млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж.цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Целадаўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЕ́ЛІЯ (Bonellia),
род марскіх беспазваночных жывёл тыпу эхіўрыд. Некалькі відаў. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядома Bonellia viridis. Пашыраная ў прыбярэжнай ч. Міжземнага м. і Атлантычнага ак., каля берагоў Еўропы.
Цела самкі Bonellia viridis (да 7 см) з доўгім, раздвоеным на канцы хобатам, які можа выцягвацца (да 1 м) і служыць для захопу грунту з ежай (расліннымі рэшткамі). Самец карлікавы, даўж. не болей як 1—3 мм, паразітуе ў палавых пратоках самкі — з’ява, адкрытая рус. вучоным А.А.Кавалеўскім (1870).
Банелія: 1 — самка (паменшаная ў 2 разы); 2 — самец (павялічаны ў 35 разоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),
клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).
Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж.цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),
здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.
Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыірэхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́СТУЛА (ад грэч. blastos зародак),
заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца бластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.
Тыпы бластул: 1 — цэлабластула, 2 — стэра-бластула, 3 — дыскабластула; бл — бластамеры, ж — жаўток, б — бластацэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЦЫ (Dasypodidae),
сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).
Даўж.цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.