ЗЯМЛЯ́ЦТВА 1) прыналежнасць людзей да адной мясцовасці паводле нараджэння або жыхарства ў межах сваёй нац. дзяржавы і абумоўленыя гэтым сувязі паміж імі.
2) Кампактная этнічная група ў іншанацыянальным акружэнні, часам арганізацыйна аформленая. Зямляцкі рух ураджэнцаў Беларусі з сярэдзіны 19 ст. да 1914 развіваўся ў буйных культ. і навук. цэнтрах Расійскай імперыі. Гэта былі пераважна аб’яднанні навучэнскай моладзі і інтэлігенцыі, якія ставілі за мэту займацца культ. і паліт. дзейнасцю, стваралі сістэму матэрыяльнай узаемадапамогі (гл.Круг беларускай народнай прасветы і культуры, Беларускі навукова-літаратурны гурток і інш.). У гады 1-й сусв.вайны 1914—18 свае З. на тэр. Расіі, Украіны, Грузіі і інш. стваралі бел.бежанцы. У 1916—20 на тэр. Беларусі існавалі польск. і рус. З. Пасля грамадз.вайны зямляцкі рух у СССР стаў масавай з’явай і падтрымліваўся парт.-дзярж. структурамі, але ў 1930-я г. пачаў згортвацца. З 1920-х г.бел. зямляцкія згуртаванні дзейнічаюць у многіх краінах свету (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1956 у Польшчы заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Беласток). У 1990-я г.бел. зямляцкі рух аднавіўся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Таліне, Рызе, Кішынёве, Львове, Алматы, Новасібірску, Якуцку і інш. гарадах у форме бел. нацыянальных культ.-асв. т-ваў, клубаў, гурткоў моладзі. У 1990 створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Р (Izmir),
горад на З Турцыі, адм. цэнтр іля Ізмір, на ўзбярэжжы Эгейскага м. 1757 тыс.ж. (1990). Гал. па экспарце і другі (пасля Стамбула) па імпарце порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна (тытунь, бавоўна, вінаград, алівы, збожжавыя). Прам-сць: харч., тэкст., дывановая, хім. (суперфасфат), металургічная, маш.-буд., у т. л. суднабуд. і інш.Ун-т. Акадэмія эканомікі і гандлю. Музей. Цэнтр турызму.
Засн. як стараж.-грэч. калонія ў 2-м тыс. да н.э. пад назвай Смірна. У 575 да н.э. зруйнаваны царом Лідыі Аліятам, у 4 ст. да н.э. адбудаваны. У 27 да н.э. — 324 н.э. пад уладай рымлян, пазней — Візантыі. У канцы 11 ст. захоплены сельджукамі. У 13 ст. генуэзскі порт. У 1402—03 разрабаваны Цімурам. З 1425 у складзе Асманскай імперыі, наз. І. Моцна разбураны землетрасеннямі 1688 і 1778. З канца 18 ст. адзін з эканам. і культ. цэнтраў Турцыі. У час грэка-тур.вайны 1919—22 акупіраваны грэч. войскамі. Пасля 2-й сусв.вайны порт І. — ваен.-марская база, у горадзе размешчаны штаб камандавання сухап. сіламі НАТО у Паўд.-Усх. Еўропе. Захаваліся руіны храма 7 ст. да н.э., эліністычных тэатра і стадыёна, паблізу І. рэшткі 3 акведукаў рым. часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САКІ (Kossacy),
польскія жывапісцы, бацька і сын.
Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.Сянкевіча, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Дж.Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).
А.Л.Варатнікова.
Да арт.Косакі Ф.Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.Сянкевіча «Патоп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,
беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл.Ракета).
К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв.вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв.вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.
У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс.км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,
1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп.вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв.вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л. к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Давилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Реасе Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв.вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ХРЫД (Ohrid),
горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс.ж. (1999). Чыг. ст.Міжнар. аэрапорт. Харч.прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш.арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст.н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв.вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-ДЭСА́НТНЫЯ ВО́ЙСКІ (ПДВ),
род войск, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў у тыле праціўніка. Уваходзяць у склад узбр. сіл многіх дзяржаў. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў парашутна-дэсантных, танк., артыл. і інш. войск. Зарадзіліся ў 1930-я г., найб. развіццё атрымалі напярэдадні 2-й сусв.вайны ў СССР, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Напр., у 1935 на Кіеўскіх і ў 1936 на Беларускіх манеўрах Чырв. Арміі было дэсантавана 3 тыс. парашутыстаў, 8200 чал. з артылерыяй, лёгкімі танкамі і інш. баявой тэхнікай высаджаны пасадачным спосабам. ПДВ шырока выкарыстоўваліся ў ходзе 2-й сусв.вайны. У пасляваенны час ПДВ СССР прымалі ўдзел у лакальных войнах, у т. л. ў Афганістане (1979—89), а таксама ў шэрагу вучэнняў, у т. л. на тэр. Беларусі [напр., «Дзвіна» (1970) і інш.]. ПДВ некаторых дзяржаў выкарыстоўваюцца ў аб’яднаных сілах ААН. Сучасныя ПДВ здольны хутка дасягнуць аддаленых раёнаў, наносіць нечаканыя ўдары па праціўніку, весці агульнавайсковы бой, могуць выконваць задачы са злучэннямі і часцямі інш. відаў (родаў) войск. Аснашчаны комплексам сродкаў дэсантавання людзей, тэхнікі і ўзбраення (трансп. самалёты, верталёты, парашуты, парашутныя і парашутна-рэактыўныя сістэмы, дэсантныя кантэйнеры, платформы для скідвання тэхнікі, узбраення і інш.). Ва Узбр. Сілах Беларусі на базе ПДВ (паветрана-дэсантная дывізія і інш. часці) у 1995 створаны мабільныя сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),
1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.
2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.
Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв.вайныВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв.вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз.паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс.т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.
Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПСінш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт.Авіяцыя.