У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, замацаваны асн. прынцыпы, формы грамадскага і дзярж. ўладкавання, парадак фарміравання органаў дзярж. улады, мясц. кіравання і самакіравання, іх узаемаадносін з інстытутамі грамадз. супольнасці. Паліт. сістэма бел. грамадства ўяўляе сабой сукупнасць дзярж. органаў, паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, пры дапамозе якіх народ ажыццяўляе сваю ўладу і кіруе справамі грамадства і дзяржавы. Эканам. сістэма вызначаецца існуючымі формамі ўласнасці, правіламі размеркавання грамадскага прадукту, мэтамі грамадскай вытворчасці і кіравання эканомікай краіны. Сац. сістэму складаюць розныя групы і супольнасці, утвораныя па прафес., дэмаграфічных, этнічных, сацыякульт., канфесійных і інш. прыкметах, а таксама арганізацыі, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэмы пенсіённага забеспячэння, страхавання, аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д.). Характар і змест гэтых гал. элементаў структуры і жыццядзейнасці грамадства вызначаюць найб. важныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі — асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Паводле Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта адзінае, цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца з адм.-тэр. адзінак, падпарадкаваных цэнтр. органам улады; у краіне дзейнічае адна Канстытуцыя, адзіная сістэма заканадаўства і суд. арганізацыі, адзінае грамадзянства, адзін заканад. орган (парламент). Дэмакр. асновы бел. дзяржаўнасці прадугледжваюць народаўладдзе, разнастайнасць паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, мясц. самакіравання. Сац. накіраванасць дзяржавы выражаецца ў гарантаванасці кожнаму чалавеку годнага ўзроўню жыцця, стварэнні належных умоў для бесперашкоднай рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на працу, сац. забеспячэнне, адукацыю, ахову свайго жыцця і здароўя. Прававы характар дзяржавы грунтуецца на безумоўным выкананні Канстытуцыі, раздзяленні ўлад, роўнасці ўсіх перад законам і судом. Рэальнае валоданне дзяржавай вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойнасць у ажыццяўленні ўнутр. і знешняй палітыкі азначае наяўнасць дзярж. суверэнітэту як неад’емнай уласцівасці і ўмовы яго правасуб’ектнасці на міжнар. арэне. Адсюль неабходнасць абароны незалежнасці і тэр. цэласнасці Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і правапарадку.
Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Устанаўліваецца адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай — за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй. Адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя (парламент, Саветы дэпутатаў) і інш. сфарміраваныя ім органы, праз мясц. самакіраванне. Вышэйшым непасрэдным выражэннем улады народа з’яўляюцца рэферэндум (нар. галасаванне) і выбары. Выяўленню і выказванню паліт. волі грамадзян садзейнічаюць паліт. партыі і інш. грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, фарміраванні грамадскай думкі па актуальных праблемах жыццядзейнасці грамадства. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац.груп не можа быць узведзена ў ранг дзярж., г.зн. абавязковай для ўсіх грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый, а таксама інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзярж. ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканад., выканаўчую і судовую. Органы ўсіх галін улады незалежныя і самастойныя ў сваёй дзейнасці, яны закліканы стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго. У Беларусі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім свайго ўнутр. заканадаўства. Яна з’яўляецца ўдзельніцай такіх універсальных дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах (1966) і шэрагу інш. У адпаведнасці з нормамі міжнар. права Беларусь можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Міжнар. дагавор Рэспублікі Беларусь, які набыў сілу, валодае юрыд. вяршэнствам у адносінах да іншых падканстытуцыйных актаў (законы, дэкрэты, указы, пастановы і г.д.).
З мэтай эфектыўнай арганізацыі дзярж. кіравання і мясц. самакіравання тэр. краіны падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі (вобласці, раёны, гарады, пасёлкі, сельсаветы і інш.). Асн. прынцып адм.-тэр. падзелу Беларусі — адзінства і неадчужальнасць яе тэрыторыі, якая з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа. Неад’емным атрыбутам дзярж. суверэнітэту, які вызначае прыналежнасць асобы да дзяржавы і абумоўлівае сукупнасць яе правоў і абавязкаў і абарону з боку дзяржавы, з’яўляецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць адначасова грамадзянінам інш. дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзяніну гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэр. Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі.
Канстытуцыя замацоўвае прынцып існавання дзярж. і прыватнай уласнасці. Дзярж. ўласнасць выступае ў выглядзе рэсп. уласнасці (уласнасць Рэспублікі Беларусь) і камунальнай уласнасці (уласнасць адм.-тэр. адзінак). Ва ўласнасці грамадзян і юрыд. асоб можа знаходзіцца маёмасць любой вартасці, за выключэннем устаноўленых законам абмежаванняў у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Дзяржава садзейнічае развіццю вытворчых і спажывецкіх кааператываў, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзярж. і прыватнай эканам. дзейнасці ў сац. мэтах.у інтарэсах чалавека і грамадства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Уласнасць на зямлю выступае ў дзярж. і прыватнай формах; землі с.-г. прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Працоўным гарантуецца права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Адносіны ў сац.-прац. сферах паміж органамі дзярж. кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафес. саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сац. партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. На аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да правоў і інтарэсаў людзей будуюцца адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі. Не дапускаецца прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян за іх прыналежнасць да нац. меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Дзяржава лічыць сваім абавязкам захаванне і папулярызацыю гісторыка-культ. і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нац. супольнасцей, рэалізацыю іх права на вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне нац. традыцый, развіццё прафес. і аматарскага мастацтва. Дзяржава гарантуе роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў, садзейнічае ўстанаўленню цярпімасці і павагі паміж рэліг. арганізацыямі розных веравызнанняў, грамадзянамі-вернікамі і тымі, хто не вызнае ніякай рэлігіі. Забараняецца дзейнасць рэліг. арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзярж., грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці. Дзярж. мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца бел. і рус. мовы. Законам прадугледжаны абавязак дзярж. органаў забяспечваць усебаковае функцыянаванне бел. і рус. моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, свабоднае развіццё і выкарыстанне моў усіх нац. меншасцей. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы і інш. агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права. З яе тэрыторыі выведзена ядзерная зброя, ставіцца мэта зрабіць бел. дзяржаву нейтральнай.
Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзярж. сцяг, Дзярж. герб (ухвалены рэсп. рэферэндумам 14.5.1995 і зацверджаны Указамі Прэзідэнта ад 7.6.1995) і Дзярж. гімн (зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 3.7.2002). Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск. Паводле Закона «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12.7.2000 ён з’яўляецца самаст.адм.-тэр. адзінкай, адм.-паліт., эканам. і культ. цэнтрам дзяржавы, мае свае сімвалы (герб, сцяг, гімн) і свой Статут, у якім вызначаны парадак узаемадзеяння гарадскіх дзярж. органаў і органаў тэрытарыяльнага мясц. кіравання і самакіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА.
Нар. харэаграфічнае мастацтва беларусаў выступае як складаная поліэлементная з’ява ў арганічным спалучэнні з каляндарна-земляробчай і сямейна-родавай сістэмамі. Складаецца яно з карагодаў і танцаў. Найстараж. від нар.танц. творчасці, пашыраны на Беларусі, — карагод (харавод, каравод, танок, кола, круг). Гэта калектыўная харэаграфічная дзея, у якой рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем (часам з інстр. суправаджэннем) і драматызацыяй паэт. зместу. Паводле функцый карагоды падзяляюцца на абрадавыя, прымеркаваныя да абрадаў або пэўнага часу і абставін, і пазаабрадавыя. Сярод абрадавых пераважаюць карагоды веснавыя (выконваюцца «ад Масленкі да Тройцы»), летняга перыяду (звязаны з купальскімі ігрышчамі і жнівом), восеньскія (звязаны з абрадам «Жаніцьба Коміна»), зімовыя (звязаны з Калядамі). Карагоды, прымеркаваныя да абрадаў, сустракаюцца ў каляндарным і сямейным цыклах, пазаабрадавыя выконваюцца ў любы час. Паводле жанравых прыкмет карагоды падзяляюць на 3 групы з адпаведным дамінаваннем у іх песні, гульні, уласна харэаграфіі: песенныя («Чыя эта мамка па вуліцы ходзіць», «Ідзе, ідзе карагод», «Як па жыту луны ходзюць», «Ой, што на нашым на шырокім возеры», «Ой, ляці, страла, да ўздоўж сяла» і інш.), гульнявыя («Пава хадзіла пер’е раніла», «Заінька па-за садам», «Сядзіць, сядзіць Яшчар», «Цар за горадам гуляе», «А мы проса сеялі», «Рында», «Ідзіце, мальцы, у карагод» і інш.), танцавальныя («Як пашла мядзвежка пір піруваці», «Васіль, Васілёчык», «Зязюля», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Гусарык», «Шастак» і інш.). Выконваюцца карагоды пераважна жанчынамі ўсіх узроставых груп (класічныя кругавыя карагоды — абрадавыя ці прымеркаваныя да абрадаў), а таксама дзіцячымі, падлеткавымі, маладзёжнымі гуртамі мяшанага складу (пераважна гульнявыя і танц.).
Бел. аўтэнтычны т а н е ц — складаная сістэма, якая спалучае функцыі: абрадавыя (калядныя, жніўныя, вясельныя); прымеркаваныя да абрадаў (каляндарных і сямейна-родавых), якія выконваюцца ў любы час (на вечарынках, гульнях, ігрышчах, забавах, кірмашах, фэстах, у бяседзе); жанравую разнавіднасць (кадрылі, полькі, лявоніхі, вальсы, група запазычаных фалькларызаваных танцаў); тып арганізацыі руху (танцы-гульні, танцы ілюстрацыйна-выяўленчыя, арнаментальныя, імправізаваныя); структуру (аднаматыўныя, мала- і шматфігурныя, мала- і шматкаленныя); склад выканаўцаў (парна-гуртавыя, сольна-гуртавыя, з няцотнай колькасцю ўдзельнікаў, парныя, сольныя); муз. суправаджэнне — сольнае («пад язык», інструмент), ансамблевае (інстр., песенна-інстр.). Сярод абрадавых танцаў: калядныя («Каза», «Мядзведзь», «Кабылка», «Буцян» і інш.), жніўныя («Казёл» і інш.), вясельныя («Качан», «Чобаты», «Жабка», «Скокі на лаўках», «Жораў» і інш.), прымеркаваныя да абрадаў («Магера», «Таўкачыкі», «Лявоніха» з каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.). Сярод пазаабрадавых: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Кашэль», «Чарэйка», «Кросны», «Церніца», вальс «Вішанька», «Акуліна»; «Какетка», «Каханачка», «Лысы», «Матлёт»; «Мікіта», «Заяц», «Казак», «Рускага» і шмат інш. Вызначальнымі для беларусаў з’яўляюцца полькі, якія пашыраны ў шматлікіх тыпах, варыянтах і назвах: «Трасуха», «Дробная», «Скакуха», «Соўгалка», «Крутуха», «Вінтом», «Верацяно», «Рассыпуха», «Казёл», «Зявака», «Шчэпка», «Пчолка», «З камандамі», «На два бакі» і інш.
Першыя звесткі пра бел. харэаграфічны фальклор з’явіліся ў 19 — пач. 20 ст. у працах Я.Чачота, братоў Я. і К. Тышкевічаў, І.Насовіча, П.Бяссонава, П.Шэйна, Е.Раманава, А.Кіркора, П.Шпілеўскага, А.Пшчолкі, М.Федароўскага, У.Дабравольскага, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, Я.Карскага, А.Багдановіча, А.Сержпутоўскага і інш. У 1844 выйшла першая публікацыя, прысвечаная бел. танцу, «Беларускі танец з прыпеўкамі» А.Овіча, у 1941 — «Беларускі танец» І.Хвораста. З сярэдзіны 20 ст. асобныя жанравыя разнавіднасці бел.традыц.нар. харэаграфіі разглядалі ў сваіх працах К.Галяйзоўскі, З.Мажэйка, В.Яшчанка і інш. У 1956 выдадзены першы зб. з нотнымі дадаткамі і малюнкамі «Шэсць беларускіх танцаў» (складальнік К.Аліна), у 1969 — манаграфія «Беларускі сцэнічны танец» Ю.Чурко, у 1978 — навучальны дапаможнік «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» Л.Алексютовіч. З 1990-х г.бел. танцавальны фальклор пачаў даследавацца як сінкрэтычнае адзінства руху, музыкі, слова, ва ўзаемасувязі функцыі, структуры і стылістыкі ў працы ў 6 т. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» («Магілёўскае Падняпроўе», т. 1, 2001; «Віцебскае Паддзвінне», т. 2, 2004). Сцэнічныя варыянты пашыраных на Беларусі танцаў запісвалі С.Грабеншчыкоў, Н.Лаўрухіна, А.Рыбальчанка, І.Серыкаў, Я.Хацілоўскі і інш.
Музыку для бел.нар. танцаў збіралі: у 19 ст. М.Ельскі, О.Кольберг, Я.Карловіч, Е.Раманаў, у 20 ст. А.Грыневіч, М.Чуркін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, І.Назіна, М.Козенка, А.Рашчынскі, В.Купрыяненка, А.Скорабагатчанка, М.Казловіч і інш., музыку бел.нар. танцаў выкарыстоўвалі ў сваіх творах бел. кампазітары І.Жыновіч, Дз.Камінскі, Р.Пукст, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, Дз.Лукас, Р.Сурус, В.Войцік, В.Помазаў, У.Кандрусевіч, Г.Гарэлава, П.Альхімовіч, В.Кузняцоў, А.Рашчынскі, С.Наско, С.Хвашчынскі, Л.Сімаковіч і інш.
У сістэме традыц.нар. харэаграфіі вызначальная роля належыць яе т.зв. карыфеям (лідэрам), якія выступаюць у ролі захавальнікаў нар. рэпертуару, мясцовага маст. стылю. Сярод нар. танцораў: на Усх. Палессі — В.Багданава, Я. і С. Вергуны, Л.Дрань, М.Забаўка, Р. і М. Казачэнкі, В.Казлоў, Г.Каўтунчык, Г.Круглова, Г.Ксяндзова, Т.Лахцерава, Ю.Ліпская, Н.Лось, М.Маркевіч, Л.Махнач, А.Сасноўская, З.Сініцкая; на Зах. Палессі — А.Клімчук, С.Кочык, Л.Крагель, М.Кунац, Г.Міхаевіч, С.Страпка, Г. і М. Сукач, Я.Шумак, Я.Якута, С.Ярошчык; у цэнтр. Беларусі — М. і С. Абрамовічы, З.Касцюковіч; у Падняпроўі — В.Галамака, М.Каношка, Т.Сінякова і інш.
У галіне традыц.нар. харэаграфіі працуюць нар. ансамблі нар. танца, музыкі і песні «Лёс» Бабіцкага сельскага дома культуры Чачэрскага р-на, засл.фалькл. ансамбль «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на, фалькл.-этнагр. гурт в. Скібічы Драгічынскага р-на, фалькл. калектывы — «Знаходка» Тышкавіцкага сельскага дома культуры Іванаўскага р-на, «Сінічкі» Івольскага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага р-на, дзіцячыя ўзорныя танц.фалькл. гурты «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы «Школа-садок» Барысаўскага р-на, «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры, «Рудабельскія зорачкі» СШ №3 г.п. Акцябрскі, узорныя танц. калектывы «Нежачкі» Расонскага раённага цэнтра пазашкольнай работы, «Верасок» Капаткевіцкага гар. дома культуры Петрыкаўскага р-на і інш.
Самабытныя сцэнічныя пастаноўкі на аснове харэаграфічных першакрыніц зрабілі бел. харэографы П.Акулёнак, Л.Алексютовіч, Л.Барадулька, В.Варановіч, А.Вараб’ёў, Ю.Васілюк, В.Гаявая, В.Дарнеў, С.Дрэчын, М.Дубінін, М.Дудчанка, В.Жыльцоў, Н.Залеўская, Ч.Клячко, М.Лесагор, Л.Ляшэнка, А.Мяцельская, В.Папоў, В.Партной, А.Рыбальчанка, В.Сакалоў, П.Свярдлоў, І.Серыкаў, І.Смірноў, І.Хвораст, М.Цурканаў, Г.Чорны, Я.Штоп і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі традыц. харэаграфічную спадчыну беларусаў даследавалі аддзел харэаграфічнага мастацтва Рэсп.навук.-метадычнага цэнтра культуры Мін-ва культуры Беларусі, галіновая навук.-даследчая лабараторыя бел.танц. творчасці Мінскага ін-та культуры (А.Варламаў, С.Гуткоўская, Г.Каляда, С.Клімовіч, Ю.Чурко і інш.), з пачатку 1990-х г. — лабараторыя традыц. мастацтва Бел.дзярж. ін-та праблем культуры (М.Козенка), а таксама абласныя і раённыя цэнтры культуры рэспублікі.
Да аўтэнтычнага танц. фальклору звяртаюцца харэаграфічныя калектывы Беларусі, бел. дыяспары за яе межамі. Асновам бел.нар. танца навучаюць у дзіцячых харэаграфічных школах, школах мастацтваў, у этнашколах. Як асобную дысцыпліну бел.нар. танец вывучаюць у бел. ун-це культуры і мастацтваў, пед. ун-це імя М.Танка, у сярэдніх спец.навуч. установах культуры і мастацтва.
На Беларусі праводзяцца традыц.рэсп. фестывалі нар. танца «Беларуская полька» (г. Чачэрск; 1993, 1994, 1996, 1999—2000), рэгіянальныя фестывалі фалькл. мастацтва, у т. л. «Берагіня» (г.п. Акцябрскі; 1999, 2000—2001; з 2004 — рэсп.), «Мядоцкі край і яго таленты» (в. Мётча Барысаўскага р-на; 1997, 2001), а таксама рэсп. фестывалі бел.нар. танца «Палескі карагод» (перыядычна — міжнар.; г. Пінск, з 1991), «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992) і інш.
Пра бел. харэаграфічны фальклор зняты фільмы «Столінскія карагоды, танцы, скокі» (1990), «Чачэрскі куфэрак» (1991), «Карагод» (1995), «У святыя вечары на Каляды» (1996) і інш., а таксама больш за 30 танц.фалькл. тэлепраграм з цыкла «Радавод» (1991—2000).
Касцюмы для калектываў нар. танца вырабляюць маст.-эксперым.тэатр. камбінат, маст.-вытв. камбінат Бел. саюза тэатр. дзеячаў, навук.-вытв.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Скарбніца», спецыялізаваныя атэлье ў абл. цэнтрах, прыватныя вытв. майстэрні і інш. па эскізах мастакоў А.Александровіч, Л.Баразны, І.Булгакавай, А. і Н. Бяловай, А.Казловай, С.Кошавай, Н.Мядзведскай, Ю.Піскуна, М.Раманюка, Л.Рулёвай, Т.Шэпет, Г.Юрэвіч, А.Юр’евай і інш.
М.А.Козенка.
Кругавы веснавы карагод у выкананні жыхарак вёсак Ламбава і Панкратавічы Бабруйскага раёна.Узорны фальклорны гурт «Берагіня» Барысаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar), Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar),
дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс.км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс.км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г.Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.
Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш.Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн.груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб.г. Антананарыву — 1053 тыс.чал. (1997). Больш за 100 тыс.ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.
Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр.ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.Дыяш (1500) і Ф.Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн.Дэмакр. рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.Цырананам.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх.рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.
Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.
На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.
Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс.т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш.Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн.дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мадагаскара.Да арт.Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.Да арт.Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВЫ СВЕ́ТУ,
натуральныя мовы народаў Зямлі, што жывуць цяпер або існавалі ў мінулым. Агульная колькасць М.с. дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на Зямлі ад 3 да 5 тыс. і ад 6 да 8 тыс. дыялектаў. Для апісання М.с. выкарыстоўваюць розныя віды класіфікацыі моў. Паводле генетычных характарыстык М.с. падзяляюцца на моўныя сем’і (гл.Сям’я моў), групы, падгрупы і асобныя мовы. Асн. сем’і моў: індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, мангольскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы і інш. Вядомы таксама ізаляваныя (японская мова, карэйская мова і інш., гл.Коранеізаляваныя мовы) і мёртвыя мовы. Найб. значная і вывучаная — індаеўрап. сям’я моў. Яна складаецца з моўных груп і асобных моў. Некаторыя з гэтых моў вядомы толькі па пісьмовых тэкстах. М.с. могуць аб’ядноўвацца і ў моўныя саюзы. На Зямлі жыве больш за 300 народаў, колькасць якіх паасобку перавышае 1 млн. чалавек. Яны складаюць каля 96% насельніцтва Зямлі. Сярод моў гэтых народаў 19 маюць больш за 50 млн. носьбітаў (англ., араб., бенгальская, ісп., італьян., карэйская, кіт., малайская, маратхі, ням., партугальская, панджабі, рус., тамільская, тэлугу, урду, франц., хіндзі і японская). Сярод пашыраных М.с. вылучаюцца міжнародныя мовы. М.с. вельмі неаднародныя паводле граматычнага ладу, форм існавання, сац. значнасці, ступені лексіка-паняційнага развіцця, існуючых на іх твораў фальклору, маст. л-ры, навукі. Суадноснасць дзяржаў, народаў, этнасаў і моў гл. ў табл. «Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)».
А.Я.Міхневіч.
Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)
Нумар народа ў залежнасці ад колькасці
Назва народа
Колькасць, млн. чал.
Моўная сям’я
Моўная група
Мова
Асноўныя краіны рассялення і колькасць народа ў іх, млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКІ
Першыя бібліятэкі на Беларусі пачалі складвацца пры цэрквах з 11 ст. Сярод найб. старажытных бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Абавязковы набор богаслужэбных кніг у праваслаўнай царкве вызначаў статут, альбо тыпікон (у 11—13 ст. Тыпікон Вялікай Царквы, для манастыроў — Студыйскі статут; з 14 ст. — Іерусалімскі статут, які з некаторымі зменамі існуе і сёння). У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. У 18—19 ст.царк. кнігазбор у сярэднім складаўся з 10—30 кнігадрукаў і рукапісаў, бедныя храмы часам мелі толькі 1—2 кнігі. Асноўны масіў кніг захоўваўся ў манастырскіх (кляштарных) бібліятэках. Напр., у 1494 бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра налічвала 45 кніг, у 1557 Супрасльскага манастыра — 211 кніг, Пінскага Лешчанскага манастыра — 34 кнігі. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян Дзейнасць базыльянскіх бібліятэк (да пач. 19 ст. іх налічвалася больш за 60) рэгламентаваў статут, складзены ў 1617 мітрапалітам Вельямінам Руцкім. Пасада бібліятэкара (ён жа і архіварыус) давяралася спец. манаху (хартафілаксу), які адказваў за захаванасць фонду і прысягаў, што не будзе кнігі ні прадаваць, ні закладаць, ні пазычаць. Адзін з пунктаў статута патрабаваў, каб бібліятэкар пільна сачыў за тым, якіх кніг бракуе ў кнігазборы і прымаў захады па іх камплектаванні. Абавязкова вёўся каталог з пазначэннем месца кнігі на паліцы (шыфру); расстаноўка фонду была тэматычная, а ў кожным тэматычным раздзеле — фарматная (вылучалі 4 фарматы). Цэнтральныя бібліятэкі базыльян былі ў Віленскім Святатраецкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Кожная з іх налічвала некалькі тысяч кніг, а таксама нот, карт, эстампаў Невялікія бібліятэкі практычна мелі ўсе базыльянскія манастыры. Паводле вопісаў маёмасці 1822—24, у Селіцкім манастыры (Рэчыцкі пав.) былі 102 тамы, Сухавіцкім (Рэчыцкі пав.) — 103 тамы, Мірскім, Дараўскім і Лаўрышаўскім (усе Навагрудскі пав.) — адпаведна 34, 207 і 600 тамоў.
Вял. кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў ’у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і ў Смаргонскім зборы, якому ахвяраваў у 1611 свае кнігі староста чарэйскі і прапойскі К.Зяновіч. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найбольшай з іх была бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер навуковая бібліятэка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў і калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. інстытут. У Віленскай навуч. акрузе ў 1894 меліся 733 бібліятэкі пры нар. вучылішчах.
Першыя пісьмовыя звесткі аб прыватных бібліятэках на Беларусі датуюцца канцом 15 — пач. 16 ст. Вядома бібліятэка навагрудскага ваяводы, канцлера ВКЛ А.Гаштольда, які заказваў кнігі перапісчыкам (напр., Мацею з Драгічына ў Кракаве), меў кнігі лац., польскія і чэшскія, а найб. кірылічных. Самымі вял. прыватнымі бібліятэкамі 16—18 ст. былі б-ка Жыгімонта II Аўгуста, б-кі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. У 16—18 ст. склалася некалькі вял. прыватных бібліятэк духавенства: мітрапалітаў Габрыэля Каляды (Календы), Фларыяна Грабніцкага, Ясона Смагаржэўскага, віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча (ахвяравана Віленскаму ун-ту), архіепіскапа тураўскага і пінскага Грыгорыя [рэестр яго б-кі (51 славянская і 39 лац. кніг) склаў у 1631 Сільвестр Каглоба]. Меншымі былі кнігазборы гараджан і ніжэйшага духавенства — берасцейскага мешчаніна Гурына Фёдаравіча (1624), віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча (1649). Некалькі рукапісных і друкаваных кніг упамінаецца ў тастаменце святара Юр’еўскай царквы ў Вільні Георгія (1522). У 19 — пач. 20 ст. павялічваецца колькасць прыватных бібліятэк інтэлігенцыі, у т. л. Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Валіцкіх у Азёрах (Гродзенскі пав.; канфіскавана ў 1864, цяпер у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Магілёўскага архіепіскапа Варлаама (Шышацкага; у 1820 перайшла ў б-ку Пецярбургскай духоўнай акадэміі), Мікалая Вольскага ў Кошках (каля Беластока), дырэктара Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы П.Т.Віктарава (8 тыс. тамоў; у 1910 падаравана Маскоўскаму нар. ун-ту імя Шаняўскага), ксяндза Геніюша ў Луніне Пінскага пав. (захоўваў рэшткі кнігазбору картэзіянскага кляштара ў Бярозе; пасля яго смерці распрададзены), П.М.Гаховіча ў Тураве, І.Х.Каладзеева ў Нова-Барысаве (больш за 10 тыс. кніг, лістовак і інш. друкаваных матэрыялаў пра вайну 1812), Масальскіх у Белічанах, Слізняў у Мсціжы Барысаўскага пав., Г.Х.Татура ў Мінску, А.Трамбіцкага ў Лінове Пружанскага пав. (уключала кнігазбор славіста М.Баброўскага; у 1861 куплена для б-кі ардынацыі Замойскіх, згарэла ў час 2-й сусв. вайны ў Варшаве), Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні (уключала збор І.Наргелевіча з Навагрудскага пав.; зараз у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Б.І.Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу, Юндзілаў у Івацэвічах і інш.
У 19 — пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі ствараліся першыя публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. Найбольшай публічнай б-кай у краі была Віленская. На сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.Ф.Паўленкава. У 1913 на Беларусі дзейнічала 851 масавая бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1922 утворана аб’яднаная Беларуская дзярж. і універсітэцкая б-ка, яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928) і пры Доме ўрада (1933). У 1925 заснавана б-ка пры Інбелкульце (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі). У 1938 створаны абласныя бібліятэкі. На пач. 1941 на Беларусі былі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам 5028 тыс. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. Аднаўленне бібліятэк ішло хуткімі тэмпамі і ўжо у 1950 іх колькасць і агульны кніжны фонд перавысілі даваен. ўзровень. Сучасныя бібліятэкі можна ўмоўна падзяліць на публічныя (або універсальныя), спецыяльныя і навучальныя.
Публічныя бібліятэкі садзейнічаюць гарманічнаму развіццю асобы, павышэнню яго адукацыйнага, прафесійнага і культурнага ўзроўню. Яны камплектуюць фонды па ўсіх галінах ведаў. Знаходзяцца ў рэспубліканскім, абласным ці раённым падпарадкаванні. Да іх адносяцца таксама бібліятэкі дзіцячыя, юнацкія, для сляпых і інш.груп чытачоў. Галоўнай універсальнай б-кай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Нац.б-ка Беларусі. У 1990 у Беларусі працавала 6239 публічных бібліятэк, у т. л. ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці — 4991, іх кніжны фонд складаў 93,3 млн. экзэмпляраў. У 2003 дзейнічалі 4743 публічныя бібліятэкі, у т. л. 1021 у гарадах, 3772 — у сельскай мясцовасці. Кніжны фонд усіх публічных бібліятэк складаў 74,2 млн. экзэмпляраў. У сярэднім на адну б-ку прыпадала 913 чытачоў, у т. л. ў гарадах 2685 чытачоў, у сельскай мясцовасці — 427 чытачоў (гл.табл. 1).
Спецыяльныя бібліятэкі ствараюцца для выканання навук. і вытворчых заданняў, з’яўляюцца часткаю прадпрыемстваў, устаноў ці органа інфармацыі і абслугоўваюць іх калектывы. Фарміруюць фонды літаратуры ў асноўным па профілі прадпрыемства. Да спец. бібліятэк адносяцца цэнтр. галіновыя і шматгаліновыя бібліятэкі, бібліятэкі навук.-даследчых інстытутаў. Сярод іх Беларуская с.-г.б-ка імя І.С.Лупіновіча, рэспубліканскія навук.-медыцынская і навук.-тэхн. бібліятэкі і інш.
Навучальныя бібліятэкі абслугоўваюць навучэнцаў, навуковыя і выкладчыцкія калектывы навуч. устаноў. Яны, як правіла, маюць фонды па ўсіх галінах ведаў, а таксама вял. колькасць падручнікаў. Да навуч. бібліятэк адносяцца бібліятэкі школ, каледжаў, ВНУ, ун-таў (напр., Бібліятэка фундаментальная БДУ) і інш.
Літ.:
К истории библиотечного дела в Белорусской ССР. Мн., 1975;
Библиотечное дело в Белоруссии (1919—1979 гг.). Мн., 1980;
Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк і іх кадравае забеспячэнне: Матэрыялы міжнар.навук.-практ. канф. (23—26 мая 2000 г., Мінск). Мн., 2000;
Ореховская И.В. Библиотечные тайны. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Табліца 1 Публічныя бібліятэкі
1990
1995
2000
2001
2002
2003
Колькасць публічных бібліятэк
6239
5367
5200
5168
4890
4743
у т. л.:
у гарадах
1248
1077
1053
1049
1036
1021
у сельскай мясцовасці
4991
4290
4147
4117
3854
3722
Бібліятэчны фонд усіх публічных бібліятэк, млн.экз.
93,3
80,9
77,6
77,1
75,9
74,2
у т. л.:
у гарадах
45,9
42,8
42,3
42,2
42,4
41,8
у сельскай мясцовасці
47,4
38,1
35,3
34,9
33,5
32,4
Колькасць чытачоў у сярэднім на адну бібліятэку
773
823
866
875
908
913
у т. л.:
у гарадах
2184
2377
2611
2656
2671
2685
у сельскай мясцовасці
420
433
423
421
434
427
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Галоўны корпус. 2000.У чытальнай зале Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА НАСЕЛЬНІЦТВА
Сацыяльная абарона як састаўная частка сац. палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на развіццё сац. сферы грамадства, задавальненне інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп насельніцтва, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы, забеспячэнне належнага ўзроўню аховы здароўя, адукацыі і выхавання людзей, скарачэнне беднасці і сац. няроўнасці, развіццё чалавечага патэнцыялу. Яна прадугледжвае комплекс мер па матэрыяльнай падтрымцы самых слабых і малазабяспечаных груп насельніцтва, сац. абароне інвалідаў, ветэранаў, пажылых людзей, беспрацоўных, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, пенсіённым забеспячэнні, сац. абслугоўванні грамадзян, сац. страхаванні, удасканаленні прац. адносін.
Асн. нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць адносіны ў сферы сац. абароны насельніцтва, з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (1991, у рэд. ад 14.7.2000), «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб ветэранах» (1992, у рэд. ад 12.7.2001), «Аб пенсіённым забеспячэнні» (1992, са зменамі ў 1998), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1992, у рэд. ад 19.3.2002), «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» (1995), «Аб сацыяльным абслугоўванні» (2000) і інш. Пытаннямі рэалізацыі дзярж. палітыкі ў галіне сац. абароны, павышэння эфектыўнасці прафес.сац. работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, забеспячэння сац. гарантый грамадзян непасрэдна займаюцца Мін-ва працы і сац. абароны Рэспублікі Беларусь, інш.рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. распарадчыя і выканаўчыя органы ўлады.
З гісторыі сацыяльнай дапамогі на Беларусі. Розныя формы дапамогі і ўзаемадапамогі існавалі ўжо ў насельніцтва, што жыло на тэр. Беларусі да 10 ст. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся структураваныя дзяржавай і грамадствам ін-ты дапамогі і падтрымкі — бальніцы, шпіталі, вучэльні, а таксама царк.-манастырская і царк.-прыходская сістэма абароны, якая ахоплівала ўсіх, хто меў патрэбу ў дапамозе. У ліку першых на Беларусі прытулкаў для дзяцей былі манастырскія вучылішчы, створаныя Ефрасінняй Полацкай; у манастырах знаходзілі прытулак і заспакаенне ўдовы, сіроты, нядужыя і ўбогія. З 14 ст. развіццё сац. дапамогі адбывалася ў рамках дзярж.-муніцыпальнага і абшчыннага апекавання. Статуты ВКЛ і інш. нарматыўна-прававыя акты 16—18 ст. змяшчалі шэраг патрабаванняў і норм па прадухіленні беднасці, абароне правоў сацыяльна слабых і маргінальных слаёў насельніцтва. З пач. 19 ст. на тэр. пражывання этнічных беларусаў дзейнічаў Статут грамадскага апекавання Рас. імперыі. Складвалася пэўная структура «закрытых» устаноў дапамогі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Прыказаў грамадскага апекавання (бальніцы, дамы апекі, багадзельні, інвалідныя дамы, дамы для невылечных хворых, выхаваўчыя дамы, сіроцкія і дзіцячыя прытулкі). З 1860—70-х г. на аснове айч. і замежнага вопыту намецілася тэндэнцыя пераходу ад дзярж. апекавання да дэцэнтралізаванага грамадскага апекавання, індывідуалізацыі дапамогі насельніцтву. У 1903 на Беларусі было 110 дабрачынных устаноў для апекі і выхавання дзяцей, іх лячэння, агульнага і спец. бясплатнага навучання, дзейнічала 29 сіроцкіх дамоў і дзіцячых прытулкаў.
З 1917 на тэр. Беларусі ўсталёўвалася сав. мадэль сац. забеспячэння і сац. страхавання насельніцтва на аснове фінансавання з дзярж. бюджэту і цэнтралізаванай сістэмы размеркавання фондаў. У 1920 у БССР створаны нар. камісарыят сац. забеспячэння. У 1921 дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі больш за 276 тыс.чал. (каля 10% насельніцтва тагачаснай БССР). Паступова складвалася гарантаваная сістэма сац. забеспячэння, якая ўключала матэрыяльнае забеспячэнне грамадзян у старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. У пасляваенны час дзяржава ўзяла на поўнае ўтрыманне інвалідаў Вял.Айч. вайны, якія страцілі родных і блізкіх і мелі патрэбу ў пастаянным доглядзе. У 1945 на Беларусі працавалі 22 дамы-інтэрнаты для інвалідаў гэтай катэгорыі і для састарэлых. У 1956 паводле Закона аб дзярж. пенсіях расшырана кола асоб, якія мелі права на пенсію, памер пенсій рабочым і служачым па старасці павялічаны больш як у 2 разы, па інваліднасці — у 1,7 раза. З 1965 сталі назначацца пенсіі калгаснікам па старасці, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, а таксама дапамогі жанчынам-калгасніцам па цяжарнасці і родах. У 1960—80-я г павялічваліся мінімальныя памеры пенсій розным катэгорыям інвалідаў, рабочым і служачым, членам калгасаў. Развіваліся такія формы сац. падтрымкі, як дапамога мнагадзетным і адзінокім маці, утрыманне на сродкі дзяржавы адзінокіх і састарэлых грамадзян, якія страцілі працаздольнасць. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі з 1991 пачала фарміравацца сучасная бел. сістэма сац. абароны насельніцтва, сталі адраджацца традыцыйная бел. духоўнасць і практыка міласэрнасці, дабрачыннасці і канфесіянальнага сац. служэння.
Сістэмай пенсіённага забеспячэння ахоплены кожны непрацаздольны, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад грамадзянства, дзейнасці ў мінулым і інш. абставін; тым, хто не можа працаваць, але не мае права на прац. пенсію, назначаецца пенсія сацыяльная. Адзіная крыніца фінансавання прац. пенсій — бягучыя страхавыя ўзносы наймальнікаў (для большасці — 35% фонду аплаты працы) і работнікаў (1% індывід. зарплаты). Гэтыя сродкі акумулююцца ў пазабюджэтным Фондзе сац. абароны насельніцтва Мін-ва працы і сац. абароны. На пенсіі затрачваецца каля 80% сабраных узносаў, астатняя іх частка ідзе на выплаты, звязаныя з інш. страхавымі выпадкамі (аздараўленне насельніцтва, аплата часовай непрацаздольнасці, дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да 3-гадовага ўзросту). Пенсіённае забеспячэнне ваеннаслужачых і прыроўненых да іх асоб, дзярж. служачых, а таксама пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і людзей, якія атрымліваюць сац. пенсіі, ажыццяўляецца за кошт дзярж. бюджэту (поўнасцю або часткова).
Агульная колькасць пенсіянераў (з улікам пенсіянераў сістэмы мін-ваў абароны, унутр. спраў, па надзвычайных сітуацыях і К-та дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь) на працягу 1990—2003 павялічылася з 2375 тыс. да 2599 тыс.чал. За гэты час найб. павялічылася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце (з 1725 тыс. да 1912 тыс.чал.), што звязана з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі т.зв. старэння насельніцтва. Колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі за выслугу гадоў, павялічылася з 3 тыс. да 17 тыс.чал. На 14,5% скарацілася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі з выпадку страты карміцеля (з 187 тыс. да 160 тыс.чал.). У 1,4 раза вырасла колькасць атрымальнікаў сац. пенсіі і ў 2003 дасягнула 52 тыс.чал. (гл.табл. 1). Прагназуецца, што да 2020 на Беларусі асоб пенсіённага ўзросту (60/55 гадоў) будзе амаль 28%, а з улікам усіх, хто будзе атрымліваць дапамогу па інваліднасці і інш. віды выплат ва ўзросце ніжэй за пенсіённы, іх колькасць перавысіць 32% агульнай колькасці насельніцтва. У 2003 сярэдні памер назначаных пенсій склаў 114 тыс.руб. за месяц, або 38% сярэдняй налічанай заработнай платы і 69% велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту (у 1992 было адпаведна 20% і 78%). Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў 2003 складаў 119 тыс.руб., па інваліднасці — 109 тыс., у выніку страты карміцеля — 77 тыс., за выслугу гадоў — 150 тыс., сац. пенсій — 52 тыс.руб. Мінімальная пенсія па ўзросце склала 82 тыс.руб. (гл.табл. 2).
У 2003 на пенсіі затрачана 9,6% ВУП (у 1994—5,8%), што абумоўлена павышэннем узроўню забеспячэння і павелічэннем колькасці пенсіянераў. Сістэматычна праводзіцца індэксацыя пенсій, заснаваная на росце сярэдняй заработнай платы і змяненні велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. За 2003 каэфіцыент замяшчэння мінулага заработку (пенсіі па ўзросце) дасягнуў 43,6%; у адносінах да пражытачнага мінімуму пенсіянера гэтая дапамога перавысіла 125%. У сувязі з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў колькасць занятых у эканоміцы (плацельшчыкаў узносаў) прыкметна зніжаецца, а доля атрымальнікаў пенсій павялічваецца. З 1990 колькасць пенсіянераў павялічылася на 10,9%, а колькасць работнікаў скарацілася на 13,9%. У выніку колькасць атрымальнікаў пенсій, якія прыпадаюць на кожныя 100 работнікаў, павялічылася з 46 да 60 чал., або на 28%. Узмацненне дэфармацыі ўзроставай структуры грамадства і скарачэнне прац. патэнцыялу павялічвае нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва. Для падтрымання пенсій на дасягнутым узроўні і своечасовай іх выплаты вядзецца карэкціроўка ўмоў і норм назначэння пенсій, змяненне фактычнага ўзросту выхаду на яе па старасці, правіл выплаты працуючым пенсіянерам, умоў назначэння і крыніц фінансавання датэрміновых пенсій і інш. Ажыццяўляецца паступовы пераход да налічэння пенсій, зыходзячы з аб’ёму выплачаных страхавых узносаў, а ў перспектыве плануецца задзейнічаць накапляльныя механізмы фарміравання сродкаў на гэтыя мэты. Па індывіднакапляльнаму прынцыпу з розных крыніц будзе ажыццяўляцца фінансаванне дадатковага, абавязковага і добраахвотнага прафес. пенсіённага страхавання.
Сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі. Сямейная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь разглядаецца як састаўная частка сац. палітыкі дзяржавы і накіравана на забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканам., узнаўленчай, выхаваўчай і культ.-псіхал. функцый, рэалізацыю права дзяцей і моладзі на паўнацэннае фіз., інтэлектуальнае, маральнае і сац. развіццё. На Беларусі пражывае 2920 тыс. нуклеарных сем’яў, з іх 1580 тыс., або 54% ад агульнай колькасці, складаюць сем’і, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Каля 60% такіх сем’яў маюць адно дзіця, 35% — двое і 6% — трое і больш дзяцей. Каля 33% насельніцтва краіны маюць сярэднедушавы даход ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, што абумоўлівае нізкі ўзровень даходаў у мнагадзетных і няпоўных сем’ях. Практычна кожная другая сям’я распадаецца, павялічваецца колькасць няпоўных сем’яў, пазашлюбнай нараджальнасці, бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Востра стаіць праблема дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, павялічваецца колькасць дзяцей-інвалідаў.
Асн. формамі дзярж. падтрымкі сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца: грашовыя выплаты сям’і на дзяцей у сувязі з іх нараджэннем, выхаваннем і ўтрыманнем (дапамогі і пенсіі); прац., падатковыя, крэдытныя і інш. льготы; матэрыяльная дапамога ў грашовай і рэчавай формах; сац. абслугоўванне сям’і. Такую дапамогу атрымліваюць больш за 700 тыс. дзяцей, або 37% ад іх агульнай колькасці. У 2003 на гэтыя мэты зрасходавана 334 млрд.руб. Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда і дзіця, інфіцыраванае вірусам СНІД, ва ўзросце да 18 гадоў, назначаецца незалежна ад сукупнага даходу. Сем’ям з дзецьмі прадугледжаны льготы па падаткаабкладанні, аплачваюцца харчаванне ў дашкольных установах і падручнікі. Малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць бясплатнае харчаванне да першых двух гадоў жыцця дзіцяці; мнагадзетныя вызваляюцца ад выплаты зямельнага падатку. Калі расходы на жыллё і камунальныя паслугі перавышаюць 25% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, то ёй даюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.
На Беларусі дзейнічае сістэма адраснай сац. дапамогі, якую атрымліваюць найб. неабароненыя сем’і і грамадзяне, мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, што выхоўваюць непаўналетніх у выпадку, калі сукупны сярэднедушавы даход сям’і за 3 мес, што папярэднічалі звароту па дапамогу, не перавышае 60% дзеючага бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. Розныя сац. паслугі сям’і аказваюць 153 цэнтры сац. абслугоўвання насельніцтва, 24 сац.-пед. цэнтры, 74 прытулкі для непаўналетніх і 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі. Значныя паслугі, матэрыяльную дапамогу мнагадзетным і няпоўным сем’ям аказваюць мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы са сродкаў мясц. бюджэтаў. Развіццю сістэмна-комплекснага падыходу да вырашэння праблем дзяцінства і сям’і садзейнічае рэалізацыя прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» на 2001—05 з падпраграмамі «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці-інваліды», «Дзіцячае харчаванне», «Удасканаленне сацыяльнай абароны сям’і і дзяцей».
Сацыяльная абарона ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей. На Беларусі пражывае амаль 95 тыс. ветэранаў Вял.Айч. вайны, 25 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэр.інш. краін, 480 тыс. інвалідаў, каля 900 чал. дажылі да 100 гадоў. Дзейнічае Рэсп. міжведамасны савет па праблемах інвалідаў. У краіне створана сістэма мед. рэабілітацыйнай службы, якая ўключае 284 аддзяленні (62 стацыянарныя і 222 амбулаторныя), 15 санаторных і 16 цэнтраў мед. рэабілітацыі (усяго больш чым на 2,5 тыс. ложкаў). У 2003 на базе 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі прайшлі падрыхтоўку каля 1000 дзяцей з парушэннямі развіцця. У Мінску, Гродне і Магілёве дзейнічаюць цэнтры сац. работ, у якіх інваліды працуюць і атрымліваюць спецыяльнасць. З мэтай рэалізацыі творчых і вытворчых здольнасцей інвалідаў і з улікам індывід. праграм рэабілітацыі ім забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, у спецыялізаваных арганізацыях, у цэхах і на ўчастках, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, а таксама займацца прадпрымальніцкай і інш.прац. дзейнасцю, не забароненай законам. Зацверджаны Дзярж. рэестр тэхн. сродкаў сац. рэабілітацыі, якія выдаюцца інвалідам бясплатна або на льготных умовах. Пратэзна-артапедычнымі вырабамі і інш.тэхн. сродкамі сац. рэабілітацыі карыстаюцца амаль 90 тыс.бел. грамадзян. Вырашаецца праблема стварэння безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, іх доступу да аб’ектаў сац. інфраструктуры, грамадскага транспарту, месцаў працы, адпачынку і вольнага часу, павышэння сац. статусу інвалідаў праз прац. дзейнасць.
Са сродкаў рэсп. і мясц. бюджэтаў, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў фінансуецца Рэсп. комплексная праграма па праблемах пажылых людзей. У краіне функцыянуюць 72 інтэрнатныя ўстановы на 17 240 тыс. месцаў, у т. л. 25 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых інвалідаў на 5079 месцаў, 4 санаторыі сац. сістэмы. Пабудаваны 13 спецыялізаваных жылых дамоў для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў з комплексам службаў сац.-быт. прызначэння на 1800 кватэр. У сельскай мясцовасці працуе 509 дамоў сац. паслуг, 17 невялікіх дамоў-інтэрнатаў, якія фінансуюць аграпрадпрыемствы ці мясц. выканаўчыя органы. У рамках прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» здадзены ў эксплуатацыю Багушэўскі, Гарадзішчанскі і Чэрвеньскі дамы-інтэрнаты. З лістапада 2000 у Рэсп. цэнтры для дзяцей-інвалідаў прайшлі рэабілітацыю 35 тыс.чал. У большасці раёнаў рэспублікі створаны фонды дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, якія фарміруюцца за кошт адлічэнняў гар.мясц. бюджэту і пазабюджэтных сродкаў, добраахвотных узносаў прац. калектываў, грамадскіх арг-цый і асобных грамадзян. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне 1 кастрычніка Дня пажылых людзей.
Сацыяльнае абслугоўванне грамадзян ажыццяўляецца на аснове дзярж.сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. У сістэме Мін-ва працы і сац. абароны дзейнічае нарматыў: адзін цэнтр сац. абслугоўвання на адм. раён. Ва ўсіх 156 раёнах краіны працуюць аддзяленні сац. дапамогі дома, якія абслугоўваюць больш за 62 тыс. грамадзян; 70% апекаваных жыве ў сельскай мясцовасці. У рэспубліцы больш за 560 тыс. грамадзян з’яўляюцца адзінокімі або жывуць асобна ад дзяцей і сваякоў.
Больш за 12,5 тыс.сац. работнікаў апякуюць адзінокіх інвалідаў. Такое сац. абслугоўванне абыходзіцца дзяржаве ў 10 разоў танней, чым у стацыянарнай сац. установе. У цэлым па краіне з кожных 10 тыс. пенсіянераў надомным абслугоўваннем карыстаюцца 283,7 чал.Найб. развіццё такая форма атрымала ў Мінскай (469 чал.) і Магілёўскай (334 чал.) абласцях. Для цяжкахворых або знявечаных пры бальніцах ствараюцца палаты (ложкі) сястрынскага догляду (усяго 2304 ложкі, у т. л. ў Віцебскай вобл. 515, Мінскай — 431). У сельскай мясцовасці і аддаленых населеных пунктах працуюць 286 дамоў сац. паслуг, ствараюцца гаспразліковыя брыгады, якія аказваюць насельніцтву быт. паслугі. У Мінскай вобл. такіх дамоў 123, у Віцебскай — 95. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях функцыянуюць дамы-інтэрнаты для ветэранаў працы на 10—20 месцаў. Праводзяцца шэфская дапамога, дабрачынныя марафоны па зборы сродкаў для падтрымкі малазабяспечаных сем’яў, адкрываюцца спец. рахункі, магазіны сац. падтрымкі, аказваецца гуманіт. дапамога. У рэспубліцы дзейнічае 19 сац. сталовых, 79 салонаў «Міласэрнасць», 80 цэнтраў медыка-сац. дапамогі, у структуры цэнтраў сац. абслугоўвання ёсць аддзяленні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназіравання, рэабілітацыі, тэрміновай сац.-быт. і псіхал. дапамогі. У Мінску адкрыты дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Аказваецца сац. дапамога мігрантам (бежанцы з былых рэспублік СССР, перасяленцы з Чарнобыльскай зоны), накіраваная на стварэнне ўмоў для ўладкавання і сац. адаптацыі.
Сац. дапамогу сям’і і дзецям аказваюць Бел. камітэт «SOS — Дзіцячая вёска», Бел. дзіцячы фонд, фонд «Дзецям Чарнобыля», Фонд сац. падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы — дзецям», Фонд дапамогі дзецям-сіротам «Надзея» і інш. Дабрачыннай дзейнасцю займаюцца 16 правасл. брацтваў і 54 сястрынствы, каталіцкае т-ва «Карытас» (яго аддзяленні ёсць у Мінску, Гродне, Барысаве і Полацку), 8 місій Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, аб’яднанні мусульманскай канфесіі. У 2000 у Мінску адкрыты Дом міласэрнасці, дзе праводзіцца рэабілітацыя інвалідаў і дзяцей-сірот, аказваецца мед. дапамога састарэлым.
Удасканаленне працоўных адносін. Дзяржава арганізуе ахову працы, ажыццяўляе дзярж. нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы і прадугледжанай ім адказнасці за парушэнне яе норм і правіл, арганізуе абучэнне і інструктаванне работнікаў па ахове працы. Устаноўлены пэўныя гарантыі і кампенсацыі за работу са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, прымаюцца меры па зніжэнні захворванняў, траўматызму на вытворчасці, сац. абароненасці работнікаў.
На канец 2003 у органах дзярж. службы занятасці на ўліку было 136,1 тыс.чал., якія не мелі работы, у т. л. 90 тыс. жанчын (66,1%) і 23,2 тыс. асоб, што пражываюць у сельскай мясцовасці. Узровень зарэгістраваных беспрацоўных склаў 3,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (у 1996 была 4%). Патрэбнасць у работніках, заяўленая арганізацыямі ў органы дзярж. службы занятасці, склала 31,7 тыс.чал.Дзярж. палітыка ў гэтай сферы накіравана на недапушчэнне масавага беспрацоўя, і яе цяжкай формы — застойнага і працяглага беспрацоўя, а таксама на сац. падтрымку найб. бедных беспрацоўных грамадзян. Гэтая работа вядзецца на аснове штогадовых дзярж. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва. Для страхавання ад беспрацоўя і фінансавання мерапрыемстваў такіх праграм існуе Дзярж. фонд садзейнічання занятасці, які фарміруецца за кошт абавязковых адлічэнняў усімі арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці і гаспадарання, у памеры 0,5—1% фонду аплаты працы. Органы дзярж. службы занятасці аказваюць дапамогу беспрацоўным у працаўладкаванні, ствараюць новыя рабочыя месцы, арганізуюць прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях, аказваюць фін. падтрымку ў прадпрымальніцкай дзейнасці, развіваюць сістэму прафес. арыентацыі моладзі, незанятага насельніцтва, аказваюць матэрыяльную дапамогу. У 2003 у адпаведнасці з дзярж. праграмай пры садзейнічанні цэнтраў занятасці насельніцтва на пастаянную работу працаўладкавана 208,2 тыс. беспрацоўных. Сярэдні памер дапамогі беспрацоўным склаў каля 8% сярэдняй заработнай платы. Прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўкі прайшлі 27,7 тыс. беспрацоўных. Праводзіцца сац. работа ў сем’ях беспрацоўных па іх сац.-псіхал. рэабілітацыі і гуманізацыі сац. акружэння.
Літ.:
Социальная политика Республики Беларусь в условиях реформирования экономики: Сб. науч. тр.Мн., 1998;
Григорьев А.Д. Социальная работа на Беларуси: история, опыт, проблемы. Мн., 2000;
Яго ж. История отечественной социальной работы (X — начало XX в.). Мн., 2004;
Морова А.П. Социальная политика в сфере трудовых отношений. Мн., 2000;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Социальная работа с семьей: мир взрослых и детей. Мн., 2002;
Ванкевич Е.В., Морова А.П., Новикова И.В. Управление региональным рынком труда при переходе к рыночной модели социальной политики в Беларуси. Витебск, 2004.
А.П.Морава.
Табліца 1 Колькасць пенсіянераў і сярэдні памер назначаных ім месячных пенсій па відах пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс.чал.
2375
2659
2622
2615
2599
у тым ліку атрымліваюць пенсіі: па ўзросце
1725
2001
1953
1922
1912
па інваліднасці
277
318
322
321
312
у выпадку страты карміцеля
187
138
157
165
160
за выслугу гадоў
3
6
11
16
17
сацыяльныя
37
53
50
52
52
Сярэдні памер назначаных месячных пенсій, тыс.руб.
1071
387
362
90
114
у тым ліку: па ўзросце
110
407
38
94
119
па інваліднасці
94
368
34
85
109
у выпадку страты карміцеля
63
217
24
60
77
за выслугу гадоў
111
491
49
115
150
сацыяльныя
62
127
17
39
52
1 У рублях.
2 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Табліца 2 Асноўныя паказчыкі пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1992
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс. чалавек
2551
2659
2622
2615
2599
Колькасць занятых у эканоміцы, якія прыпадаюць на 1 пенсіянера
1,95
1,66
1,69
1,68
1,66
Мінімальная пенсія па ўзросце, тыс.руб.
2
249
271
63
82
Сярэдні памер назначанай пенсіі, тыс.руб.
3
387
361
90
114
Мінімальны спажывецкі бюджэт пенсіянера, тыс.руб.
3
762
541
128
165
Суадносіны сярэдняга памеру назначанай месячнай пенсіі, у % да:
велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту пенсіянера
78
51
67
70
69
сярэдняга памеру налічанай заработнай платы
20
38
42
41
38
Рэальны памер назначанай месячнай пенсіі, у % да адпаведнага перыяду папярэдняга года
37,9
130,3
143,2
102,3
101,4
1 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы.Рэспубліканскі санаторый «Бярэзіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА (Angola), Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп.груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш.груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕБАЧАННЕ
Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.Броўкі і П.Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.
У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.Коласа (1958, рэж. усіх У.Кухта), «Суд» У.Галубка (1958, рэж. М.Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.Горкага (абодва 1959, рэж. В.Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.
Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.
Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, рэж. А.Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.Карпілаў).
У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).
З сярэдзіны 1960-х г.Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, У.Станкевіч, А.Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.Купалы (1967, рэж. Ю.Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968, рэж. А.Гутковіч), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969, рэж. В.Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.
У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.Ардашнікаў і А.Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.
У 1980-я г.Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мінпаліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.
У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.
У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац.груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.
Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.Мацяш, «Сон душы» паводле М.Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.
З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.
У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).
БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.
«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп.спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.Васільева, С.Арланаў, С.Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».
СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.
З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.
У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.
На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.
Літ.:
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;
Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;
Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.
Л.Ф.Шылава.
Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia), Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia),
краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш.груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.