ІДЭА́ЛЬНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

ідэалізаваная мадэль крышталя бясконцых памераў са строга перыядычным размяшчэннем атамаў, пазбаўленая дэфектаў. Адрозненне рэальных крышталёў ад І.к. звязана з канечнасцю іх памераў і наяўнасцю дэфектаў (вакансіі, дыслакацыі, міжвузельныя атамы, дамешкі і інш.). У рэальных крышталях пры т-ры, большай за т-ру 0 К, заўсёды ёсць некаторая колькасць дэфектаў, тэрмадынамічна раўнаважных з рашоткай. Найб. блізкія па будове да І.к. бездыслакацыйныя крышталі (напр., крэмній Si, германій Ge). Паняцце І.к. шырока выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі і фізіцы цвёрдага цела.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 1,27 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Схілы катлавіны выш. 3—5 м, разараныя, на Пн да 30 м, пад хмызняком. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводная зона глеістая. На У выцякае ручай у воз. Укля.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДО́Л, бенза[b]пірол, 2,3-бензапірол,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C8H7N. Бясколерныя крышталі са слабым пахам нафталіну, tпл 52,5 °C, tкіп 254 °C, шчыльн. вадкага 1071,8 кг/м³ (56 °C). Добра раствараецца ў гарачай вадзе, аміяку, арган. растваральніках. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Уваходзіць у састаў каменнавугальнай смалы, з якой яго і вылучаюць. Структурны фрагмент прыродных злучэнняў (напр., трыптафану, сератаніну). Выкарыстоўваюць як фіксатар паху ў парфумерыі, вытворныя І. — у вытв-сці біялагічна актыўных злучэнняў (напр., гармонаў) і лек. сродкаў (напр., індапану).

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Кузьміч) (жн. 1917, в. Селівонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен.-паліт. вучылішча (1941), курсы «Выстрал» (1943). З 1938 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1941. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік К. вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі: 17.3.1945 полк пад яго камандаваннем на подступах да в. Ленхефен захапіў 6 гармат, 14 кулямётаў, каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

М.К.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РСІЯ ў біялогіі,

працэс, які вядзе да ўтварэння ў арганізмаў з рознымі спадчыннымі кампанентамі (хімер, гібрыдаў) участкаў са змененым парадкам гэтых кампанентаў (гл. Інверсія). Змена прыкмет бактэрыі (утварэння таксінаў, актыўнасці некат. ферментаў і інш.) пры пашкоджанні бактэрыяфагам наз. фагавай К. Характэрна для сальманел, стафілакокаў, стрэптакокаў, мікабактэрый і інш. Гал. адрозненні фагавай К. ад знешне падобнай да яе трансдукцыі: высокая частата (да 100% клетак, пашкоджаных фагам, могуць набыць новую адзнаку) і аднаўленне зыходнага знешняга віду бактэрыі пры страце канверсаванага фага.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),

глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.

Вялікі Каньён.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,

нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц. груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.​Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.​Гапрындаулі, Н.​Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)