Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНА́ЎСТВА,
навука, якая вывучае тэатр як самастойны від мастацтва, яго паходжанне і развіццё, месца і ролю ў грамадстве, маст. і тэхнал. структуру, працэсы творчасці і ўспрымання; галіна мастацтвазнаўства. Зыходзячы з таго, што т-р складаецца з драматургіі, сцэн. мастацтва і гледача, то кожная з гэтых галін з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведных раздзелаў Т. Яго асн. структурныя часткі: агульная тэорыя і гісторыя т-ра, тэатр. крытыка, сацыялогія т-ра, тэорыя драмы, рэжысура, акцёрскае мастацтва, псіхалогія і фізіялогія творчасці і глядацкага ўспрымання, сцэнаграфія, муз. афармленне спектакляў, тэатр. адукацыя і педагогіка, тэхніка сцэны, эканоміка і арг-цыятэатр. справы, крыніцазнаўства, бібліяграфія і інш. Звязана з гісторыяй культуры і побыту, філасофіяй, сацыялогіяй, эстэтыкай, псіхалогіяй, фалькларыстыкай, літ.-знаўствам, усімі мастацтвазнаўчымі навукамі.
Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Першыя тэатразнаўчыя творы паявіліся ў 16 ст. ў Францыі, Англіі, Германіі. З 17 ст. пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра. У Расіі Т. ўзнікла ў 18 ст. Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі творы А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, артыкулы В.Бялінскага, А.Грыгор’ева і інш.Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі працы К.Станіслаўскага, У.Неміровіча-Данчанкі, У.Меерхольда, У.Усеваладскага-Гернгроса, М.Марозава, П.Маркава, С.Данілава, Г.Гаяна і інш. тэарэтыкаў і практыкаў т-ра.
На Беларусі першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама пра спектаклі Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл у 1720—61 занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага». У 17—18 ст. першыя спробы асэнсаваць тэатр. працэсы зроблены ў працах М.К.Сарбеўскага («Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый»), Я.Фалькоўскага («Збор розных твораў», т. 3), Г.Каніскага («Правілы паэтычнага мастацтва») і Ф.Галянскага («Пра красамоўства і паэзію»). У 19 ст. на Беларусі і за яе межамі з’явіліся друкаваныя працы на польскай мове, у якіх разглядалася дзейнасць Гродзенскага і Нясвіжскага т-раў, змяшчаліся звесткі пра тэатралізаваныя дыялогі, якія праводзіліся ў езуіцкіх школах Гродна, Нясвіжа, Пінска, Полацка, Слоніма і Свіслачы, бел. інтэрмедыі 17 ст. і інш.Вял. значэнне для вывучэння гісторыі і практыкі бел.т-ра мелі запісы яго нар. форм, зробленыя ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. Е.Раманавым, П.Шэйнам, К.Гукоўскім, Я.Карскім, Дз.Даўгялам, К.Харламповічам, А.Кіркорам і інш. У публікацыях канца 19 ст. ў гіст. плане асвятлялася жыццё, у т. л. і тэатр., Мінска, Віцебска і Гродна. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац.т-р (арт. М.Гарэцкага «Наш тэатр», 1913). Шмат увагі ідэі яго стварэння, асвятленню яго нар. і прафес. форм аддавалі газеты «Наша ніва» (1906—15), «Гоман» (1916—18), «Беларусь» (1919—20) і інш. У пачатку 20 ст. Т. вылучылася ў самастойную галіну навукі. Паяўленне прафес.дзярж. т-раў на Беларусі і шырокае развіццё аматарскай творчасці вызначылі задачы бел. Т. на новым этапе, асн. з якіх было вывучэнне гісторыі нац.сцэн. культуры: Ф.Аляхновіч «Беларускі тэатр» (1924), С.Грынкевіч «Аб тэатры» (1927), А.Некрашэвіч «Беларускі першы Дзяржаўны тэатр, 1920—1930» (1930) і інш. Значная ўвага ў канцы 1920-х — 1930-я г. аддавалася аналізу бел. драматургіі. У зб. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны крытычныя выступленні па праблемах драматургіі пісьменнікаў Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, І.Гурскага, Я.Рамановіча і інш. Сярод інш. прац па гэтай праблеме: «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934), «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935), якія, аднак, не пазбеглі суб’ектывізму ў ацэнках з’яў мастацтва. У пасляваен. перыяд бел. Т. прадоўжыла распрацоўку праблем сцэн. мастацтва і драматургіі. З арганізацыяй у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ў 1957 сектара т-ра і кіно (з 1977 сектар, з 1986 аддзел т-ра) пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных працэсаў развіцця бел.т-ра. Гэтыя праблемы распрацоўваліся ў працах У.Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» і «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965), калектыўнай «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанка (2002). У шэрагу тэарэт. прац разглядаюцца праблемы драматургічнага канфлікту («Роздум пра драматычны канфлікт» Няфёда, 1970); сцэн. інтэрпрэтацыі прозы («Радок, прачытаны тэатрам» У.Халіпа, 1973); узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне тэатр. культур розных народаў («Шляхі беларускага тэатра» У.Стэльмаха, 1964; «Беларуская драматургія ў тэатрах народаў СССР» А.Сабалеўскага, 1972, і інш.); эвалюцыі канцэпцыі гераічнага ў бел.тэатр. мастацтве («На сцэне — бессмяротнасць подзвігу», 1982; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80 гг.», 1987, Смольскага); сучаснай бел. рэжысуры («Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» Смольскага, 1984; «Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000) і інш.
У манаграфіях тэатразнаўчага і літаратуразнаўчага характару аналізуецца творчасць драматургаў: Я.Купалы (М.Ярош, У.Карпаў, П.Васючэнка), К.Крапівы (Я.Усікаў, А.Макарэвіч, У.Карабан, С.Лаўшук, Сабалеўскі), Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Усікаў), вывучаецца драматургія і праблемы яе развіцця, аналізуецца сцэн. ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў. Выдадзены манаграфіі, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: «Першы тэатр» Рамановіча (1946), «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» (1970) і «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа» (1976) Няфёда, «Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.)» Пятровіча (1983), «На тэатральных скрыжаваннях» Б.Бур’яна і Ліснеўскага (1967, пра Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі), «Лёс аднаго тэатра» Г.Герштэйн (2000, пра Дзярж.яўр.т-рБССР), «Тэатр лялек» Ан.Ляляўскага (1974) і інш.Нар. формы тэатр. мастацтва, дзейнасць прафес. і аматарскіх калектываў у гіст. і сучасных аспектах даследуюцца ў працах Г.Барышава, У.Іскрыка, М.Каладзінскага, Ю.Пашкіна, Ю.Сохара, А.Лабовіча, А.Есакова, А.Асташова, Пятровіча і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі для студэнтаў тэатр. факультэтаў ВНУ, для школьных і дашкольных устаноў: «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (склад. Сабалеўскі, т. 1—2, 1975; т. 1—3, 2-е выд. 1997—2000), «Гісторыя беларускага тэатра» Няфёда (1982), «Лялечны тэатр у школе» Ан. Ляляўскага (1967), «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.» С.Міско (2000) і інш. Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатр. дзеячаў асвятляецца ў крытыка-бібліягр. нарысах. З 2-й пал. 1960-х г. выдаюцца працы мемуарнага характару: «Нататкі акцёра» Ц.Сяргейчыка, «Тэатр і час» Стэльмаха (абедзве 1973), «Тэатр — жыццё маё» П.Малчанава (1984), «Паўстагоддзя на сцэне» Г.Абуховіч (1987), «І кожны вечар у час прызначаны...: Паводле ўспамінаў З.І.Браварскай» І.Кірылюк (2001) і інш.Бел. Т. папулярызуе мастацтва т-ра: кнігі-альбомы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» (1958), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), «Тэатры Беларусі» (1998, на бел. і англ. мовах) і буклеты пра асобныя т-ры. Аб нараджэнні новых раздзелаў Т. сведчаць працы «Тэатральны эксперымент: праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі і «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: (Сацыялагічны замер)» Г.Юдчыц (1998) і інш., у якіх разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, планавання творчага працэсу, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар, спажывецкі рынак і інш. Пэўную каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва, бібліягр. даведнікі па драматургіі, рэжысуры і інш.Бел. Т. эвалюцыяніравала ад матэрыялаў пераважна апісальных і інфарм. да прац абагульняльнага характару, тэарэт. асэнсавання творчых працэсаў нац.сцэн. мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа. Вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі мастацтваў і інш.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки, 1917—1941. М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),
1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж. служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».
2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛ — бел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв. (гл.Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.
Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля 2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр.ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл.Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
Літ.:
Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;
Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎЧЭ́НКА Тарас Рыгоравіч (9.3.1814, в. Морынцы Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.3.1861),
украінскі пісьменнік, мастак, рэвалюцыянер-дэмакрат; заснавальнік новай укр. л-ры і нац.літ. мовы. Вучыўся ў Пецярб.АМ у К.Брулова (1838—45). Як дваровы П.В.Энгельгарта жыў у Вільні (1829—31), потым у Пецярбургу. У 1838 з дапамогай Брулова, В.Жукоўскага і інш. выкуплены з прыгону. З 1845 працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве арыштаваны і аддадзены ў салдаты (1847—57). Пасля ссылкі (з 1858) жыў у Пецярбургу. Прыхільнік рэв. шляху ліквідацыі прыгонніцтва, яднання слав. народаў у барацьбе за сац. і нац. вызваленне. Пісаць пачаў каля 1836—37. Выдаў зб. «Кабзар» (1840). Творы Ш. прасякнуты любоўю да радзімы, напісаны нар. мовай, вызначаюцца блізкасцю да фальклору, разнастайнасцю рытмаў, меладычнасцю. У ранняй яго творчасці (вершы, балады, паэмы «Кацярына», 1838, «Гайдамакі», 1841; драма «Назар Стадоля», 1843, і інш.) спалучэнне рамантызму з рэаліст. тэндэнцыямі. У паэме «Наймічка» (1845) стварыў яркі драм. вобраз жанчыны-маці. У паэмах «Сон» (1844), «Каўказ», «Ератык» (абедзве 1845), «Неафіты» (1857), цыклах «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэзіі перыяду ссылкі, аповесцях «Княгіня» (1853), «Музыка» (1855) і інш.рэв. і антыпрыгонніцкія матывы. Аўтар паэм «Сляпая» (1842), «Князёўна» (1847), «Марына» (1848), «Юродзівы» (1857), «Марыя» (1859), балады «Сурочаная» (1837), трыпціха «Доля», «Муза», «Слава» (1858), аповесцей «Варнак» (1845), «Няшчасны», «Капітанша», «Блізняты» (усе 1855), «Мастак» (1856), «Прагулка з задавальненнем і не без маралі» (1856—58). Многія вершы Ш. сталі нар. песнямі.
Ш. — заснавальнік рэаліст. кірунку ва ўкр.выяўл. мастацтве. Майстар партрэта, гіст. і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў («Аўтапартрэт», 1840—41; «Кацярына», 1842; серыя афортаў «Жывапісная Украіна», выд. 1844, і інш.). За працы ў галіне гравюры атрымаў званне акадэміка (1860). Яго маст. спадчына прасякнута народнасцю, сац. накіраванасцю, гуманіст. пафасам. У 1969 устаноўлена Дзярж. прэмія Украіны імя Ш.
З Беларуссю Ш. ўпершыню пазнаёміўся ў час паездкі ў ліку дваровых з Украіны ў Вільню (1829); ён праязджаў праз Беларусь з Пецярбурга на Украіну ў 1843, потым з Кіева ў Пецярбург у 1847. Быў знаёмы з польскім і бел. мастаком Б.Залескім, літаратарамі Я.Баршчэўскім, Р.Друцкім-Падбярэскім, скульптарам М.Мікешыным. Цікавіўся бел. л-рай і фальклорам, успамінаў пра Беларусь у сваім «Дзённіку» (нап. 1857—58). Пра жыццё прыгонных беларусаў пісаў у аповесці «Музыка». Многія творы Ш. ўвайшлі ў бел. фальклор, сталі нар. песнямі. Яго паэзія паўплывала на творчасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Сувязям Ш. з Беларуссю прысвечаны арт. «Тарас Шаўчэнка і беларусы» Р.Зямкевіча (1911). Паэтыку Ш. даследаваў М.Багдановіч (арт. «Памяці Т.Р.Шаўчэнкі», «Краса і сіла: Спроба даследавання верша Т.Р.Шаўчэнкі», абодва 1914), перакладаў яго вершы на рус. мову. Ш. прысвяцілі свае творы бел. паэты (зб. «У вянок Т.Р.Шаўчэнку», 1939). Творчасць Ш. даследавалі і даследуюць С.Александровіч, В.Івашын, А.Мальдзіс, Э.Мартынава. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, П.Броўка, З.Бядуля, Н.Гілевіч, П.Глебка, С.Грахоўскі, С.Законнікаў, В.Зуёнак, М.Клімковіч, Я.Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў, Я.Купала, Н.Мацяш, Я.Сіпакоў, Х.Чарнышэвіч.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—6. Київ, 1963—64;
Бел.пер. — Наймічка. Мн., 1940;
Выбраныя вершы і паэмы. Мн., 1948;
Кабзар. 2 выд.Мн., 1952;
Кацярына. Мн., 1964;
Вершы. Паэмы. Мн., 1989;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1977.
Літ.:
Ткаченко М.М. Літопис життя і творчості Т.Г.Шевченка. Київ, 1961;
Касіян В.І. Мистецтво Тараса Шевченка. Київ, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА
У рамках навукі канстытуцыйнага (дзяржаўнага) права даследуецца сістэма канстытуцыйна-прававых норм і адносін, вывучаюцца крыніцы канстытуцыйнага права, тэорыя і практыка рэалізацыі яго норм, канстытуцыйныя асновы прававога становішча чалавека і грамадзяніна, паліт., эканам. і сац. сістэма, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці дзярж. органаў Рэспублікі Беларусь.
Станаўленне і развіццё на Беларусі дзярж. права як навукі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. Вядомыя ў той час вучоныя-юрысты (І.А.Ільін, М.М.Каркуноў, М.Л.Паліенка, Л.А.Ціхаміраў, Б.М.Чычэрын і інш.) выпрацавалі і вызначылі асн. паняцці дзярж. права, у т. л. ідэі народаўладдзя, дзярж. суверэнітэту, формы праўлення (манархіі, рэспублікі) і інш. З пач. 1920-х г. даследаванні ў гэтай галіне вяліся ў Ін-це бел. культуры і БДУ. Вывучаліся пытанні прававых форм узаемаадносін сав. рэспублік, прыроды іх дзярж. саюза, развіцця заканадаўства. Апублікаваны працы, прысвечаныя сав.дзярж. праву (У.М.Дурдзянеўскі, М.А.Канаплін, Л.А.Рудзіцкі, П.М.Галанза, Р.Я.Парэчын), гісторыі дзярж. права (арт. В.Д.Дружчыца аб становішчы Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі 1569), праблеме суверэнітэту ў сав.дзярж. праве (В.А.Дарогін). Выдадзены акты ЦВК, Урада, Савета працы і абароны СССР (1923), працы «Савецкія рэспублікі ў іх узаемаадносінах» (1922) і «Наша Канстытуцыя» (1928) Р.Я.Парэчына, «Новая Канстытуцыя Беларускай ССР» І.І.Крыльцова (1928). У пасляваенны час даследаваліся праблемы дзярж. будаўніцтва, утварэння бел.сав. дзяржаўнасці (С.П Маргунскі, Л.А.Рудзіцкі, В.А.Дарогін, І.І.Саладкоў), гісторыі дзярж. органаў і права Беларусі (І.А.Юхо), тэорыі дзяржавы і права, практыкі дзейнасці сав. органаў (С.Р.Драбязка, С.Р.Віхараў, І.Дз.Вятроў, Н.А.Кудзінаў, У.А.Кучынскі), дзейнасці сав.дзярж. апарату і мясц. Саветаў, выбарчай сістэмы і выбарчага права (Ю.В.Шабанаў, А.А.Галаўко, А.Т.Лейзераў). Шэраг прац вучоных-юрыстаў быў прысвечаны тэарэт. пытанням дзярж. будаўніцтва, прынцыпам арганізацыі і дзейнасці прадстаўнічых органаў улады, органаў тэр. грамадскага самакіравання, прававога статусу грамадзян (А.М.Абрамовіч, Л.І.Кукраш, Е.М.Тагуноў, А.Г.Цікавенка і інш.).
Ва ўмовах незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь навука канстытуцыйнага права развіваецца ў рэчышчы ідэі вяршэнства Канстытуцыі як ядра ўсёй прававой сістэмы. Даследуюцца актуальныя праблемы тэорыі канстытуцыйнага права (Р.А.Васілевіч, Дз.М.Дземічаў, К.М.Кунцэвіч), прававога статусу і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў (С.Р.Драбязка, А.А.Сакалоўскі, В.І.Шабайлаў, А.Г.Цікавенка), прававыя асновы рэфармавання мясц. кіравання і самакіравання (В.А.Кадаўбовіч, А.Т.Лейзераў, В.І.Фацееў, Л.П.Чагіна), фарміравання дэмакр.сац. прававой дзяржавы, развіцця паліт. сістэмы грамадства (А.А.Абрамовіч, А.А.Галаўко, А.У.Матусевіч), выбарчай сістэмы і рэферэндумаў (Р.А.Васілевіч, А.Я.Вашкевіч, Н.П.Дзенісюк, М.С.Чудакоў), бяспекі дзяржавы і дзейнасці органаў унутр. спраў (С.А.Трахімёнак, Л.М.Рабцаў). Выдадзены «Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі» Р.А.Васілевіча, Т.І.Доўнар і І.А.Юхо (2001), працы Р.А.Васілевіча «Канстытуцыя і некаторыя аспекты абароны правоў і свабод грамадзян» і «Органы дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь» (абедзве 1999), навуч. дапаможнікі па канстытуцыйным праве І.У.Абуховіч, Р.А.Вашкевіча, Дз.М.Дземічава, А.І.Курака, М.К.Кунцэвіча і інш., а таксама «Энцыклапедыя канстытуцыйнага права» В.Г.Гаўрыленкі, П.Г.Нікіценкі і Н.І.Ядзевіч. На кафедры канстытуцыйнага права БДУ вядуцца даследаванні канстытуцыйнага, адм., фін. заканадаўства, асноў канстытуцыйнага ладу, грамадз. супольнасці, забеспячэння аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы, грамадства і асобы.
Літ.:
Рудзицкий Л.А. Образование белорусской советской государственности. Ученые записки. Мн., 1957;
Абрамович А.М. Государственное управление строительством в СССР. Мн., 1982;
Тиковенко А.Г. Авторитет власти: прошлое и настоящее. Мн., 1994;
Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь. Мн., 1999;
Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2003;
Выборы: правовые основы избирательных технологий. Мн., 2000;
Яго ж. Референдумы в Республике Беларусь и ее путь к независимости в конце XX столетия. Мн., 2001;
Конституционные основы социального государства: Сб. статей. Мн., 2000;
Соколовский А.А. Исполнительная власть Республики Беларусь. Мн., 2001;
Головко А.А. Теоретические основы демократии. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГАНЫ́ (саманазва рома),
прадстаўнікі этнічных груп, аб’яднаных агульнасцю паходжання і мовы. Жывуць у многіх краінах свету. Існуе падзел на вандроўных, паўвандроўных, аселых і паўаселых. Агульная колькасць ад 2,5 да 10 і больш млн.чал. (звесткі ЮНЕСКА). У Рэспубліцы Беларусь 9927 чал. (перапіс 1999). Гавораць на цыганскай мове, а таксама на мове таго народа, сярод якога жывуць. Веравызнанне Ц. залежыць ад пануючай рэлігіі краіны пражывання, прытрымліваюцца таксама традыц. вераванняў.
Ц. — выхадцы з Індыі, якую пакінулі ў канцы І-га тыс.н.э. Першапачаткова аселі ў Пярэдняй Азіі, у 13—15 ст. — у Паўд.-Усх. і Усх., потым у Цэнтр. і Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. Вялі вандроўны лад жыцця табарам. Падначальваліся выбранаму важаку, які вызначаў час і напрамак вандровак, спосаб здабывання сродкаў для існавання, быў афіц. прадстаўніком табара. Спрэчныя пытанні вырашаліся праз цыганскі суд з найб. паважаных і старэйшых па ўзросце членаў табара. Жанчыны цалкам падпарадкоўваліся бацьку, потым мужу, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахарствам, спевамі і танцамі, клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем. Заняткі мужчын — канакрадства, гандаль коньмі, канавальства, рамёствы (кавальства, пляценне кашоў, разьба па дрэве) і інш. Месцам збору розных груп Ц. былі кірмашы. Аселыя і паўаселыя Ц. выконвалі абрады таго народа, сярод якога жылі, і традыцыйныя.
На Беларусі вылучаюць групы т.зв. рус. Ц. (жывуць на У Беларусі, саманазва «руска рома», вернікі — правасл.) і бел.-літ. Ц. (у паўн.-зах. раёнах Беларусі і прылеглых раёнах Літвы, аб’яднаны саманазвай «польска рома», вернікі — католікі). На Беларусь Ц. перавандравалі ў 15 ст. праз Польшчу і Германію, у канцы 16 — пач. 17 ст. з Венгрыі. Гал. месца збору вандроўных груп — мяст. Зэльва. У 17 ст. ўлады Рэчы Паспалітай спрабавалі прывучыць Ц. да аселага жыцця і далі ім адм. паўнамоцтвы: выбарныя вярхоўныя правіцелі наз. цыганскімі каралямі, баронамі, надзяляліся неабмежаванай уладай над Ц. Паўнамоцтвы каралёў зацвярджалі магнаты ВКЛ ці каралеўская канцылярыя. Найб. іх колькасць пражывала ў мяст. Мір (цяпер Гродзенскай вобл.). Займаліся сукнавальным, кавальскім і інш. рамёствамі. У 1790-я г.вял. колькасць бел. Ц. перасялілася ў Бесарабію, Малдавію і Валахію. Паводле перапісу 1897, на Беларусі было больш за 3 тыс. Ц. У працэсе рассялення склаліся лакальныя іх групы. У 1926 у БССР 2366 Ц., найб. групы ў Рэчыцкай (374), Віцебскай (325), Аршанскай (269) і Магілёўскай (264) акругах. У 1920—30-я г. ствараліся ўмовы для пераходу Ц. да аселага і прац. ладу жыцця: надзяленне іх зямлёй, арганізацыя цыганскіх калгасаў і школ. У 1925—28 дзейнічаў Усерас. саюз Ц. Вялася работа па арганізацыі Бел. саюза Ц. У 1926 уведзена цыганская пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну Ц. пагражала фіз. знішчэнне з боку ням. фашыстаў. У 1956 прыняты ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Пра далучэнне да працы цыганоў, якія займаюцца валацужніцтвам». Большасць з іх перайшла да аселага ладу жыцця, сялілася на ўскраінах гарадоў і ў прыгарадах (Паўн. пасёлак, пас. Сцяпянка ў Мінску, пас. Цітаўка каля Бабруйска і інш.). У пач. 1960-х г. у г. Дзяржынск Мінскай вобл. існаваў самадзейны цыганскі ансамбль песні і танца. У пасляваен. гады адбывалася перасяленне Ц. на Беларусь з інш. рэгіёнаў СССР. У 1959 на Беларусі жылі 4662 Ц., у 1970—6843, у 1979—8408, у 1989—10 762. Большасць іх пражывае ў гарадах (у 1999—80,7%). Паводле ацэнкі прадстаўнікоў цыганскай грамадскасці, Ц. на Беларусі да 50 тыс.чал.; такое вял. разыходжанне з афіц. звесткамі тлумачыцца тым, што значная частка Ц., грамадзян Беларусі, аднесла сябе пры перапісе да прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей. Паводле перапісу 1999, 77,5% бел. Ц. назвалі сваёй роднай мовай цыганскую. Сярод іх пашыраны эндагамныя шлюбы; сем’і, як правіла, мнагадзетныя.
У апошні час Ц. Беларусі пры захаванні традыц. найменняў усё больш ужываюць адзіную саманазву «беларуска рома». З сярэдзіны 1990-х г. на Беларусі з’явіліся прадстаўнікі этнагр. груп сярэднеазіяцкіх Ц. мусульманскага веравызнання — джугі (назва ва Узбекістане) ці люля (у Таджыкістане). На 2002 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 цыганскія грамадскія нац.-культ. аб’яднанні: Грамадскае аб’яднанне «Беларуская цыганская дыяспара», Бел. асацыяцыя цыганоў «Рома» (абедзве з 1998) і Міжнар. грамадская арг-цыя цыганоў «Адраджэнне» (з 2000), а таксама цыганскі дабрачынны фонд «БелРома» (з 2001).
Літ.:
Даўгяла Дз.І. Цыганы на Беларусі // Наш край. 1926. № 12;
Щербакова Т. Цыганское музыкальное исполнительство и творчество в России. М., 1984;
Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992;
Калінін В. Цыганы на Беларусі // 3 гісторыяй на «Вы»: Публіцыст. арт.Мн., 1994. Вып. 2;
Дучыц Л. З гісторыі цыганоў Беларусі // Бел.гіст.часоп. 2003. № 3;
Narbutt T. Rys historyczny ludu cygańskiego. Wilno, 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І ФАЛЬКЛО́РУімя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 на базе сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі і сектара мастацтва Ін-та л-ры АНБССР. З 1993 імя К.Крапівы. Аддзелы: тэатр. мастацтва; кіно і тэлемастацтва; музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі; выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва; архітэктуры; этналогіі; антрапалогіі і экалогіі; фалькларыстыкі; славістыкі; стараж.бел. культуры. Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: заканамернасці развіцця бел. мастацтва, яго роля і значэнне ў сістэме культуры бел. народа і ў працэсе ўзаемадзеяння з культурамі інш. народаў, тэарэт. асэнсаванне мастацтвазнаўчых праблем; вывучэнне побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, біясацыяльных заканамернасцей фарміравання і зменлівасці іх антрапал. рыс; даследаванне гісторыі і тэорыі бел. фальклору, яго ўзаемасувязей з вуснапаэт. творчасцю інш.слав. народаў; вывучэнне эканам. і культ. развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, бел. архітэктуры, помнікаў стараж.-бел. мастацтва.
У галіне тэатразнаўства даследуюцца гісторыя бел.сцэн. культуры, праблемы бел. драматургіі і яе сцэн. ўвасаблення, развіццё аматарскага т-ра і інш. Выдадзена калектыўная праца «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіі У.І.Няфёда «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1966) і інш. У галіне кіно і тэлемастацтва даследуюцца станаўленне, гісторыя і тэндэнцыі сучаснага развіцця бел. кіно, тэарэт. праблемы тэлемастацтва, спецыфіка экранізацыі твораў маст. л-ры, дзейнасць асобных рэжысёраў, акцёраў. Выдадзены «Гісторыя беларускага кіно» ў 2 кнігах (1969—70), «Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме мастацкай культуры» (1988), даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы» (т. 1, 1996) і інш. У галіне музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі вывучаюцца вытокі, асн. кірункі, эвалюцыя стыляў, жанравая тыпалогія і сучасны стан бел.прафес. музыкі, праблемы опернай драматургіі, балета, муз. камедыі, аперэты, тэарэт. асновы бел.нар.муз. мастацтва, сістэмная тыпалогія бел. песеннага фальклору, яго рэгіянальныя асаблівасці, бел.нар. інструменты, муз. аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры. Сярод прац «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97), «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997); «Каляндарна-песенная культура Беларусі» З.Я.Мажэйкі (1985), «Кампазітары Беларусі» Т.Г.Мдзівані, Р.І.Сергіенка (1997) і інш. У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры даследуюцца гісторыя бел.выяўл., дэкар.-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, станаўленне і развіццё асобных жанраў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры, маст. разьбы па дрэве і інш.), гісторыка-культ., маст. помнікі Беларусі, узаемасувязі і ўзаемадзеянне выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва беларусаў з мастацтвам суседніх народаў, тэндэнцыі развіцця сучаснага бел. мастацтва. Выдадзены фундаментальная праца «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння» (1994) і інш. У галіне этналогіі даследуюцца яе гісторыя, вытокі і этнічнае развіццё бел. этнасу, эвалюцыя яго гасп. заняткаў (земляробства, пчалярства, ткацтва, дрэваапр. промыслаў і інш.), матэрыяльнай культуры (жылля, адзення), грамадскіх традыцый і духоўнай культуры. Падрыхтаваны і выдадзены цыкл манаграфій В.К.Бандарчыка па гісторыі бел. этнаграфіі (1964, 1970, 1972, 1979), калектыўныя працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), першыя тамы абагульняльнай шматтомнай працы «Беларусы» (1995—97). У галіне антрапалогіі вывучаюцца фіз. тып стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі, роля спадчынных, прыродных і сац. фактараў у фарміраванні фіз. тыпу беларусаў, адаптыўныя працэсы ў сувязі са зменлівымі ўмовамі асяроддзя на тэр. рэспублікі, генетычна дэтэрмінаваныя сістэмы (дэрматагліфічныя, аданталагічныя, генагеагр. паказчыкі). Выдадзены працы «Нарысы па антрапалогіі. Беларусі» (1976), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978) і «Біялагічнае і сацыяльнае ў фарміраванні антрапалагічных асаблівасцей» (1981) Л.І.Цягака, І.І.Салівон, А.І.Мікуліча, «Экалагічныя змены і біякультурная адаптацыя чалавека» (1996) і інш. У галіне фалькларыстыкі ажыццяўляецца збіранне, сістэматызацыя, публікацыя вуснапаэт. твораў, даследуюцца тэорыя і гісторыя бел. фальклору, вывучаюцца сучасныя фалькл. працэсы, праводзіцца параўнальны аналіз фалькл. твораў славян і інш. Выдадзены 44 т. шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» (1970—97, Дзярж. прэмія Беларусі 1986), кнігі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (абедзве 1993), цыкл навук. прац па гісторыі бел. фалькларыстыкі ў 3 кнігах (1987—89), гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967) і інш. У ін-це створаны Музей старажытнабеларускай культуры.
У ін-це працавалі акад.АН Беларусі П.Ф.Глебка, чл.-кар. І.В.Гутараў; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.К.Бандарчык, С.В.Марцэлеў, У.І.Няфёд, М.Ф.Піліпенка (дырэктар з 1994).
Літ.:
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы: (Да саракагоддзя стварэння). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзвепаст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў Аркадзь Аляксандравіч (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзвенап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр. разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.