род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 14 відаў. Найб. вядомыя М.: пахучая, або дзярачка (G. odoratum), багнавая (G. uliginosum), балотная (G. palustre), барэальная (G. boreale), мяккая (G. mollugo), прыручайная (G. rivale), сапраўдная (G. verum), учэпістая (G. aparine). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, па берагах рэк.
Адна- і шматгадовыя травы, рэдка паўкусцікі. Сцёблы 4-гранныя або круглыя, шурпатыя ці гладкія. Лісце ў несапраўдных кальчаках (па 4—15), суцэльнае, з лісцепадобнымі прылісткамі. Кветкі дробныя, белыя, Жоўтыя, ружовыя ў канцавых мяцёлках або пазушных паўпарасоніках. Плод — арэшак. Лек., фарбавальныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты выш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЯ́ДА (Najas),
род кветкавых раслін сям. наядавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль усюды ў азёрах, старыцах, ліманах, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі 2 віды Н.: вялікая (N. major) і марская (N. marina), занесеныя ў Чырв. кнігу. Аб’ект вывучэння біялогіі цвіцення і апылення падводных раслін. Паводле выкапнёвых рэшткаў Н. вызначаюць узрост геал. адкладаў. У акварыумах вырошчваюць таксама Н. каралеўскую, або Кінга (N. kingii), і грабеньчатую (N. pectinata).
Аднагадовыя, апушчаныя ў ваду травы з разгалінаваным ломкім сцяблом даўж. 8—60 см. Лісце лінейнае, у несапраўдных кальчаках. Кветкі дробныя, аднаполыя, адзіночныя. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́Й (Eriophorum),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і часткова субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя П.: похвенны (Evaginatum), шматкаласковы (E. polystachyon), шыракалісты (E. latifolium). Трапляюцца на балотах, у забалочаных лясах, па берагах зарослых азёр.
Шматгадовыя травяністыя раслінывыш. да 1 м з паўзучым ці пакарочаным карэнішчам. Сцёблы трохгранныя або цыліндрычныя. Лісце лінейнае. Кветкі ў шарападобных каласках або ў парасонападобных суквеццях. Калякветнік са шматлікіх белых, радзей рыжаватых валаскоў, якія пасля цвіцення падаўжаюцца і ўтвараюць пры пладах т.зв. пухоўку. Плод — арэшак. Торфаўтваральнікі. Зімуюць у зялёным стане; ранневеснавы корм для аленяў, ласёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁНАВЫЯ (Solanaceae),
сямейства двухдольных раслін. Каля 90 родаў, 2500 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях пераважна Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. На Беларусі найб. вядомыя П.: харч. — баклажан, бульба, памідор, перац струкавы; дэкар. — петунія, фізаліс; тэхн. — махорка, тытунь.
Травы, кусты або паўкусты, часам з лазячымі ці павойнымі сцёбламі, радзей невял. дрэвы (у тропіках). Лісце чаргаванае, простае, цэласнае або перыстаскладанае. Кветкі двухполыя, адзіночныя ці сабраныя ў завіткі. Плод — ягада або каробачка, радзей касцянка. Многія П. маюць алкалоіды і інш. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Харч., лек., тэхн., дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.
Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАРГО́НІЯ (Pelargonium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, таксама ў Аўстраліі і М. Азіі. Як эфіраалейную расліну культывуюць П. ружовую (P. roseum) — складаны гібрыд многіх відаў, пад назвай «герань» вырошчваюць у пакоях і аранжарэях. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды П.: буйнакветная (P. grandiflorum), духмяная (P. graveolens), занальная (P. zonale), паўзучая (P. peltatum).
Травы або паўкусты, часта з крухмаланоснымі клубнямі. Лісце супраціўнае з прылісткамі, лопасцевае або перыста-рассечанае, звычайна з залозістым апушэннем. Кветкі няправільныя, белыя, ліловыя, чырв., ружовыя, фіялетавыя, простыя ці махрыстыя, у пазушных парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Эфіраалейныя, дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТНЯ́К, кохія (Kochia),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, на Пд Еўропы, у Азіі, Афрыцы і на ЗПаўн. Амерыкі ў стэпах, пустынях і паўпустынях, часта на засоленых глебах. На Беларусі 3 віды П.: венікавы (K. scoparia), Сіверса (K. sieversiana), шарсцістакветны (K. laniflora). Трапляюцца на пустках, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У культуры вырошчваецца разнавіднасць K. scoparia var. trichophylla, летні кіпарыс, з дробным лісцем.
Аднагадовыя травы ці паўхмызнякі. Сцёблы галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, вузкаланцэтнае. пераважна апушанае. Кветкі дробныя, сабраныя ў суквецце-клубочак. Плод — арэх. Кармавыя, тэхн., дэкар.лек., харч.расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).
Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар.расліны.