КАМПА́ЎНДЫ ПАЛІМЕ́РНЫЯ (ад англ. compound састаўны, змешаны),
кампазіцыі на аснове алігамераў ці манамераў, прызначаныя для ізаляцыі токаправодных схем і дэталей электра- і радыёапаратуры.
К.п. маюць сувязнае (аснова) — алігамер (напр., эпаксідная, поліэфірная смолы) ці манамер (напр., дыізацыянаты і гідраксілзмяшчальныя злучэнні — зыходныя рэчывы для сінтэзу поліурэтанаў), а таксама пластыфікатар (напр., бутылфталат), напаўняльнік (напр., молаты кварц, кварцавы пясок, фарфоравы пыл), ацвярджальнік (напр., аміны, ангідрыды дыкарбонавых кіслот) і інш. кампаненты. Зацвярдзелыя К.п. захоўваюць добрыя электраізаляцыйныя і мех. ўласцівасці ў шырокім інтэрвале тэмператур. Выкарыстоўваюць для прамочвання абмоткі трансфарматараў, дроселяў, ал машын; заліўкі прамежкаў паміж дэталямі радыётэхн. і электронных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУЯВА́ННЕ,
стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).
К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл. таксама Праектаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯ́ЦЫЯ, ў матэматычнай статыстыцы,
статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.
Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),
штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.
Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕРАМІ́Н»,
адкрытае акцыянернае т-ва (ААТ) па вытворчасці буд. матэрыялаў. Утворана 3.6.1994 на базе вытв. аб’яднання «Мінскбудматэрыялы», якое дзейнічае з 1975 як шматгаліновае прадпрыемства. У яго ўвайшлі камбінат буд. матэрыялаў (галаўное прадпрыемства) і заводы: керамічны (дзейнічаў з 1902 як арцель па вытв-сці глінянай цэглы), мінералаватных вырабаў, «Будфарфор» (усе ў Мінску), а таксама кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (з 1995 горны цэх, г.п. Радашковічы) і цагельны завод «Студзёнка» (закрыты ў 1981). Асн. прадукцыя (1998): цэгла, плітка дляўнутр. абліцоўкі сцен, для падлогі, чарапіца, мінералаватныя будаўнічыя маты, сан.-тэхн. абсталяванне, наборы кафлі для печаў і камінаў, арх. кераміка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),
аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна длямуз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама дляўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел.нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.
Літ.:
Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНЫ ЗАВО́Дімя В.І.Казлова.
Пабудаваны ў 1953—56 у Мінску як Мінскі з-д электрашчытоў кіравання, з 1956 Мінскі дзярж. саюзны электратэхн. з-д. У 1957—65 пабудаваны гал. і дапаможныя карпусы. З 1967 сучасная назва. Вырабляе электратэхн. абсталяванне (1999): трансфарматары сілавыя масленыя (да 1000 кВА), сілавыя сухія (да 1000 кВА), маламагутныя сухія (0,063—2,5 кВА) рознага прызначэння; электрападстанцыі для атамных, цеплавых і гідраэлектрастанцый, для электразабеспячэння нафтаздабыўной прам-сці, для тэрмаапрацоўкі бетону і грунту; прылады катоднай абароны магістральных нафта- і газаправодаў і інш. падземных метал. збудаванняў; быт. зарадныя, пусказарадныя прылады, зварачныя трансфарматары, эл. масленыя абагравальнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫ ПУНКТ (НП),
спецыяльна абсталяванае і замаскіраванае месца для назірання за дзеяннямі праціўніка, сваіх войск і за мясцовасцю (акваторыяй), а таксама для засякання цэляў і карэкціроўкі агню. Робіцца ва ўсіх відах бою. Пры наступленні Н.п. можа знаходзіцца на танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспарцёрах, верталётах і інш.; у абароне размяшчаецца ў збудаваннях, абсталёўваецца сховішчамі для асабовага складу, неабходнымі прыладамі назірання і сродкамі сувязі. Бываюць асн., запасныя, падманныя і спец. (артыл., інж. і інш.). У аб’яднаннях, злучэннях і часцях Н.п. ствараюцца звычайна з сіл і сродкаў каманднага пункта (гл.Пункт камандны) і з’яўляюцца яго элементам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЫ ФОНД,
запас адборнага насення с.-г. культур для сяўбы. Ствараецца з ураджаю насенных участкаў гаспадаркі. Пры яго недахопе ў Н.ф. засыпаюць насенне з найб. ураджайных участкаў вытв. пасеваў. Засыпку ў Н.ф. завяршаюць праз месяц пасля збору ўраджаю. Насенне павінна адпавядаць пасяўным стандартам і захоўвацца ў адпаведных умовах у насеннясховішчах.
Разам з асн. у гаспадарцы ствараюцца страхавы і пераходны Н.ф. Страхавы фонд непарушны, абнаўляецца штогод. Ствараецца на выпадак стыхійных бедстваў для перасеву загінуўшага насення (да 15% ад асн. Н.ф.). Пераходны фонд ствараецца для азімых культур У раёнах з кароткім перыядам паміж уборкай і сяўбой.