КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(пл. экспазіцыі 396 м²),
каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.Розіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.
Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛ некалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікі ВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЖАР (Ілья Паўлавіч) (3.8.1902, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 13.10.1967),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1949). З 1924 на сав. і парт. рабоце ў Аршанскай акрузе, Раснянскім і Круглянскім р-нах Магілёўскай, Брагінскім, Веткаўскім, Лоеўскім р-нах Гомельскай абл. З жн. 1940 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну ў тыле ворага, з жн. 1941 сакратар Гомельскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова з ліст. 1942 камандзір Гомельскага партыз. злучэння. З 1943 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б, у апараце ЦККП(б)Б. У 1947—63 дырэктар Мінскай ВПШ, выкладчык БДУ. Чл.ЦККПБ у 1952—61, у 1963—66 старшыня Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—63, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Іван Андрэевіч) (н. 5.6.1923, в. Каратынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі ў Вял.Айч. вайну, разведчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1994), палк. (1985). Скончыў Мазырскае пед. вучылішча (1939). З 1942 на падп. рабоце ў тыле ворага ў Харкаўскай вобл., потым у Лельчыцкім р-не — камандзір партыз. атрадаў імя Кутузава, імя Калініна і інш. У 1943—44 вёў падп. і развед. работу на акупіраванай тэр. Пінскага, Баранавіцкага, Лідскага, Ваўкавыскага р-наў, Польшчы. У вер. 1944 у час Варшаўскага паўстання 1944 па заданні Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання закінуты ў Варшаву. Потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. З 1949 у Гал. разведупраўленні Мін-ва абароны СССР. Аўтар шэрагу кніг аб Вял.Айч. вайне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Расціслаў Уладзіміравіч) (7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),
рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1969).
Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр.ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял.т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял. значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.Грывіцкас, А.Лапауры, Н.Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.
Літ.:
Ивашнев В.И., Ильина К. В.Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ЛІТО́ЎСКІХ ЗАКО́НАЎ З 1389 ДА 1529»
(«Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),
зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваны Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,
баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У пач.крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн.партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЎША́НЕ,
заходнеславянскае племянное аб’яднанне. У 6—7 ст. засялілі сярэдняе Павісленне. Межавалі на ПнУ з яцвягамі. У 12 ст. М. згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» і ў хроніцы Гала Ананіма. Паводле ўзроўню сац.-эканам. становішча землі Мазовіі адставалі ад зямель Вялікай і Малой Польшчы. У 10 ст. пры Мешку I [960—992] Мазовія ўвайшла ў склад Велікапольскай дзяржавы. Пры Баляславе II [1034—37] мазавецкая знаць дамаглася поўнага аддзялення Мазовіі ад Польшчы, выбраўшы сваім князем Маіслава (Маслава, Мацлава). Казімір I, каб падпарадкаваць Мазовію, пайшоў на саюз з вял. кіеўскім кн. Яраславам Мудрым, які ў 1041, 1043, магчыма 1039, хадзіў на М. Да 1047 супраціўленне мазавецкай знаці задушана, Маіслаў забіты, Мазовія далучана да Польшчы. З 1138 Мазовіяй валодаў Баляслаў Кучаравы, пазней яго брат Конрад. Нашчадкі апошняга валодалі Мазовіяй да 14 ст. На працягу 13—14 ст. вял.кн.ВКЛ неаднойчы хадзілі на М. У 1526 Мазовія канчаткова ўвайшла ў склад Польшчы.