слав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.​Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел. нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).

Тв.:

Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;

Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;

Язык как творчество. Харьков, 1913;

Славянский мир. М., 1915;

Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

М.​І.​Пратасевіч.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел. бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час. «Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРЫ́Ў,

стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.

Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл. Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл. Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).

Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВУ́К (Слаук) Валерый Пятровіч

(н. 7.4.1947, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1997 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Творчай манеры ўласцівы контурнасць выявы, мадэліроўка аб’ёмаў філіграннымі дробнымі штрыхамі, часта гратэскавасць і іранічнае шаржыраванне персанажаў. Для станковых твораў характэрны адыход ад канкрэтыкі сюжэтнага дзеяння, абагульненне вобразнай шматграннасці зместу, падрабязнае адлюстраванне прадметаў побыту і навакольнага асяроддзя: «Белы кот» (1995), «Начны візіт», «Дарога» (абодва 1996), «Аднарог», «Прыцемкі» (абодва 1997), «Запаволены рух», «Эдэм», «Ператварэнне» (усе 1998) і інш. Кніжная графіка вызначаецца абвостраным успрыманнем літ. зместу, эмацыянальным і глыбокім выяўленнем характараў герояў, своеасаблівасцей сюжэтаў: нар. казкі «Удовін сын» (1977—80), «Піліпка-сынок», «Курачка Раба» (абедзве 1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989), «Залаты птах» (1993), казку «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка (1995), кнігі «Касмалёт» М.​Ганчарова (1979), «Ад рэчыва да сутнасці» К.​Шарыкава (1982), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.​Баршчэўскага (1990), «Вясна ўвосень» У.​Караткевіча (2000) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2001.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001.

М.​Р.​Баразна.

В.Славук. Іл. да казкі «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка. 1995.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш). Прыхільнікі П складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗКА,

жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.

Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш. фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар. культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.

Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал. месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел. нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел. нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел. нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел. нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.​Баршчэўскі, А.​Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.​Багушэвіч, К.​Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.​Коласа, З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, А.​Якімовіча, М.​Танка, М.​Лужаніна, У.​Караткевіча, У.​Ягоўдзіка і інш. Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;

Могилев, 1887—91, 1901;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Сержпутовский АК. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд. Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.

Літ.:

Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Я г о ж Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;

Ягож. Русская сказка. Л., 1984;

Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;

Померанцева Э.В. Судьбы русской сказки. М., 1965;

Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Бріцина О.Ю. Українська народна соціально-побугова казка. Київ, 1989;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Яго ж. Об особенностях украинской сказочной героики сравнительно с белорусской и русской // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Вып. 11;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Lüti M. Marchen. Marbuig, 1986.

Л.​Р.​Бараг.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)