парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́БІН (Lupinus),
род кветкавых раслінсям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч.раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.
У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек.раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс.га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,
сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,
гібрыдная зменлівасць, якая ўзнікае ў выніку новых спалучэнняў (камбінацый), рэкамбінацый і ўзаемадзеяння генаў пры скрыжаваннях. Разам з мутацыямі з’яўляецца формай спадчыннай зменлівасці, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да зменлівых умоў існавання. У практычнай селекцыі К.з. служыць асн. крыніцай атрымання новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАМАРФІ́ЗМ [ад грэч. xēros сухі + ...марф(а)],
сукупнасць анатама-марфал. асаблівасцей раслін, якія прыстасаваліся да недахопу вады. Выражаецца ў памяншэнні памераў лісця, клетак, павелічэнні колькасці клетак, вусцейкаў, сеткі жылак (абумоўлівае павышэнне засухаўстойлівасці). Тоўстая кутыкула і апушэнне паніжаюць транспірацыю. К. найбольш выражаны ў лісці верхніх ярусаў у сувязі з недастатковым водазабеспячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз. Выяўлены ў чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у засваенні тлушчу, каталізуюць гідроліз складанаэфірных сувязей у трыгліцэрыдах з утварэннем тлушчавай к-ты і гліцэрыну. У млекакормячых знаходзяцца пераважна ў соку падстраўнікавай залозы, функцыянуюць у кішэчніку і страўніку. Уздзейнічаюць на тлушчы, эмульгаваныя солямі жоўцевых кіслот.