Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак.Пл. 342 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.
Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пдбас.р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пннайб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс.чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал.ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.
Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд.дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс.га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн.харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс.т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс.т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасцігал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн.т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс.м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн.дол., імпарт — 559 млн.дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.
Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач.н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г.Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас.р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.
15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац.Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен.к-т КПП на чале з Ж.Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г.эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач.прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л.Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.
Літ.:
Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;
Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;
Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.
Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.Да арт.Конга (РК). Здабыча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.тсталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн.км², без астравоў 20,36 млн.км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50′паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12′паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40′зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168°зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На ПдЦэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх.ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На ЗКардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 м — найвыш. пункт П.А.); на УАпалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на ПнЛаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн.км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.
Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд.г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн.ч. Апалачаў), герцынскага (паўд.ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.
Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.
Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн.паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр.ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр.ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).
Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-раліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн.тэр. Канады (сярэдняя т-раліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-раліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-раліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, ПнЦэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — ПдЦэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).
Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн.ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн.км², у т. л. 1,8 млн.км² на Грэнландыі, 150 тыс.км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.
Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.
Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн.чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
А.Я.Яротаў.
Да арт.Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.Да арт.Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.Да арт.Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.Да арт.Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.Да арт.Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),
да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБКП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ.«Звязда». На VI Паўн.-Зах.абл.парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБКП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБКП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ.к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц.парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Басн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш.паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБКП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл.Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССРтэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦККП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г.вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».
Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦККП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел.бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦККП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г.НКУСБССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн.сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл.КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦКВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл.КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦККП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл.Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦККПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел.нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.
КПБ прымалася 9—15 тыс.чал., канд.
у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦККПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР. У выніку падзелу мясц.парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦККПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл.КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс.чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс.чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізмусталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж.адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦККПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл.КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦККПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦККПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПСС—КПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.Гамарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;
Ч. 2. Мн., 1967;
Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;
По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;
Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;
Страницы истории Компартии Белоруссии;
суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;
Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр.арт. і прамовы;
Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
В.Ф.Кушнер.
Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення
Дата правядзення
Прадстаўлена на з’ездзе
Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі
канд. у чл. партыі
чл. партыі
канд. у чл. партыі
1
2
3
4
5
6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск
30—31.12.1918
17 771
не было
на снеж. 1918
17 771
не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня
4—6.3.1919
17 636
не было
на сак. 1919
7652
не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск
22—26.11.1920
1700
не ўлічана
на ліст. 1920
1700
не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск
25.2—1.3.1921
3000
не ўлічана
звесткі не выяўлены
звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск
15—20.10.1921
3325
не ўлічана
на вер. 1921
2889
1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск
15—19.3.1922
5150
4445
1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск
20—26.3.1923
3850
з камуністамі вайсковых часцей
2890
600
VIII з’езд КП(б)Б1, Мінск
12—14.5.1924
10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975)
2946
1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск
8—12.12.1925
8912
6163
на 1.1.1926
9458
7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск
3—10.1.1927
16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей
30 955)
9455
16 170
9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск
22—29.11.1927
23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
11 392
на 1.1.19282
19 333
10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
5—16.2.1929
29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207)
11 877
23 950
9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
30.5—12.6.1930
27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806)
11 564
27 011
9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск
23—29.1.1932
46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
28 280
37 944
21 231
XV з’езд КП(б)Б3, Мінск
16—22.1.1934
26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119)
11 048
26 861
11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск
10—19.6.1937
24 549
9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000)
24 7354
9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск
10—18.6.1938
22 784
8742
22 990
8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск
15—20.5.1940
36 388
23 465
33 869
24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск
15—18.2.1949
91 554
18 652
90 976
19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск
20—23.9.1952
107 252
20 184
на 1.1.1953
108 017
19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск
10—13.2.1954
119 865
10 161
118 895
10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск
24—27.1.1956
132 414
12 655
132 414
12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск
14—15.1.1959
168 716
19 193
168 716
19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск
17—19.2.1960
183 855
19 592
183 855
19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск
26—28.9.1961
214 399
25 954
на 1.1.1962
223 699
25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск
3—5.3.1966
320 622
22 421
320 622
22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск
22—24.2.1971
412 873
21 654
412 873
21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск
4—6.2.1976
485 671
20 558
485 671
20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск
27—29.1.1981
572 313
22 998
572 313
22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск
30—31.1.1986
645 754
22 226
645 754
22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск
28.11—1.12.1990
больш за 600 000
685 270
12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ)
29—30.5.1993
дакладных звестак няма
дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы)
2.11.1996
1160
каля 7000
1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЖЫСЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА.
рэжысура, мастацтва ствараць гарманічна цэласнае відовішча, якое вызначаецца пэўным маст. адзінствам (спектакль, кінафільм, тэлефільм і інш.).
У тэатры рэжысёр паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-маст. сутнасці драм. твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы маст. афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам). У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і інш. вынікае форма спектакля. Гал. сфера дзейнасці ў Р.м. — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Р.м. прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асн. творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэн. твора.
Р.м. ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы 19 ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л.Кронека, О.Брама, М.Райнгарта (Германія), А.Антуана (Францыя), Г.Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля. Дынамічнаму развіццю Р.м. садзейнічалі вял.рус. рэжысёры К.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма), У.Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У.Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага т-ра, біямеханіка, адкрытая паліт.тэндэнцыёзнасць тэндэнцыйнасць*, эксперыменты ў форме спектакля і г.д.), Я.Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А.Таіраў (імкненне да арган. суіснавання ўсіх элементаў сцэн. мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г.д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж.Капо, Ш.Дзюлен, Л.Жувэ (Францыя), М.Валенцін (Германія), Ю.Астэрва, Л.Шылер (Польшча), Э.Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш. Новы творчы імпульс Р.м. дала творчасць Б.Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага т-ра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж.Вілар, Ж.Баро (Францыя), П.Брук (Вялікабрытанія), Дж.Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы Р.м. ў рас. т-ры 2-й пал. 20 ст. развівалі і развіваюць М.Акімаў, М.Ахлопкаў, А.Васільеў, А.Дзікі, Л Додзін, Ю.Завадскі, Б.Захава, М.Захараў, М.Кнебель. А.Лабанаў, Ю.Любімаў, А.Папоў, Р.Сіманаў, Г.Таўстаногаў, Л.Хейфіц, А.Эфрас, А.Яфрэмаў і інш.
На Беларусі ў нар. т-ры (паказах скамарохаў, батлейкі, нар. драмы) своеасаблівым рэжысёрам была нар. традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў. Станаўленне Р.м. звязана з тэатр. дзейнасцю ў 1840—50-я г. В.Дуніна-Марцінкевіча (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр), у 1-й пал. 20 ст. з творчасцю І.Буйніцкага, А.Бурбіса, Ф.Ждановіча, У.Фальскага. Яны апіраліся на нар.тэатр. традыцыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі муз. і харэагр. нар. творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нац. каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю нар. характараў і побыту. Традыцыі бел.нар.т-ра, Першай бел. трупы Буйніцкага прадаўжалі Ждановіч і У.Галубок. Параўнальна вял. ўвагу яны аддавалі раскрыццю сац. зместу твора, яго ідэйна-маст. гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхал. распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё бел. Р.м. сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рус.рэаліст. школы з прынцыпамі бел.нар.т-ра спалучаў у сваёй творчасці Е.Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стыліст. своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі. У канцы 1920—30-я г. паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці бел. Р.м. наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М.Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К.Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэн. кампазіцыі характэрны рэжысуры Л.Літвінава. Уклад у развіццё Р.м. зрабілі А.Аркадзьеў, Дз.Арлоў, Ю Арынянскі, Г.Волкаў, В.Галаўчынер, М.Зораў, М.Кавязін, С.Казіміроўскі, У.Кумельскі, Н.Лойтар, Л.Мазалеўская, У.Маланкін, А.Міронскі, І.Папоў, В.Пацехін, М.Рафальскі, Л.Рахленка, В.Рэдліх, А.Скібнеўскі, М.Співак, А.Струнін, С.Уладычанскі, В.Фёдараў, Ю.Шчарбакоў, Б.Эрын. Р.м. 1970—90-х г. характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатр. выразных сродкаў, імкненнем да філасофска-абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэн. метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р.Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэн. характараў), У.Караткевіча (сацыяльна-паліт. распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б.Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спалучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі Р.м.), В.Раеўскага (канцэптуальныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэн. форме), В.Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы нар.т-ра з улікам сучасных тэатр. навацый), В.Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А.Андросіка (наследаванне традыцый рус. Р.м.), В.Катавіцка, Р.Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага зах.-еўрап. Р.м.) і інш. Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Бел.дзярж.АМ і Бел.ун-т культуры.
У кіно рэжысёр узначальвае творчы і вытворчы працэс па стварэнні фільма. Ён вызначае паводле сцэнарыя ідэйна-маст. задуму фільма і даводзіць яго да цэласнага ўвасаблення, кіруе сумеснай работай акцёраў, аператара, мастака, кампазітара і інш. удзельнікаў пастаноўкі.
У кіно Р.м. зарадзілася ў пач. 20 ст. У зах. кінематографе ў розныя часы высокім узроўнем вызначалася Р.м. Л.Буньюэля (Іспанія), Ж.Л.Гадара, Л.Дэлюка, Р.Клера, Ф.Лежэ. Ж.Мельеса, А.Рэне, Ж.Рэнуара, Ф.Труфо (Францыя); Д.Грыфіта, Т.Інса, Ф.Капры, Ф.Ф.Копалы. С.Крамера, С.Кубрыка, Дж.Лукаса, Э.Портэра, М.Скарсезе, С.Спілберга, Дж.Форда, Ч.Чапліна (ЗША); Р.Віне, Ф.Ланга, Ф.В.Мурнаў, Р.В.Фасбіндэра (Германія); Л.Андэрсана, Т.Рычардсана (Вялікабрытанія); М.Антаніёні, Л.Вісконці, П.П.Пазаліні, Р.Раселіні, В.Дэ Сікі. Ф.Феліні (Італія); І.Бергмана (Швецыя); А.Курасавы (Японія); А.Вайды, Е.Гофмана, К.Занусі (Польшча). У Расіі Р.м. звязана з дзейнасцю В.Абдрашытава, Р.Аляксандрава. бр. Васільевых, С.Бандарчука, Дз.Вертава, У.Гардзіна, С.Герасімава, А.Германа, М.Губенкі, Г.Данеліі, М.Калатозава, Р.Кармэна, Р.Козінцава, Л.Куляшова, М.Міхалкова, А.Міхалкова-Канчалоўскага, Г.Панфілава, Я.Пратазанава, У.Пудоўкіна, І.Пыр’ева, Э.Разанава, М.Рома, А.Сакурава, А.Таркоўскага, В.Шукшына, С.Эйзенштэйна, Ф.Эрмлера, С.Юткевіча.
Станаўленне Р.м. ў бел. кіно адбывалася ў 1920—30-я г. і звязана з дзейнасцю Э.Аршанскага, Я.Дзігана, У.Корш-Сабліна, Ю.Тарыча, з пошукамі рэжысуры ў адлюстраванні героікі рэвалюцыі і сучаснай праблематыкі, у распрацоўцы тэмы перавыхавання чалавека ва ўмовах новага грамадства. Р.м. Тарыча ўласцівы рамант. ўзнёсласць з даследаваннем жыццёвага асяроддзя, дакладнасць у перадачы каларыту эпохі і гіст. падзей. Фільмы Корш-Сабліна вызначаюцца экспрэсіўнасцю буйных планаў, выразнымі дэталямі, плакатна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў, увагай да псіхалогіі чалавека-працаўніка, да рэаліст.быт. падрабязнасцей. Традыцыі героіка-рамант. вырашэння тэмы прадоўжаны ў фільмах 1940—50-х г., прысвечаных Вял.Айч. вайне (Л.Голуб, М.Фігуроўскі) і гіст.-рэв. падзеям (Корш-Саблін). Адметнасць Р.м. 1960—1-й пал. 1970-х г. звязана з новым пакаленнем бел. кінематаграфістаў, сцвярджэннем імі дакумент. стылістыкі як дамінуючага маст. прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці. Свабоднае, раскаванае апавяданне, будзённая плынь жыцця, адмаўленне ад знешняга пафасу, патэтыкі, здымкі «пад хроніку» выразна выявіліся ў фільмах пра Вял.Айч. вайну П.Арманда, Р.Віктарава, І.Дабралюбава, В.Турава, А.Спешнева, Б.Сцяпанава. Рэжысёры імкнуліся да маст. рэканструкцыі гіст. фактаў, уключалі ў ігравыя фільмы кінахроніку, фотаздымкі і інш., прынцыпы дакументалізму часам спалучаліся з вобразна-паэт. абагульненнямі і сімволікай. У 2-й пал. 1970-х — 1990-я г. з пашырэннем жанравай і стылявой палітры Р.м. пераважнае развіццё атрымалі эпічныя і публіцыст. кінастужкі. Для Р.м. гэтага часу характэрны пошукі сац. і філасофскіх абагульненняў, увага да маст. даследавання стыхіі нар. жыцця, паглыбленая цікавасць да паўсядзённага побыту, імкненне ствараць каларытныя нар. характары (Тураў, В.Рыбараў). Прыкметнымі сталі публіцыст. прынцыпы вырашэння творчай задумы, што выявілася ў падкрэслена вострых характарыстыках драм. канфліктаў і герояў у фільмах В.Нікіфарава, М.Пташука, Турава. Схільнасць да яркай відовішчна-выяўл. формы вылучае рэжысуру В.Рубінчыка. Высокім майстэрствам у даследаванні трагічных падзей Вял.Айч. вайны на Беларусі, сінтэзам стылявых прыёмаў ігравога і дакумент. кіно, арганічным спалучэннем эпасу і публіцыстыкі вылучаецца Р.м. Э.Клімава. У 1960—90-я г. значна вырасла Р.м. і ў бел.дакумент. кіно (І.Вейняровіч, М.Гарбуноў, М.Жданоўскі, Ю.Лысятаў, Дз.Міхлееў, І.Пікман, В.Сукманаў, М.Хубаў, У.П.Цяслюк, У.У.Цяслюк, Р.Ясінскі і інш.), асабліва ў цыклах В.Дашука.
На тэлебачанні рэжысёр увасабляе ідэйна-маст. задуму ў цэласную структуру тэлевізійнага твора (тэлефільма, тэлеспектакля, тэлеперадачы); стварае гукапластычнае экраннае відовішча, у якім сінтэтычна аб’яднаны выяўл. сродкі тэлевізійнага мастацтва: тэледраматургія, акцёрскае мастацтва, пластыка экраннай мовы, гукарытмічны строй дзеяння (музыка, мова і шумы). Станаўленне бел. тэлерэжысуры пачалося ў 2-й пал. 1960-х г. і звязана з выпускам кароткаметражных маст. стужак. Псіхалагічнай дакладнасцю, лірыка-паэт. бачаннем свету, мяккім гумарам вызначаюцца тэленавелы В.Басава, Ю.Дубровіна, М.Кожына, Нікіфарава, В.Панамарова, Рубінчыка, В.Урагава. Р.м. 1970—90-х г. наследавала і творча пераасэнсоўвала вопыт, набыты ў кіно. Значнае месца занялі шматсерыйныя тэлетворы, засн. на дакумент.-маст. трактоўцы падзей гісторыі. Арганічнае ўвядзенне ў маст. палатно ўрыўкаў з дакумент. стужак, фатаграфій, дакументаў, дыктарскага тэксту як прынцыпова важнага структураўтваральнага элемента, што пашырыла рамкі дзеяння, наблізіла гіст. час экранных падзей да рэальнага часу (творы А.Гутковіча, Дубровіна, В.Карпілава, Сцяпанава). Асабліва прыкметны рост Р.м. ў экранізацыях твораў бел. і рус. класічнай л-ры: з дапамогай багатых выяўл. сродкаў відэатэхнікі пластычна, выразна прачытана паэт. спадчына Я.Купалы; рысы эпічнасці, паэтычна-метафарычная, пластычная вобразнасць, паглыбленае даследаванне псіхалогіі герояў у часы драм. і трагічных выпрабаванняў, дакумент. выразнасць у перадачы атмасферы вайны вылучаюць экранізацыі твораў В.Быкава і В.Казько; сугучнасцю інтанацыі аўтарскага апавядання і рэжысёрскай, выяўл., акцёрскай культуры адзначана экраннае ўвасабленне твораў І.Тургенева, І.Мележа, У.Караткевіча. Плённа працавалі і працуюць рэжысёры-тэледакументалісты С.Агеенка, Г.Адамовіч, У.Арлоў, В.Аслюк, Басаў, У.Бокун, І.Волах, С.Гайдук, Н.Гаркунова, Ю.Гарулёў, Л.Гедравічус, Ф.Грыцкова, В.Жыгалка, І.Калоўскі, А.Карпаў, М.Князеў, В.Шавялевіч, М.Якжэн і інш.Гл. таксама Кінамастацтва, Тэлевізійнае мастацтва.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;
История белорусского кино. [Кн. 1—2]. Мн., 1969—70;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Сабалеўскі А. Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980;
Яго ж: Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Слова пра майстроў сцэны Мн., 1967;
Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Яго ж. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Пятровіч С. Еўсцігней Міровіч 2 выд.Мн., 1978;
Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі сучаснай бел. рэжысуры. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НГРЫЯ (Magyarország),
Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-раліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталіВенскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес.т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг.т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг.т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац.т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар.т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Герб і сцяг Венгрыі.Да арт.Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.Да арт.Венгрыя. Майстра М.Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.Да арт.Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.Печы. 1803—21.Да арт.Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.Да арт.Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.Да арт.Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.Да арт.Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.Штэйндль. 1884—96.Да арт.Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.Да арт.Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.Расіна ў Тэатры імя К.Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.Вазарэлі.Да арт.Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.Да арт.Венгрыя. М.Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.Да арт.Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.Да арт.Венгрыя. І.Чок. Куток атэлье. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ГІЯ (Norge),
Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс.км². Нас. 4420 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г.Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс.км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗСкандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс.км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. — р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61°паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш. Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.
Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э.стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пнмясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс.н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл.Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням.Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл.Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.
3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв.Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс.чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.М.Бундэвікам (Хрысц.нар. партыя).
Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц.нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш.Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.
Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс.дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн.т і прыродны газ — 46,5 млрд.м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн.т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн.т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтр — г. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн.т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн.т азотных і 0,3 млн.т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс.т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн.м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн.м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн.м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс.м³, паперы і кардону — 2 млн.т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн.т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сцьспарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн.т, у т. л. селядцоў — 917 тыс.т, траскі — 401 тыс.т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн.га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн.га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс.т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн.т, бульба — 0,4 млн.т, агародніна — 0,2 млн.т, плады і ягады — 0,1 млн.т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна 2/3унутр. і 9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс.км, аўтадарог — 90 тыс.км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр.авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд.дол., імпарт — 35,5 млрд.дол.Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс.дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс.чал.), ВПС (7,9 тыс.чал.), ВМС (9 тыс.чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс.чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж.фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч.г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.Амундсена і Ф.Нансена, плыт Т.Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв.тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв.дзярж. вяшчанне (з 1933).
Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.Хунарсана, Е.Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр.кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.Б.Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.Н.Брун (аўтар першай нарв.гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.Фастынг, сентыменталізму — П.Х.Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.Г.Веселя, Ю.Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст.нарв.нац.л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.К.Асб’ёрнсена, Ё.Му, М.Б.Ланстада, паэзія Ю.С.Вельхавена, А.Мунка, драм. творы Х.Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.К.Хансена, Вергелана). У творах П.Ботэн-Хансена, О.У.Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст.л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст.рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.Л.Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.Обстфелера, Т.Крага, паэзіі Н.К.Вогт, В.Крага. У канцы 19—пач. 20 ст.сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.Боера, Г.Скота, Х.Кінка, П.Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв.л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталіпсіхал. раманы С.Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.Упдаля, Ю.Фалькбергета, О.Бротэна, паэзія Р.Нільсена. Стваральнік нарв.сял. эпасу — Т.Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.Санемусе, паэзіі А.Эверлана, драмах Х.Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.Вільдэнвея, У.Аўкруста, С.Мерэна, У.Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.Крысціянсена, Р.Фангена, драматурга-сімваліста Г.Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.Недрэас, Н.Ю.Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.Рэйс-Андэрсен, І.Хагеруп, Т.Стыген, Т.Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.Якабсен, Э.Оклан, Я.Э.Вол), драматургія рэаліст. (Х.Хагеруп, Е.Б’ёрнебу, Т.Скагестад, А.Во, Н.Р.Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.Хаўрэвал, Т.Эр’ясетэр, С.Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г.цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.Хоэм), проза псіхал. (К.Фальбакен), фемінісцкая (Б.Вік), эксперым. (К.Флёгстад, С.Лёвейд), рэліг. (А.Ронінг), футурысцкая (А.Енсен), паліт. і сац. (К.Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.Міхальчук, В.Сёмуха, Л.Баршчэўскі.
Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.Ф.Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.Х.Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.Лунд, Н.Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.Эйквар, С.Е.Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс.н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст.нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац.прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.К.Даль, О.Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.Тыдэман), нац. пейзажа (Х.Гудэ, Ф.Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.Бакер, Э.Петэрсен, Ф.Таўлаў, Х.Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.Бергсліен, Ю.Мідэльтун, Х.Мікельсен, М.Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац.рэаліст. школа (К.Крог, Э.Верэншэль, Т.Кігэльсен, Г.Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.Аўлі, П.Крог, А.Рэваль, А.Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.Вейдэман, Г.С.Гундэрсен, К.Румар, І.Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.Фіне, графікі П.Гаген, В.Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.Баст, Р.Луне, В.Расмусен, Г.Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.
Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж.вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.Томісёна (1569), «Graduale» Н.Есперсена (1573). З канца 16 ст.муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.Д.Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.Нурдрак (аўтар нарв.нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 ст. — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л.муз. імпрэсіянізму (А.Хурум), новай венскай школы (Ф.Вален), неакласіцызму (Л.І.Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.М.Юхансен, П.Хал, А.Клевен, Б.Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.Эге і Х.Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.Грувен, С.Ульсен, Е.Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.Мортэнсен, Э.Ф.Брэйн, Э.Сомерфельт, А.Бібала, Э.Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.Нюстэт, М.Ом, Ю.Квандал, А.Янсан, эстрадныя Б.Амдал, Р.Даніельсен, В.Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Андэрсен, О.Р.Грунер-Хеге, Э.Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.Талаўг, К.Скрам, У.Эрыксен, піяністы І.Братлі, Х.М.Бекелун, Р.Левін, Т.Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар.муз. фестывалі.
Тэатр. Вытокі нац.нарв.т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм.т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн.праф.т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв.т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв.нац.тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв.драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв.т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ю.А.Стрындберга, Б.Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.Ветэргрэн, Г.Грыг, Ю.Дзюбвад, Д.Кнудсен, А.Маўрстад, А.Мувінкель, Х.Обель, А.Одвар, Ю. і С.Рэймерс, Т.Сегельке, Ю.Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.Абеля, Ю.Боргена, Ф.Вольфа, Х.Крога, Н.Грыга, К.Чапека, П.Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац.т-р, Малая сцэна Нац.т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар.т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж.тэатр. школа ў Осла (з 1953).
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.Вібе-Мюлер, Ж.Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн.Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв.ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.Берг, Я.Вікбарг, Т.Хеердал, П.Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.Андэрсен, Н.Мюлер, Н.Р.Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.Вама і П.Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.Бардун, Б.Бёрсум, Х.Кольстад, А.Малан, А. і Т.Маўрстад, К.Медбе, А.Опсаль, А.М.Отэрсен, Б.Скатэста, С.Стурла Хугнес, Я.Ф’ельстад, К.Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.
Літ.:
История Норвегии. М., 1980;
Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;
Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;
Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ.М., 1967;
Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;
Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.
Герб і сцяг Нарвегіі.Да арт.Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.Да арт.Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.Да арт.Нарвегія. Х.Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.Да арт.Нарвегія. Э.Мунк. Крык. 1893.Да арт.Нарвегія. О.Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.Да арт.Нарвегія. Ю.К.К.Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.