мнагашлюбнасць. У раслін — мнагадомнасць, наяўнасць у аднаго віду адначасова адна- і двухполых кветак на адной ці на розных раслінах у розных камбінацыях (напр., грэчка, дыня, клён, сланечнік, ясень і інш.). У жывёл — адносіны паміж паламі, калі адзін самец апладняе некалькі самак. Уласцівая большасці млекакормячых, некат. птушкам (напр., глушцы, нанду, свойскія куры, цецерукі і інш.), паўзунам (змеі, яшчаркі), некат. беспазваночным (многія насякомыя і інш.). Тэрмін «П.» недакладна ўжываюць для абазначэння мнагажонства і мнагамужжа. Гл. таксама Манагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),
адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.
Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕКТАМІЦЭ́ТЫ (Plectomycetiidae),
група найб. недасканалых грыбоў падкласа эўаскаміцэтаў. 3 парадкі: эўрацыяльныя, анігенавыя, мікрааскавыя. Каля 140 родаў, 250 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 родаў, 50 відаў. Большасць сапратрофы, жывуць у глебе і на розных субстратах расл. паходжання, выклікаюць цвіль на харч. прадуктах, пашкоджваюць прамысл. вырабы і матэрыялы, некат. — паразіты вышэйшых раслін, жывёл і чалавека.
Пладовыя целы — клейстатэцыі, радзей перытэцыі. Сумкі хаатычна размешчаныя, шарападобныя з 2—8 спорамі. Вызваленне аскаспор заўсёды пасіўнае. П. выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў і ферментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,
акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл.Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вокажывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́БКІ»,
бел.нар. гульня. Некалькі пар бабак (падкапытныя косці жывёл) ставяць на роўным месцы ў рад («кон»), і з абумоўленага месца кожны гулец па чарзе збівае іх біткай (вялікая бабка, набітая свінцом). Збітыя бабкі лічацца выйгранымі. Разнавіднасць гульні — біток, дзе замест бабак выкладаюць піраміду з арэхаў, вакол якой праводзіцца круг — «горад». Гульцы з абумоўленага месца кідаюць найбольшы арэх-біток у піраміду. Арэхі, выбітыя за мяжу круга, лічацца выйгранымі. Той, хто прамахнуўся, дабаўляе ў піраміду арэх. Гульня скончана, калі ўсе арэхі выбіты з «горада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),
тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз.гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),
клас паразітычных прасцейшых жывёлатр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.
Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́Г (грэч. apologos літар. апавяданне),
у старажытнагрэчаскай і ўсх. л-ры кароткі павучальны апавядальны твор, пабудаваны на алегарычным паказе жывёл і раслін. Блізкі да байкі, але вобразы ў апалогу менш канкрэтныя, большае месца займае дыдактычны элемент. Найб. вядомы збор апалога — у стараж.-інд. кнізе на санскрыце «Панчатантра» (3—4 ст.; у араб. і перс. перапрацоўках «Каліла і Дзімна», каля 750). Апалогі ўключаліся ў рэліг. і дыдактычныя аповесці («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа»), Традыцыі гэтага жанру выкарыстаў Я.Колас у паэме «Сымон-музыка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,
раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.